Ой, калядачкі, вы хутчэй, хутчэй!

Date 05.01.2023 Man
Comment 1021
Ой, калядачкі, вы хутчэй, хутчэй!

Для нашых продкаў Каляды без перабольшання былі часам цудаў і прымірэння, бо людзі станавіліся бліжэй адзін да аднаго, не шкадавалі дзяліцца з бліжнім радасцю і каларытам сваіх святочных традыцый.

Прыбраць хату, упарадкаваць ураджай

Што значылі для беларусаў Каляды? Яны завяршалі ўсе будзённыя клопаты і ад працы дазвалялі перайсці да адпачынку. Скончыліся земляробчыя турботы, упарадкаваны ўраджай, пастаўлена кропка ў вырабе тканін і пашыве адзення, таму з хаты, са двара гаспадары спяшаліся прыбраць усё, што нагадвала б аб працоўным напружанні. Жанчыны разбіралі кросны, чыста мылі кожны вугал хаты, вымяталі падлогу — такое рабілася толькі да вялікіх свят, да якіх і адносіліся Каляды.

Сваё святочнае меню

Каб свята ўдалося, кожная гаспадыня прадумвала сваё меню: яно магло быць розным, усё залежала ад дастатку – былі сем’і, дзе да зімы забівалі свінню, і тады можна было разлічваць на мясное багацце, а былі і тыя, каму нават хлеба не хапала.

Але ж па традыцыі продкаў на зімовы святочны стол кожны стараўся паставіць лепшае. Павінна было быць абавязкова 12 разнастайных страў. Гаспадары крыху мянялі інтэр’ер хаты: упрыгожвалі мэблю рушнікамі, на вокнах – прыгожыя фіранкі, на стале – абавязкова святочны абрус. Пад абрус клалі сена – каб стол заўсёды «біўся» ад ежы і гаспадары былі сытыя.

Куцця

Сімвалічную страву – салодную кашу са збожжа і з салодкім пітвом – ставілі не толькі на стол для сябе, але і на падаконнік. Заклікалі: «Мароз, ідзі да нас куццю есці!» Такі рытуал быў накіраваны на запрашэнне патаемных сіл, сваіх продкаў, у іх людзі прасілі поспеху на наступны год, добрага ўраджаю, багатай плоднасці хатніх жывёлін.
Калядоўшчыкі

Мары пра будучы ўраджай у беларускай сялянскай хаце ўвасаблялі і рытуалам з удзелам дзяцей. Малым сыпалі пад стол семкі ці зерне, дзеці падбіралі іх і павінны былі квахтаць. Лічылася, што так у хату прыходзіць дабрабыт і багацце. Сяляне вельмі верылі і ў тое, што добрую будучыню ў хату прыносяць калядоўшчыкі.

Адна з самых старажытных традыцый, якая жыве па сённяшні дзень, — вясёлыя пераапрананні, хаджэнне па вёсцы пад сімвалічнай Віфлеемскай зоркай, груканне ў дзверы кожнай хаты, спяванне калядак, збор пачастункаў у калядныя мяхі.

 

Каляды ў Новінах


Каляды святкуюцца два тыдні - з 6 студзеня - бедная каляда, або посная куцця - сямейная вячэра, на якой абавязкова ўсе стравы павінны быць посныямі.

А галоўнай стравай з'яўляецца посная каша з пярловых (ячневых) круп. На вячэру завуць Мароза: "Мароз, Мароз, ідзі куццю есці. Няйдзі, як жнуць і косяць, а йдзі, як просяць". Захавальнікамі абраду з'яўляецца народны сямейны гульнёва-абрадавы гурт "Радзiна". А пераемнікамі - узорны фальклорны дзіцячы гурт "Валошкі". У пачатку гэтага года, менавіта 6 студзеня, сям'я Клімовіч збярэ разам на сямейную вячэру ўдзельнікаў узорнага фальклорнага дзiцячага гурта "Валошкі", каб не парушыць традыцыю і перадаць яе сваім нашчадкам.

 

Галоўнае – жыць у міры і дастатку

Відавочна, правілы, прыкметы, сімвалы калядных свят былі і застаюцца прыкладна аднолькавымі. Сярод традыцый, якія каранямі ідуць са старажытнасці, — дабрачыннасць, адкрытасць, памкненне сустрэць новы час з падарункамі, па-багатаму і ў вясёлай талацэ.
Мяняліся пакаленні, былі няпростыя часы выпрабаванняў, але ў чалавека заўсёды жыло і застаецца спадзяванне на Новы, а потым Стары Новы год, на Каляды — штосьці настане лепшае, быць удачы і дабру. Няхай і нас яны і сёння не мінаюць!

Падрыхтавала Мілана ТРАПЯНОК.

Фота герояў матэрыялу.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER