Мараць пра гэта, упэўнена, не толькі жанчыны, але і кожны свядомы чалавек нашай невялікай міралюбівай шматпакутнай рэспублікі. Мы заўсёды цанілі і будзем цаніць мір і памятаць тую цану, якую заплацілі за сваю незалежнасць. І будзем гэтую незалежнасць захоўваць і абараняць. Сілы і сродкі для гэтага ў нас ёсць. Упэўнена, для кожнага маладога чалавека быць абаронцам сваёй Айчыны з’яўляецца не толькі абавязкам, але і гонарам.
- Сёння ў Беларусі праходзяць планавыя мерапрыемствы па прызыве грамадзян на тэрміновую воінскую службу і службу ў рэзерве. Праводзяцца яны і на тэрыторыі Бярэзінскага раёна, – расказвае начальнік абасобленай групы ваеннага камісарыята Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў Максім Клюеў. - Гэтымі днямі юнакі, якія дасягнулі 18-гадовага ўросту, а таксама асобы старэйшых узростаў, якія страцілі права на адтэрміноўку, праходзяць медыцынскія агляды, у ваенных камісарыятах усебакова вывучаюцца іх маральныя і дзелавыя якасці, з улікам якіх будуць камплектавацца воінскія часці.
Сёлетняй вясной Узброеныя Сілы папоўняцца 1500 прызыўнікамі – ураджэнцамі Мінскай вобласці, паведаміў намеснік начальніка напрамку ідэалагічнай работы і сацыяльнай абароны ваеннага камісарыята Мінскай вобласці падпалкоўнік Уладзімір Сыпаў.
Ён паведаміў, што ў ходзе медыцынскага абследавання прызыўнікоў будуць прад’яўляцца новыя патрабаванні да стану іх здароўя для праходжання ваеннай службы. Змяненні гэтых патрабаванняў былі накіраваны ў першую
чаргу на павелічэнне магчымасцей паступлення грамадзян у ваенныя навучальныя ўстановы, а таксама на ваенную службу па кантракце, у тым ліку грамадзян, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў
рэзерве.
Галоўным і нязменным патрабаваннем прызыву грамадзян, падкрэсліў ён, з’яўляецца якасць прызыўнога кантынгенту. Бо менавіта яму праз некаторы час, прыняўшы Ваенную прысягу, належыць сцерагчы мірную працу і спакой грамадзян нашай краіны.
Прызыўнікі аб службе ў арміі ведаюць не па чутках, прыкладам для многіх з‘яўляюцца іх бацькі і старэйшыя браты, якія паспелі ўжо прайсці воінскую загартоўку, сфарміравацца як асобы, у поўнай меры праявіць свой патрыятызм у адносінах да Радзімы.
- Служба ў арміі дала для мяне многае, - расказвае наш зямляк Павел Ермачонак. – У тым ліку і ўсведамленне таго, што менавіта мы, вайскоўцы, з’яўляемся гарантам захавання міру і спакою на роднай зямлі. А гэта вельмі адказна і ганарова адначасова. Прайсці армейскую школу вельмі важна, у першую чаргу для самазацвярджэння. Асабіста для мяне служба Айчыне працягваецца і сёння, але ў іншай якасці: я стаў работнікам праваахоўных органаў, з‘яўляюся сяржантам адзялення дэпартамента аховы. Міліцыянерам групы затрымання працуе ў Дэпартаменце аховы і мой бацька. І мы ганарымся тым, што зняўшы ваенную форму, застаёмся на пасту аховы правапарадку.
Вось так склаўся лёс былога вайскоўца. Якім жа будзе ён для сённяшніх прызыўнікоў, тых, у каго воінская служба яшчэ наперадзе?
- Лічу, што кожны мужчына павінен умець абараняць сваю Радзіму і любіць яе, - дзеліцца сваімі думкамі Аляксей Пратачук. – Гэтай вясной я стану салдатам і ганаруся гэтым. Ва Узброеныя Сілы іду ўжо пасля заканчэння Клічаўскага аграрна-тэхнічнага каледжа, які закончыў гэтымі днямі. Спадзяюся, што набытыя мною навыкі тэхніка-механіка абавязкова спатрэбяцца ў час службы. У дадатак я атрымаю яшчэ і ваенную спецыяльнасць, набуду навыкі валодання зброяй і абароны рубяжоў. Армія – магутная сіла, і мець дачыненне да яе, з‘яўляцца салдатам, якому давяраюць мір, бязмежна ганарова.
Так, Узброеныя Сілы Беларусі сёння папаўняюцца новымі прызыўнікамі. Разам са сваімі паплечнікамі – салдатамі ранейшых прызываў і афіцэрамі – яны будуць несці адказную вахту на рубяжах Айчыны.
У іх руках сённяшні дзень нашай краіны і наступныя светлыя мірныя досвіткі, дзіцячы смех, радасць у сем’ях. І мы верым, што пакуль нашы ўчарашнія хлопчыкі сочаць за захаваннем міру, стаяць на яго ахове, мы можам быць спакойнымі. Бо мы ўпэўнены ў іх, у нашых дзецях, ганарымся імі, любім іх – такіх розных і шчырых, якія сёння ўяўляюць сабой вялікую і магутную сілу пад назвай АРМІЯ.
А значыць, армія – гэта часцінка кожнага з нас. І калі мы паважаем сябе, такія ж адносіны мы павінны праяўляць і да яе.
Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ,