Ізноў чырванеюць гваздзікі

Date 15.02.2023 Man
Comment 918
Ізноў чырванеюць гваздзікі

15 лютага мы адзначаем адначасова тужлівую і ўрачыстую датуДзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, – якая прымеркавана да дня вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з Афганістана.

 

Вось ужо прамінулі трыццаць чатыры гады, як 15 лютага 1989 года мост памежнай ракі Амудар’я пад Тэрмезам перайшоў апошні савецкі салдат з абмежаванага кантынгенту войск у Афганістане. Скончылася вайна, якая працягвалася 9 гадоў, 1 месяц і 18 дзён, дзе нашы ваеннаслужачыя, праяўляючы мужнасць, самаадданасць і адвагу, добрасумленна выконвалі свой салдацкі абавязак і інтэрнацыянальны доўг.

У Афганістане з 1979 па 1989 гады праходзілі службу больш за 30 тысяч ураджэнцаў Беларусі, з якіх 789 загінулі, а 12 лічацца зніклымі без вестак. І ў гэтым жалобным спісе пазначаны прозвішчы нашых землякоў Сяргея Карканіцы і Уладзіміра Шумскага. У гонар іх устаноўлены помнік каля цэнтральнай аптэкі горада тут ужо каторы год 15 лютага наладжваецца мітынг памяці воінаў – інтэрнацыяналістаў. Ен нязменна збірае не толькі ўдзельнікаў тых баявых падзей, але і моладзь, прадстаўнікоў улады і прадпрыемстваў раёна.

За дзевяць ваенных гадоў з гонарам прайшлі выпрабаванні на трываласць характару, мужнасць, гатоўнасць аказаць дапамогу, выручку і больш за 70 ураджэнцаў раёна, частка з якіх і па сёння дастойна працуе на карысць роднай Беларусі, уносяць асабісты ўклад ва ўмацаванне згоды ў грамадстве, выхаванне падрастаючых пакаленняў у духу патрыятызму, стойкасці і самаадданага служэння Айчыне.

- Якімі б супярэчлівымі ні былі ацэнкі той вайны, але ніхто не ставіць пад сумненне гераізм і патрыятызм савецкіх салдат і афіцэраў, якія здзейснілі подзвіг у імя міру і спакою на ўсёй зямлі, -першым звярнуўся да прысутных старшыня Бярэзінскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі. - Гэты подзвіг сёння застаецца трывалым маральным падмуркам для патрыятычнага выхавання моладзі. Воіны-інтэрнацыяналісты і па сёння свята захоўваюць сваё воінскае братэрства, падтрымліваюць адзін аднаго і сем’і баявых сяброў.

- Мы сёння аддаем даніну павагі за мужнасць і гераізм, вернасць свайму абавязку нашых воінаў – афганцаў, - падкрэсліў другі прамоўца, старшыня Бярэзінскай раённай арганізацыі ветэранаў Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Зябко. - Памяць пра тую вайну не павінна пакідаць нашы сэрцы. Магчыма, ветэраны яе больш за іншых разумеюць, што такое мір і што нясе з сабой вайна, што такое жыццё і смерць. А памяць пра вайну, загінулых на ёй баявых сяброў, саслужыўцаў шчымлівым болем адгукаецца ў сэрцах ўсіх яе ўдзельнікаў.

Апошнім прамоўцам стаў старшыня Бярэзінскай раённай арганізацыйнай структуры грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Алег Купіч. Сення яго структура і ён асабіста прыкладае ўсе намаганні, каб памяць аб воінах афганцах не знікала.

Закончыўся мітынг, прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, ускладаннем кветак да помніка.

Падрабязней аб гэтым чытайце на старонках нашай газеты.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER