І пацвярджэннем гэтых слоў з'яўляецца не толькі стабільная работа і развіццё ўзначальваемага вось ужо 18 гадоў Уладзімірам Міхайлавічам Бярэзінскага раёна газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення “Барысаўгаз”. Слава паспяховага і ініцыятыўнага кіраўніка за Абрамовічам замацавалася значна раней і крочыць з ім ужо далёка не адно дзесяцігоддзе.
Шанцавала на добрых людзей
Што ж садзейнічала станаўленню асобы гэтага чалавека? Яшчэ з дзяцінства Валодзя ўвабраў у сябе бацькаў наказ: дзе б ні знаходзіцца, заўсёды паважаць кожнага чалавека, бачыць у ім асобу і імкнуцца жыць яго інтарэсамі. Акрамя таго, ён перадаў сыну сваю працавітасць і мэтанакіраванасць пры дасягненні пастаўленай мэты, цягу да ведаў і стрыманы характар. А далей, як прызнаецца Уладзімір Міхайлавіч, яму шанцавала на добрых людзей, з якімі даводзілася працаваць. Іх багаты жыццёвы і кіраўніцкі вопыт, сумесная работа з імі давалі багаты багаж ведаў, якія з гадамі назапашваліся і ператвараліся ва ўласную жыццёвую пазіцыю.
І першай такой знакавай асобай для Уладзіміра Абрамовіча стаў дырэктар колішняй СШ №1 г. Беразіно Іван Чульба. Менавіта ён быў “першым дырэктарам”, пад кіраўніцтвам якога малады выпускнік Высакагорскай школы рабіў першыя крокі ў самастойнае жыццё ў якасці школьнага бібліятэкара. Аўтарытэт Івана Максімавіча быў вялікім не толькі ў настаўніцкім асяроддзі і працаваць побач з ім было вельмі ганарова. Тым больш, што ён ахвотна дзяліўся сваім вопытам і асновамі жыццёвага крэда.
Ступені росту
Не меншы ўплыў на нашага героя аказаў і яшчэ адзін чалавек, прозвішча якога было на слыху не толькі бярэзінцаў, а і разносілася далёка за межы раёна – Іван Іванавіч Пасюк, дырэктар (на той час) райпрамкамбіната. Менавіта ў гэтым некалі славутым калектыве стаў Уладзімір Міхайлавіч праяўляць свае вытворчыя здольнасці, будучы тэхнолагам сталярнага цэха. Вопытны кіраўнік заўважыў цікавасць маладога працаўніка, яго імкненне самазацвярдзіцца і стаць выдатным спецыялістам і ахвотна дапамагаў раскрыцца асобе.
Сваю станоўчую прыхільнасць да Уладзіміра Абрамовіча праявіў Іван Іванавіч і пазней, калі яму стаў патрэбны галоўны інжынер. Менавіта яго кандыдатуру папрасіў у райкаме партыі зацвердзіць дырэктар. Прапанова была задаволена і У. Абрамовіча, які на той час працаваў у райкаме камсамола, пераводзяць на новую пасаду.
Камсамольскі важак
А што датычыцца работы ў якасці камсамольскага лідара, то гэты час Уладзімір Міхайлавіч з непрыхаванай настальгіяй ўзгадвае і да сённяшняга дня. Відаць, з той пары і захаваліся ў ім невычэрпны камсамольскі аптымізм, вера ў высокія ідэалы, актыўная жыццёвая пазіцыя і ўсебаковая падтрымка моладзі. Якое бурлівае жыццё вёў тагачасны райкам, колькі мерапрыемстваў і працоўных дасягненняў было на рахунку моладзі Бярэзіншчыны! А якія асобы ўзначальвалі раённую камсамольскую арганізацыю! Генадзь Стрыжэвіч, Анатоль Чыжоў, Уладзімір Пыж. У гэты слаўны спіс можна смела дабавіць і прозвішча У. Абрамовіча, які з радавога інструктара вырас да другога сакратара райкама камсамола. Менавіта з гэтай пасады і быў пераведзены ён на вытворчасць.
Галоўны інжынер
А на той час у прамкамбінаце (потым ён быў рэарганізаваны ў камбінат надомнай працы, затым – у швейную фабрыку) праца кіпела на ўсю моц як у швейным, так і сталярным цэхах, дзе было занята каля 400 чалавек. Бярэзінскія вырабы разыходзіліся далёка за межы вобласці і рэспублікі, а паказчыкам высокага майстэрства швачак з’яўляўся вельмі рэдка каму прысуджваемы ўсесаюзны “Знак якасці”.
Работа ў якасці галоўнага інжынера дазволіла маладому спецыялісту (на той час ён ужо закончыў вучобу ў ВНУ і набыў спецыяльнасць эканаміста) не толькі дасканала вывучыць вытворасць і механізм яе эфектыўнай дзейнасці, але і пачаць праяўляць свае наватарскія ідэі.
Так, па ініцыятыве Уладзіміра Абрамовіча на прадпрыемстве адкрылі невялікі эксперыментальны цэх, дзе акрамя масавага пашыву трусоў, жаночых сарочак, халатаў і рукавіц-спяцовак, сталі шыць па ўласных распрацаваных эскізах і лякалах сукенкі, якія мелі павышаны попыт.
Не без удзелу галоўнага інжынера на тэрыторыі камбіната з‘явіліся новая кацельня і лазня для сваіх рабочых, а неўзабаве замест старой драўлянай крамкі побач з адміністрацыйным корпусам вырас узведзены гаспадарчым спосабам новы прасторны магазін. Перспектывай далейшай дзейнасці была прапанова І. Пасюка заняць месца дырэктара пасля яго выхаду на пенсію праз пару гадоў.
Дырэктар завода
Але лёс распарадзіўся іначай. І Уладзіміра Абрамовіча накіроўваюць узначальваць плодаагароднінны завод, які на той час знаходзіўся ў вельмі безнадзейным стане.
Няпростую задачу новы кіраўнік пачаў з аднаўлення вытворчых цэхаў і пашырэння відаў выпускаемай прадукцыі. Акрамя традыцыйных сокаў, наразнога пячэння і напітку “Бураціна”, тут сталі пасля капрамонту выпускаць гароднінныя кансервы. Іх лік дасягаў 45 відаў.
Праз нейкі час стабільна працуючаму заводу паставілі новую задачу: прыступіць да будаўніцтва новага, больш сучаснага і магутнага прадпрыемства. Яго ўзвядзенне вялося на мяжы з в. Святліца непадалёк ад сырзавода. Аднак гэтым перспектывам, на жаль, не было наканавана збыцца: з распадам Савецкага Саюза і заняпадам эканомікі будоўлю давялося згарнуць. Акалічнасцю той пары жыцця Уладзіміра Міхайлавіча быў той факт, што на час прыняцця завода было яму ўсяго 28 гадоў і ён лічыўся самым маладым кіраўніком прадпрыемства не толькі ў раёне.
Намеснік старшыні райвыканкама
Наступны віток біяграфіі, які доўжыўся 11 гадоў, быў звязаны з работай у раённым выканаўчым камітэце на пасадзе намесніка старшыні. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці становяцца эканоміка і будаўніцтва.
Так сталася, што адной з неад’емных рыс характару Уладзіміра Абрамовіча стала на кожным рабочым месцы штосьці пабудаваць. Як сам прызнаецца, без будоўлі ён не ўяўляе сабе развіцця.
Вось і падчас выканання абавязкаў намесніка старшыні выканкама ён таксама не пакідае гэтую справу: на сяле штогод здавалася не менш як па пяць камфортных домікаў, а напамінам аб тым часе ў горадзе стала ўзвядзенне жылых мікрараёнаў побач з аўта-вакзалам і штучным возерам.
Наступныя 18 гадоў
Не раз даводзілася кіраваць будаўнічым працэсам Уладзіміру Міхайлавічу і на цяперашняй пасадзе, бо першачаргова ў склад цяперашняга раёна газазабеспячэння ўваходзіў і торфабрыкетны завод, які пасля праведзенай там капітальнай рэканструкцыі атрымаў сваю самастойнасць і быў пераўтвораны ў торфапрадпрыемства “Бярэзінскае”. А колькі ж было патрачана на гэта сіл і энергіі – і не злічыць Але не гэта было галоўным. Найбольш намаганняў патрабавала да сябе поўная перабудова работы сістэмы газавай гаспадаркі раёна пры пераводзе яе на пастаўку прыроднага газу.
Кульмінацыяй тады стаў візіт на Бярэзіншчыну Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і яго ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці газаправода 16 снежня 2008 года. Пасля гэтай падзеі работа працягвалася і далей.
На сёння прыродным газам карыстаецца звыш 90 працэнтаў жыхароў горада, “блакітным палівам” забяспечаны таксама жыхары Святліцы і Паплаў, а ў адпаведнасці з генеральным планам газіфікацыі Бярэзіншчыны далучыцца да гэтай выгоды могуць і жыхары іншых вёсак, стварыўшы кааператыўныя таварыствы і падаўшы адпаведную заяўку.
Сёння Уладзіміру Абрамовічу крыху больш за 60. Ён з упэўненасцю глядзіць у заўтрашні дзень, без сораму аглядаецца на пройдзены шлях, з гонарам носіць званне аўтарытэтнага кіраўніка, даслужыўся да не менш аўтарытэтнага звання дзеда, у вольны час на невялічкім агародзе займаецца вырошчваннем кавуноў і іншых экзатычных раслін і ўпотай рыхтуе сабе дастойную змену.
Патаемнае
– Я вельмі ўдзячны за тое, што адбыўся як асоба многім людзям. У іх ліку Іван Іванавіч Пасюк, Іван Максімавіч Чульба, Уладзімір Мікалаевіч Лявоненка, Сямён Лазаравіч Фрыдлянд, Мікалай Пятровіч Грынкевіч. Іх веды і вопыт сталі для мяне прыкладам служэння роднаму краю, – дзеліцца патаемным Уладзімір Міхайлавіч. – І мне, як патрыёту сваёй краіны, вельмі хочацца, каб на нашай шматпакутнай зямлі заўсёды панаваў мір, гарантам якога выступае Кіраўнік нашай дяржавы Аляксандр Лукашэнка. А яшчэ, каб квітнеў і развіваўся наш невялічкі горад, каб развівалася яго эканоміка і прамысловасць, каб ствараліся новыя рабочыя месцы і моладзь не пакідала яго ў пошуках лепшай долі.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.