Увод – у 3 квартале 2022 года
– На названым участку распачата будаўніцтва новага пажарнага дэпо раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Гэты аб’ект уключаны ў абласную праграму, ініцыятарам яго ўзвядзення стала абласное ўпраўленне па надзвычайных сітуацыях.
Генеральным падрадчыкам пасля абавязковай працэдуры закупкі (а ў ёй прымалі ўдзел 7 прэтэндэнтаў) вызначана
ААТ “Мінскпрамбуд”. Работы распачаліся сёлета ў чэрвені і па праекце іх правядзенне разлічана на 14 месяцаў. Такім чынам, ужо ў трэцім квартале наступнага года названы аб’ект будзе здадзены ў эксплуатацыю.
Перш чым прыступіць непасрэдна да правядзення будаўніцтва, мы выбралі адпаведны праект, які поўнасцю адпавядаў бы патрабаванням і запытам выратавальнікаў, ствараў для іх службы належныя ўмовы. Як указана ў праекце, “Пажарнае дэпо прызначана для захоўвання аўтамабільнай тэхнікі, спецыяльнага абсталявання для папярэджвання і ўхілення надзвычайных сітуацый, забеспячэння вытворчага персаналу бытавымі і вытворчымі памяшканнямі, неабходнымі для стварэння нармальных умоў для работы”.
Існаваўшае да гэтага часу дэпо маральна састарэла і не адпавядае сваім сённяшнім нормам. Новы ж будынак (дакладней, іх будзе два) стане сапраўдным упрыгожваннем для горада і па сваім архітэктурным выкананні, і па велічнай вучэбнай вежы, якая будзе ўзвышацца больш як на 24 метры і стане самым высокім збудаваннем горада.
Месца для новабудоўлі, лічу, выбрана аптымальнае (першапачаткова разглядаліся некалькі варыянтаў, адным з якіх быў і цэнтр горада; па шэрагу прычын ад іх давялося адмовіцца).
Па-першае, дэпо размесціцца ў прамысловай зоне райцэнтра, па-другое, захоўваецца абавязковае патрабаванне аб тым, што да крайняй кропкі горада ад яго павінна быць не больш трох кіламетраў, па-трэцяе, тут найбольш аптымальны варыянт падвядзення камунікацый і, па-чацвёртае, менавіта гэты квартал Беразіно з’яўляецца мікрараёнам далейшай забудовы. Так, ужо зараз распачата ўзвядзенне аднаго з жылых дамоў на перакрыжаванні вуліц Красіна і Дзяржынскага.
Асобна хочацца сказаць аб выканаўцах работ. Ходам і якасцю будаўніцтва мы, як галоўны заказчык, задаволены. На будаўнічай пляцоўцы захоўваецца адпаведны парадак, сам працэс кантралюецца камерамі відэаназірання, захоўваюцца нормы і правілы аховы працы. Работы вядуцца строга ў адпаведнасці з праектам і абумоўленымі тэрмінамі.
Завяршаецца каменная кладка
А вось што паведамілі рэдакцыі самі будаўнікі – старшы майстар будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства БУ-21 ААТ “Мінскпрамбуд” Юрый Гарбуноў і майстар гэтага ж БУ Ігар Каснерык:
– Будаўніцтва распачыналася традыцыйна з падвядзення неабходных камунікацый (гэту справу мы завяршаем) і бетонных работ. Катлаван для будучага будынка мы не рабілі – наадварот, праектам прадугледжаны лентачны падмурак. Як вы бачыце, будаўнічая пляцоўка мае істотную пясчаную падушку, якая зроблена па ўзроўню дарогі, і на гэтым “узвышэнні” і будзе “расці” пажарнае дэпо.
Аб’ект уключае ў сябе двухпавярховы адміністрацыйна-бытавы будынак з месцамі для захоўвання аўтамабіляў і бокс – таксама для пажарнай тэхнікі, тут жа размесцяцца мыйка, тэхнічныя памяшканні, памяшканні для выпрабоўвання абсталявання і г.д.
У комплекс уваходзіць таксама і трэніровачная вежа, якая стане сапраўдным упрыгожваннем дэпо і, думаю, горада ў цэлым. Будуць абсталяваны таксама спартыўная пляцоўка, бетонныя дарогі па тэрыторыі дэпо, паркоўка, клумбы… Асноўныя будаўнічыя матэрыялы – гэта цэгла, газасілікат, металачарапіца, у якасці аддзелкі будзе выкарыстоўвацца тынкоўка з уцяпленнем.
А ў далейшым тут вырасце свой гарадок з 11 шматпавярховак і шэрагу аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Зараз якраз распрацоўваецца план дэталёвай планіроўкі гэтага мікрараёна.
Зараз завяршаецца каменная кладка блока гаражоў, часткова ён перакрыты, прыступаем да выканання парапетаў з цэглы, у студзені пачнём дахавыя работы. Ідзе кладка і на адміністрацыйным будынку, але з-за таго, што ён двухпавярховы, работы на ім яшчэ не завершаны.
Штодзень задзейнічана каля трыццаці чалавек – гэта дзве брыгады муляраў і будаўнічыя рабочыя. Справы ідуць, як кажуць, у рабочым парадку. Ход работ пастаянна знаходзіцца на кантролі не толькі заказчыка і будучых гаспадароў – выратавальнікаў, але і непасрэдна нашага кіраўніцтва. Пад увагай не толькі тэмпы, але таксама якасць работ, тэхніка бяспекі, бытавыя ўмовы. І хаця наш офіс знаходзіцца за сотню кіламетраў адсюль, гэтая адлегласць перашкодай не з’яўляецца. Дарэчы, Беразіно – не адзіны аб’ект “Мінскпрамбуда”. Асноўны з іх – новы мікрараён забудовы непадалёк ад Плошчы Перамогі ў Мінску, аналагаў якому ў Беларусі яшчэ не было.
За сваю работу сорамна нам не будзе. Навасёлам-выратавальнікам мы жадаем добрай і лёгкай службы, няхай як мага радзей у вас здараецца патрэба выязджаць па сігнале трывогі.
Рыхтуемся да наваселля
Вядома ж, рыхтуючы гэты матэрыял, мы не маглі не звярнуцца за каментарыем і да начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалая Андрыевіча.
– Існуючы будынак пажарнай выратавальнай часці і аддзела, – адзначыў ён, – пабудаваны ў 1957 годзе, даволі працяглы час знаходзіцца ў эксплуатацыі і не адпавядае цяперашнім патрабаванням. Сапраўды, у нас рэгулярна з’яўляецца новая высокагабарытная велікагрузная тэхніка, якую неабходна захоўваць у адпаведных умовах і адпаведных боксах, новае абсталяванне, новыя задачы перад службай выратавання і новыя магчымасці. Яшчэ адна акалічнасць заключаецца ў тым, што ў новым пажарным дэпо запланавана набыццё і пастаноўка на баявы разлік аўтамабіля з пажарнай лесвіцай. А гэта дазволіць нашаму гораду развівацца, набываць новае аблічча, ісці наперад і будаваць нават 7-павярховыя гмахі. Наяўнасць пажарнай лесвіцы дасць нам магчымасць аказваць дапамогу і ратаваць людзей з будынкаў павышанай павярховасці (больш 5 паверхаў).
Зусім іншымі стануць таксама і ўмовы для нясення службы, для спартыўных заняткаў і падтрымання свайго фізічнага ўзроўню (100-метровая паласа з перашкодамі, спецыяльная паласа для падрыхтоўкі газадымаабаронцаў, дымакамера). У новым дэпо, наогул, запланавана ўсё па-сучаснаму – спецыяльныя мыйкі для аўтамабіляў, спецыялізаваныя памяшканні для іх абслугоўвання, вучэбны клас, актавая зала, памяшканне для адпачынку асабовага складу. Адпавядаць патрабаванням сённяшняга дня стане і цэнтр аператыўнага кіравання.
Будаўнічыя работы распачаліся гэтым летам, а ў трэцім квартале наступнага года пажарнае дэпо павінна ўступіць у строй. Дарэчы, хачу падкрэсліць, што ініцыятыва будаўніцтва гэтага аб’екта і вялікая заслуга ў тым, што ён сёння ўзводзіцца, належыць асабіста начальніку Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Сяргею Лапановічу. І Бярэзінскі раён у гэтым плане не першы. Аналагічнае дэпо летась пабудавана ў Лагойску, сёлета новая пажарна-выратавальная часць здадзена ў Радашковічах Маладзечанскага раёна, на стадыі праектавання знаходзіцца Пухавіцкае пажарнае дэпо.
Як бачым, клопат аб бяспецы людзей мае не толькі заяўны характар, а ажыццяўляецца на справе, дае магчымасць больш аператыўна рэагаваць на надзвычайныя здарэнні, пашыраць формы аказання дапамогі тым, хто трапіў у бяду і пацярпеў не толькі ад вогненнай стыхіі. Новае пажарнае дэпо будзе садзейнічаць гэтаму ў поўнай меры. А тое, што яно ў дадатак да гэтага стане яшчэ і ўпрыгожаннем нашага горада, дасць больш шырокія магчымасці для яго далейшага развіцця і росквіту, не можа нас не радаваць. Ці не так?
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара