Многія бярэзінцы ведаюць гэтую прыгожую жанчыну ў твар, бо не раз бачылі яе на сцэне раённага цэнтра культуры, на многіх святочных мерапрыемствах і ў якасці вядучай, і ў якасці кіраўніка сямейна–абрадавага ансамбля “Радзіна”, і як дырэктара Новінскага СДК, і як захавальніка даўніх народных традыцый. А яшчэ яе можна ўбачыць на вялікім білбордзе, што размешчаны ў Беразіно на фасадзе цэнтра культуры, які сімвалізуе гасціннасць і добразычліваць нашага краю. Завуць яе Святлана Клімовіч.
На жаль, як гэта нярэдка здараецца, пра людей такога кшталту, публічных людзей, якія радуюць вока гледачоў, мы мала што ведаем, імкнёмся стварыць такі вобраз недатыкалькасці, загадкавасці і стараемся не пераступаць гэтую мяжу. Маўляў, і так відаць: свой чалавек, наш, бярэзінскі энтузіяст! Яно ўсё так. Але часткова. Сапраўда, талент, няўрымслівасць і здольнасці Святланы Анатольеўны ўражваюць. Шмат чаго зрабіла і робіць яна для праслаўлення нашага раёна, развіцця мастацкай самадзейнасці і надання новага жыцця старадаўнім святам і фальклору. Тут поўнасцю раскрыўся яе талент, які зараджаўся зусім не ў нашых краях.
На Бярэзіншчыне маленькая васьмігадовая Света разам з сям’ёй з’явілася ў 1990–м годзе. Мала хто ведае, што яна – з ліку перасяленцаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але з памяці жынчыны і да гэтага часу не сцёрліся ўспаміны пра родны Краснапольскі раён, расказы бабулі і прабабулі аб далёкім і не вельмі далёкім мінулым, пра беды, якія прынесла сям’і Вялікая Айчынная вайна. А колькі цікавых гісторый і старажытных песень ведалі яны! Ці не тады ўжо закладвалася, фарміравалася цяга да народнай творчасці і фальклору?
У больш свядомым плане стала праяўляцца цікавасць да гэтага віду мастацтва ўжо на Бярэзіншчыне. Менавіта ў той час і набывае Святлана сваю адукацыю культастветработніка ў Магілёўскім вучылішчы імя Н. Крупскай (пазней была і вучоба ў Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў). Тут жа, у нашым раёне знаходзіць яна і сваю другую палавінку, свайго Анатоля.
– Напэўна, грэх так казаць, – расказвае яна, – але менавіта дзякуючы таму, што мы сталі перасяленцамі, я і набыла сваё сямейнае шчасце. Сёння без сваёй сям’і, без сваёй работы, без Бярэзіншчыны не ўяўляю свайго жыцця.
Святлана і Анатоль гарманічна дапаўняюць адзін аднаго, вельмі падобны ў сваіх памкненнях і поглядах на жыццё. Нават імёны па бацьку ў іх аднолькавыя: Анатольевічы. Іх творчы тандэм дапаўняюць трое дзетак. Яны не толькі самыя любімыя ў бацькоў члены дружнай сям’і, а і пастаянныя ўдзельнікі шматлікіх мерапрыемстваў і свят, добра вядомых ансамбляў “Радзіна” і “Валошкі”, спевакі, танцоры, спартсмены, памочнікі.
Хочацца расказаць пра кожнага члена гэтай мнагадзетнай сям’і больш падрабязна.
Бацька, Анатоль Клімовіч не менш заўзяты аматар культуры, чым яго палавінка. Таксама мае спецыяльную адукацыю. Паплечнік Святланы на працы. А на якіх толькі музычных інструментах не грае! Арганізатар, акампаніятар, актыўны ўдзельнік усіх культурных падзей на вёсцы. Займаючыся гаспадаркай, знаходзіць час на сваё захапленне пчалярствам. Мядок які ў яго!
Старэйшы сын Аляксей днямі атрымаў позву ў ваенкамат, праходзіць медкамісію і нацэлены адслужыць прызначаны тэрмін разам са сваімі аднагодкамі. З працаўладкаваннем пакуль, відаць, давядзецца пачакаць. Хаця канкрэтнае месца работы ўжо вызначана: пасля таго, як атрымаў дыплом інжынера пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна–тэхнічага ўніверсітэта (не па бацькоўскіх слядах пайшоў), размеркаваны ў УП “АграМАЗ”. Вопыт работы з тэхнікай юнак набываў не толькі ў час вучобы, але і на практыцы, працуючы ўлетку на збожжаўборачным камбайне.
Яніна – сёлетняя выпускніца Паплаўскай школы. Мае шырокі спектр захапленняў і талентаў. Закончыла музычную школу, вучылася і па класе харэаграфіі. Яе сцэнічны талент і ўменне трымацца перад публікай летась высока ацаніў сам Дзмітрый Калдун, калі прыязджаў у школу і ладзіў там мерапрыемства. Да таго ж, Яніна сёлета прызнана вучнем года Мінскай вобласці. Сёння дзяўчына знаходзіцца на раздарожжы ў пошуках будучай прафесіі. Многае, лічыць яна, будзе залежыць ад тэсціравання і яго вынікаў.
Самы малодшы ў сям’і – дзесяцігадовы Цімафей. Усеагульны любімчык. Нягледзячы на юны ўзрост, чалавек ён удумлівы, эрудзіраваны і цікаўны (хаця іншы раз можа дазволіць сабе і дробнае свавольства, за што і атрымлівае ”на арэхі”). У адрозненні ад сваіх аднагодкаў аддае перавагу кнігам. Асабліва падабаюцца літаратура і пазнавальныя перадачы пра гісторыю, навакольнае асяроддзе, жывёл. Часам сам, а іншы раз разам з сястрычкай, стварае невялікія сюжэты для блога, але пакуль што не выкладвае іх у інтэрнэт. Чым дзеліцца юны блогер, раскрываць тайну не будзем, усяму свой час.
Вось такія яны, Клімовічы, кожны паасобку. А ўсе разам – вялікая і назейная сіла, сям’я аднадумцаў, творчасці і таленту, якія яны назапашваюць у сабе, якімі яны дзеляцца з іншымі, якія, верыцца, перададуць як каштоўную спадчыну далей, каб не забываліся нашы слаўныя карані, наша паходжанне, наша нацыянальная культура, наша багатая гістарычная спадчына.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.