Самы прадстаўнічы - бярэзінскі раён
Найбольш прадстаўнічай дэлегацыяй на мерапрыемстве аказаўся Бярэзінскі раён. На фестываль прыехалі 70 артыстаў, якія прадстаўлялі адразу некалькі творчых калектываў. Так, цэлую сямейную дынастыю работнікаў культуры складае сям’я Клімовічаў з вёскі Новіны. У складзе яе адразу некалькі пакаленняў. Самыя малодшыя з іх – школьнік Цімафей і я – першакурсніца факультэта журфака БДУ. Аднак ні школьная занятасць, ні безліч студэнцкіх спраў не перашкаджаюць нам рэпеціраваць у родным Доме культуры.
Душа калектыву - Ніна Клімовіч
На сцэне мы, лічы, з самага дзяцінства. Асабіста я з трох гадоў спяваю і танцую ў складзе ўзорнай фальклорнай групы «Валошкі». Ды і ўся наша сям’я творчая. Матуля – дырэктар Новінскага СДК, тата-акампаніятар, а бабуля – Ніна Дзмітрыеўна – нязменны кі-раўнік нашага калектыву, які вось ужо шмат гадоў радуе сваімі задушэўнымі народнымі спевамі людзей.
Менавіта дзякуючы ёй народны сямейны гульнёва-абрадавы гурт “Радзіна” Новінскага сельскага Дома культуры лічыцца адным з сапраўдных брэндаў Бярэзінскага раёна. Без яе выступленняў сёння не абыходзіцца ніводнае раённае ці абласное свята. А ўсё таму, што Ніна Дзмітрыеўна здолела захапіць творчай справай усю нашу сям’ю.
У 1983 годзе, яшчэ працуючы на пасадзе кіраўніка сельскага Дома культуры, яна стварыла калектыў “Крынічанька”. Ансамбль праіснаваў да 2007 года.
– Вырашылі атрымаць званне народнага, – расказвае Ніна Дзмітрыеўна. – Падрыхтаваліся, запрасілі камісію і выступілі перад ёй з кірмашовай праграмай. Але на той момант у калектыве былі ўжо дзеці, нявесткі, сваты, унукі, пляменнікі, кумы. Таму і надалі яшчэ статус сямейнага. Ды і назву выбралі адпаведную “Радзіна”.
А яшчэ “Цягнуць Каляду на дуба”
Сваё высокае прызначэнне самадзейныя спевакі і музыканты гурта “Радзіна” бачаць ў тым, каб захаваць для нашчадкаў бязмежнае багацце народнага фальклору, нацыянальную самабытную культуру і спрадвечныя сямейныя каштоўнасці. Таму вялікая ўвага надаецца фальклорна-абрадавай дзейнасці. У скарбонцы “Радзіны” - абрады: “Зялёныя святкі”, “Зажынкі”, “Дажынкі”, “Калядныя шчадроўкі”, “Хрэсьбіны”, “Сватанне”, “Вяселле”, “Кірмаш”, а таксама старажытны абрад “Цягнуць Каляду на дуба”, які ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Рэпертуар гурта складаюць ў асноўным беларускія народныя і жартоўныя песні, гумар.
15 мая 2022 года калектыў адзначыў свой 15-гадовы юбілей з дня заснавання.
Радуюць “Радзіну” і поспехі пераемнікаў – узорнага фальклорнага дзіцячага калектыву “Валошкі”, пад кіраўніцтвам загадчыка Новінскага сельскага Дома культуры Святланы Клімовіч. Тут дзяўчынкі і хлапчукі разам са старэйшымі вывучаюць беларускі фальклор, танцы і спевы, святы і абрады.
На рахунку калектываў – удзел у акцыях, тэлепраектах “Наперад ў мінулае”, “Хата на хату”, канцэртах, форумах, фестывалях, конкурсах, як раённага, так абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
“Простае шчасце...”
Праўда, сёлетні фестываль для мяне асаблівы, бо я выступаю ў ролі нявесты. А жаніх у мяне – Мікіта Васілеўскі. Дарэчы, ён служыць у міліцыі.
– Я з 6 гадоў займаюся народнымі танцамі і цяпер гэта маё хобі, – прызнаецца малады чалавек. – Асабліва мне падабаецца выступаць у нацыянальных строях.
– Мы вельмі любім фестываль «Напеў зямлі маёй» і пастаянна бяром у ім удзел, – зазначыў рэжысёр-пастаноўшчык Бярэзінскага раёна Ігар Гелдмынскі. – Не раз вярталіся з яго з прэстыжнымі дыпломамі. Тут мы традыцыйна выступаем у самых розных жанрах. Фестывальны нумар народны, завязаны больш на аўтэнтычным фальклоры, на той культуры беларусаў, якая існавала ў вёсках нашага роднага раёна. У адной дзеі мы злучылі некалькі сямейных абрадаў.
Захаваць і памножыць народнае багацце
3 снежня на XVIII абласным фестывалі народнай творчасці “Напеў зямлі маёй” творчыя калектывы Бярэзінскага раёна выступілі з нумарам “Простае шчасце…” і сталі лаўрэатамі I ступені. Раён прадстаўлялі народны сямейны гульнёва-абрадавы гурт “Радзіна” і ўзорны фальклорны дзіцячы калектыў “Валошкі” Новінскага СДК, вакальны калектыў “Славяначка” Любушанскага СДК, узорны ансамбль танца “Вясёлка”, калектыў эстраднага танца “Яркія фарбы” Бярэзінскага РЦК і народны інструментальны ансамбль педагогаў “Арт-Нюанс” Бярэзінскай дзіцячай школы мастацтваў.
А куды ж накіраваўся галоўны падарунак фестывалю – аўтобус? На ім дамоў адправі-лася дэлегацыя Салігорскага раёна. Ды і ўсе ўдзельнікі мерапрыемста вярталіся дамоў не з пустымі рукамі, а са святочным настроем, упэўненасцю ў важнай справе захавання народнай творчасці і вялікім жаданнем не спыняць памнажэнне нашай аўтэнтычнай спадчыны.
Яніна КЛІМОВІЧ.