З чаго пачынаецца Радзіма?

Date 23.02.2023 Man
Comment 1066
З чаго пачынаецца  Радзіма?

Да сям’і Юрыя і Надзеі Кудры ў нашым горадзе адносіны асаблівыя. Ніхто не скажа ў іх адрас брыдкага слова, не пакрыўдзіць няўвагай. Яны абодва родам з Украіны, з рускамоўнага Данбаса, але даўно сумленна жывуць і працуюць у Беларусі.

Яны - узорны прыклад сапраўднай афіцэрскай сям’і, бо вось ужо звыш 40 гадоў крочаць па гэтым жыцці, пераадольваючы розныя цяжкасці, разам. А яшчэ нягнутным стрыжнем гэтай сям’і з’яўляюцца не толькі шчымлівыя пачуцці і павага адзін да аднаго, а магутны зарад патрыятызму, які кожны з іх нясе ў сабе ўсё жыццё. Яны яго не ўтойваюць, а шчодра дзеляцца ім з кожным.

Ён

Юрый Паўлавіч Кудра родам з Луганска. Праўда, на ўкраінскай мове ён практычна ніколі не размаўляў. Ды і навошта, калі ён нарадзіўся ў Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і лічыў кожную з іх сваёй Радзімай. А тут паўсюдна размаўлялі на рускай мове. Яшчэ са школы юнак марыў аб ваеннай кар’еры.

– Таму пасля школы паступіў у Харкаўскае гвардзейскае вышэйшае ваеннае танкавае каманднае ордэна Чырвонай Зоркі вучылішча імя. Вярхоўного Савета УССР, - расказвае ён. – Конкурс быў сем чалавек на месца. Ды і навучальная ўстанова была легендарнай, бо толькі два вучылішчы ў СССР насілі такое званне.

Чаму юнак менавіта марыў стаць танкістам, адказу не ведае і да сённяшняга дня. Напэўна таму, што для яго савецкія танкі былі непераможнай зброяй у час Вялікай Айчыннай вайны. Пра яе ён шмат чуў і ведаў. Нават у свой час размаўляў з героем славутага Краснадонскага падполля.

Быць патрыётам для Юрыя Паўлавіча – гэта не толькі мужна абараняць Радзіму ад ворага, а яшчэ шанаваць подзвіг герояў, якія цаной жыцця прынеслі людзям мір.

Вось чаму ён заўсёды лічыў важным складальнікам станаўлення воіна патрыятычнае выхаванне. Дзеля гэтага заўсёды наладжваў экскурсіі па месцах баявой славы. Служыць Юрыю Паўлавічу давялося ва Украіне, Беларусі і ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы.

Невядома куды закінуў бы яшчэ лёс гэтага танкіста. Але ўсе планы пераблытаў распад СССР. Яго воінскую часць расфарміравалі, і ў 1990 годзе Юрый Паўлавіч спачатку становіцца намеснікам ваенкома, а затым і непасрэдна ваенкомам Бярэзінскага раёна. Гэтыя гады ён лічыць самымі плённымі не толькі ў сваім жыцці, але і ў наладжванні патрыятычнага выхавання ў раёне.

Тады шмат юнакоў выбралі для сябе вучобу ў ваенных вучылішчах, на базе СШ №3 рыхтавалі будучых абаронцаў у ваенна-патрыятычным класе, у школах плённа працавалі музеі. А музей Народнай славы СШ №1 пад кіраўніцтвам Сяргея Ігнатовіча абараняў кожны год сваё пачэснае званне.

Сёння аб тых часах Юрый Паўлавіч гаворыць з балючай настальгіяй. Прыкра яму, што многія традыцыі ўжо забыты і расце пакаленне, якое мала цікавіцца падзеямі ваенных часоў і не ўсведамляе рэальную цану міру.

- У чалавеку галоўным з’яўляецца любоў да Радзімы, павага да яе герояў і каштоўнасцей, - лічыць Юрый Паўлавіч, - таму патрыятычнае выхаванне заўсёды павінна стаяць на першым месцы. Вядома, яно павінна змяняцца разам з рэаліямі жыцця, але мэта яго заўсёды адна - выхаванне патрыёта. Работа гэта не церпіць фармалізму, а патрабуе навацый і вялікага энтузіязму.

 

Яна

Надзея Іванаўна – выдатны выкладчык гісторыі і грамадазнаўства. А яшчэ цудоўны класны кіраўнік. Усё гэта стала магчымым толькі дзякуючы актыўнай грамадскай пазіцыі педагога. Таму ёй было пад сілу мець армію алімпійцаў па сваіх дысцыплінах, выдатна рыхтаваць вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання і рабіць кожны ўрок падзеяй.

- У мяне шмат былых вучняў, – расказвае яна. - Яны разляцеліся па свеце, як птушкі. Але я думаю, яны ніколі не будуць маўчаць, калі хтосьці будзе блытаць падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны і перапісваць гісторыю іх краіны.

Сёння Надзея Іванаўна ўжо на заслужаным адпачынку. Але па-ранейшаму займаецца патрыятычным выхаваннем. Сёлета яна кіруе работай краязнаўчага музея “Люстэрка часу” ў Бярэзінскай гімназіі.

- Работа мне падабаецца, ды яна цікавая, - прызнаецца жанчына, - бо я бачу, што яна рэальна цікавіць вучняў. Яны выказваюць вялікі інтарэс і мая задача захаваць і развіць яго. Таму я стараюся не спяшацца з вывадамі, даваць інфармацыю дозамі для далейшага ўсведамлення. Я веру, што толькі так праз уласныя пачуцці і перажыванні пра лёс сваёй Радзімы і нараджаецца сапраўдны патрыёт.

Яны

Надзея і Юрый Кудра з 2014 года пільна сочаць за падзеямі на Украіне. Там у іх засталося шмат сваякоў і знаёмых. Ёсць у іх і свае меркаванні наконт правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі Узброенымі Сіламі Расіі. Яны шмат чытаюць, глядзяць рэпартажы па тэлевізары. Яны моўчкі нясуць у сабе боль па Данбасе, але спадзяюцца, што нарэшце запануе мір, астатнія краіны зробяць для сябе правільныя вывады і не дапусцяць вайны.

- Паглядзіце, які ўздым патрыятызму зараз назіраецца ў Расіі, - гавораць яны. - Ды і ў Беларусі шмат патрыятычна настроеных людзей, якія не дапусцяць, каб людзі мы зведалі жахі вайны. Пагэтаму мы не павінны маўчаць!

Мы заўсёды імкнёмся прывіць маладым людзям пачуццё патрыятызму!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER