Найбольш важнай падзеяй стала, напрыклад, тое, што прадпрыемства з 1 верасня было ў чарговы раз рэфарміравана і набыло статус Бярэзінскага вытворчага ўчастка філіяла “Здравушка-мілк” ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”. Крыху раней выконваць абавязкі кіраўніка калектыву стаў Сяргей Уладзіміравіч Гарбуноў. Яшчэ адной навіной стаў факт таго, што бярэзінская прадукцыя пашырыла рынак збыту да васьмі краін свету і зараз пачала паступаць у такія краіны, як Сінгапур і Філіпіны.
Аднак названыя факты ніякім чынам не адбіліся на асноўнай рабоце калектыву, які вось ужо каторае дзесяцігоддзе радуе сваіх пастаўшчыкоў і спажыцоў высакаякаснай прадукцыяй, не раз адзначанай на многіх прэстыжных міжнародных конкурсах, па-ранейшаму застаецца працавітым і маналітным, паспяхова выконвае даведзеныя планы і заданні, працуе ў зададзеным рытме і без прастояў. І гэта добра відаць па загружанасці ліній прадпрыемства. Так, цэхі па выпуску масла і сухіх малочных прадуктаў (сухіх малака і сыроваткі) маюць поўную загружанасць. Ды і сыраварам, якім у большасці сваёй даводзіцца падстройвацца пад пакупніка і яго заказы, таксама спраў штодзень хапае.
Аператар цэнтралізованай мыйкі Святлана Барбарчык, апаратчык пастэрызацыі малака і сыру Ірына Шынкевіч
Уявіце сабе, за 10 месяцаў тут выпрацавана 2293,4 тоны масла жывёльнага, 2288,6 тоны розных гатункаў сыроў, 4177,1 тоны сухога абястлушчанага малака і 5349,8 тоны сыроваткі.
У асартыменце бярэзінскіх працаўнікоў аж 12 відаў сыроў. Тут сталі выпрацоўваць “Белорусское золото”, прыступілі да выпуску сыру “Тирамису” з масавай доляй тлушчу 50% (астатнія віды ўтрымліваюць 45%), аднавілі “Мраморный”, “Сыр с пожитником и ароматом грецкого ореха”, пастаянна забяспечваюць пакупнікоў упадабанымі ўжо “Голландский” і “Пармезан деЛюкс”. На лінейцы масларобаў – салодка-сметанковае масла тлустасцю 82,5 і 72,5%, якое выпускаецца як фасаваным, так і блокамі. Не так даўно па заказе арганізоўвалі выпуск салёнага масла тлустасцю 80,5%, у праектах выпрацоўка масла тлустасцю 84%.
Сырароб Марына Свіршчэўская
Такім чынам, мы бачым, што бярэзінскі вытворчы ўчастак і яго працаўнікі знаходзяцца ў пастаянным пошуку найбольш эфектыўнага выкарыстання магутнасцей прадпрыемства і існуючага на ім абсталявання, аператыўна адгукаюцца на попыт таго ці іншага віду прадукцыі і якасна выконваюць паступаючыя заказы, нягледзячы на рознага роду палітычныя санкцыі да нашай краіны, застаюцца эканамічна моцнымі і стабільна працуючымі.
Дарэчы, наш вытворчы ўчастак прадукцыяй забяспечваюць не толькі работнікі ферм Бярэзіншчыны. Сюды паступае малако і з шэрагу гаспадарак суседніх раёнаў – Барысаўскага, Чэрвеньскага, Дзяржынскага, Стаўбцоўскага. Паступаючых аб’ёмаў дастаткова для поўнай загружанасці прадпрыемства.
Лабарант-радыёметрыст Валянціна Царова, кантралёр харчовай прадукцыі Наталія Паланевіч
І гэтым вельмі задаволены яго работнікі, якія не любяць сядзець без справы. А выдатных працаўнікоў тут шмат. За плячыма ў іх не толькі вялікі вопыт шматгадовай працы ў галіне, але і любоў да абранай прафесіі, прынцыповая адказнасць за яе вынікі. Сфарміраваны дзесьці ў пачатку 90-х гадоў касцяк калектыву застаецца нязменным, і кожны з працуючых тут – сапраўды, Асоба! За прыкладамі для пацвярджэння гэтых слоў хадзіць далёка не трэба. Старшы майстар вытворчага ўчастка Ірына Гайдук. На вытворчасці жанчына каля 40 гадоў, і за гэты час прайшла ўсе ступені прафесійнага росту, дакладна вывучыла ўсю тэхналогію вытворчасці. Не менш паважна адзываюцца тут і пра вядучага інжынера-энергетыка Сяргея Драко. Нездарма ж яму напярэдадні прафесійнага свята была ўручана грамата КУП “Мінаблмясамалпрама”. Раённы выканаўчы камітэт адзначыў таксама інжынера-механіка Сяргея Бурага і вядучага інжынера-тэхнолага Валянціну Марчанка. Яшчэ шэсць працаўнікоў за добрасумленную і эфектыўную работу на прадпрыемстве, выкананне працоўных абавязкаў, захаванне правілаў тэхнікі бяспекі і аховы працы занесены на Дошку гонару “Здравушкі-мілк” са штомесячнай выплатай ім на працягу года дзвюх базавых велічынь у дадатак да зарплаты.
Славіцца калектыў і сваімі працоўнымі дынастыямі. Цэнтральнай фігурай адной іх з’яўляецца майстар прыёмна-апаратнага масларобнага аддзялення Вера Паланевіч. Бухгалтарам працуе яе сястра Ганна Шупа, майстрам вытворчасці цэха сухога абястлушчанага малака – пляменнік Павел Шупа, лабарантам лабараторыі – нявестка Наталія Паланевіч. Добра вядомы на прадпрыемстве і многія іншыя прадстаўнікі “сямейнага падраду” – сем’і Мірановічаў, Бондараў, Благародных, Марчанкаў, Дудко…
Аператар фасовачна-упаковачных машын Алег Лясун, майстар вытворчасці СМП Павел Шупа
Вызначаюцца бярэзінскія сыраробы не толькі сваёй працавітасцю і адданасцю прафесіі, а яшчэ і згуртаванасцю. Колькі сумесных мерапрыемстваў ладзяць яны штогод, у якіх толькі куточках Беларусі не пабывалі, на якіх канцэртах і спектаклях не былі гледачамі! Яшчэ адна адметнасць калектыву кідаецца ў вочы, калі наведваеш прыёмную кіраўніка прадпрыемства – вялікая колькасць кубкаў і ўзнагарод за спартыўныя поспехі і дасягненні. Апошнім з іх было першае месца ў раённых спаборніцтвах сярод сандружын і імкненне адстойваць гонар раёна на абласным першынстве. Нялішнім будзе дадаць і той факт, што адзін з маладых працаўнікоў прадпрыемства, апаратчык Іван Навумаў (дарэчы, ён да таго ж і выдатны спартсмен) учора прадстаўляў вытворчы ўчастак на раённым конкурсе “Містар Аграпрам”, пра вынікі якога мы абавязкова раскажам.
Майстар-маслароб Людміла Букатая, маслароб Вераніка Цэдрык
Як бачым, калектыў бярэзінскіх сыраробаў мае і сваю гісторыю, і сваіх прыхільнікаў, і сваіх герояў, і свае слаўныя традыцыі. І галоўнай з іх з‘яўляецца працавітасць. Ёй падуладны кожны член калектыву, бо менавіта такая высакародная аўра пасялілася і вітае ў сценах гэтага прадпрыемства.
Прыёмшчык малочнай прадукцыі Лізавета Кавалькова
Дарагія калегі і ветэраны працы Бярэзінскага вытворчага ўчастка філіяла “Здравушка-мілк” ААТ “Слуцкі сыраробчы камбінат”!
Ад усёй душы віншуем вас з прафесійным святам – Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Вялікі вам дзякуй за добрасумленную працу і клопат, якія вы ўкладваеце ў сваю нялёгкую працу.
Жадаем паспяхова пераадольваць усе перашкоды на вашым жыццёвым шляху, дакладна ісці да пастаўленых мэт! Няхай ваша жыццё будзе поўным любові, дабрыні і шчасця! Гармоніі ў сем’ях і фінансавага дабрабыту, стабільнай працы і лёгкіх будняў!
Адміністрацыя і прафкам.
* Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.