За будаўнікамі – будучыня!

Date 13.08.2023 Man
Comment 1338
За будаўнікамі – будучыня!

Дзмітрый Ажэўскі ў калектыве ДБУТ “ПМК-182” чалавек не новы – адпрацаваў тут вось ужо сем гадоў у якасці юрыста. А з красавіка гэтага года ён прызначаны выконваючым абавязкі кіраўніка мехкалоны. Ратацыя кадраў адбылася не толькі ў Беразіно, а закранула і некаторыя іншыя аналагічныя калектывы аб’яднання “Аблсельбуд”, у састаў якога ўваходзіць і ПМК-182. Не так даўно быў зацверджаны і новы генеральны дырэктар аб’яднання.

Зараз, – расказвае Дзмітрый Сяргеевіч, – нашаму аб’яднанню вялікую ўвагу надаюць і садзейнічаюць яго развіццю Мінскі абласны выканаўчы камітэт і камітэт архітэктуры і будаўніцтва. Губернатар вобласці Аляксандр Турчын паставіў задачу надаць структуры “Абл-сельбуд” другое дыханне для таго, каб ператварыць яе ў мацнейшую будаўнічую арганізацыю вобласці. З гэтай нагоды мяркуецца істотна палепшыць фінансавы стан аб’яднання, выдзеліць сродкі на набыццё будматэрыялаў, тэхнікі і механізмаў (ужо прапрацоўваюцца канкрэтныя праекты і праграмы). Ды і колькасць узводзімых аб’ектаў павінна павялічыцца за кошт развіцця не толькі нашага галаўнога прадпрыемства, а і мехкалон, аналагічных нашай. Рэпутацыя “Аблсельбуда” ўзрастае, у яго з’яўляюцца новыя перспектывы.

Адчуваюцца станоўчыя перамены і ў рабоце ПМК-182, выконваемых ёю аб’ёмах работ. А яны істотныя, і калектыў, па словах Дзмітрыя Ажэўскага, ужо сёння мае стапрацэнтную нагрузку не толькі да канца бягучага года, а і на першую палову наступнага. Так, ужо каля года бярэзінскія будаўнікі ўзводзяць будынак школы на 720 месцаў у Сеніцы, што ў Мінскім раёне. Пачыналі з земляных работ, з самага “нуля”, а сёння ім застаюцца толькі дахавыя работы і ўстаноўка вентыляцыйных шахт.

Штодзённа там занята каля 30 чалавек. Аб’ект, як і прадугледжана праектам, павінен быць здадзены ў эксплуатацыю да 1 верасня – пачатку новага навучальнага года.

Яшчэ на дзвюх будоўлях за межамі Бярэзіншчыны працуюць нашы спецыялісты. Гэта пяціпавярховы жылы дом у Смілавічах (Чэрвеньскі раён), а таксама новы дзіцячы садок, які размесціцца там жа.

Аб’екты ў нашым раёне хоць і менш глабальныя, але таксама вельмі адказныя. Найбольш значымыя сярод іх – гэта капітальны рамонт жылога дома ў г. Беразіно, што размешчаны па вуліцы М. Горкага, 37, а ў сельскай мясцовасці – капітальны рамонт Капланецкай школы, дзе патрэбна памяняць дах, памяняць падлогу ў спартыўнай зале, правесці добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі, замяніўшы пры гэтым асфальт на плітку, істотны аб’ём цяслярных работ і г.д. Ход работ, іх тэмпы і якасць трымае пад пастаянным кантролем старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук.

Генпадрадчыкам большасці аб’ектаў, якія выконвае ПМК-182 на субпадрадзе, з’яўляецца аб’яднанне “Аблсельбуд” і, маючы багатую вытворчую базу, аказвае бярэзінскім будаўнікам дапамогу з неабходнай тэхнікай, у прыватнасці, вежавым кранам, міні-РБУ для прыгатавання прама на аб’екце бетону і г.д. Дапамога, безумоўна, істотная і дае магчымасць работнікам нашай мехкалоны выконваць больш складаныя работы, браць на сябе больш аб’ёмныя аб’екты.

– Сапраўды, – дадае Дзмітрый Ажэўскі, – у нас ёсць жаданне выконваць большы аб’ём работ, што станоўча паўплывала б і на прадукцыйнасць працы, і на наш фінансавы стан. Але істотнай праблемай застаецца наш кадравы патэнцыял. Вось вам канкрэтны прыклад. Узводзімы ў Смілавічах жылы дом мы маглі б зрабіць самі. Але па прычыне таго, што ў саставе брыгады муляраў у нас працуе ўсяго 10 чалавек, мы маем магчымасць асіліць толькі адзін пад’езд з двух, падзяліўшы аб’ёмы з Чэрвеньскай ПМК-237, якая таксама ўваходзіць у састаў нашага аб’яднання.

Жаночы твар ПМК-182: галоўны бухгалтар Іна Аўтуховіч, спецыяліст па кадрах Святлана Шык, вядучы інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела Вікторыя Пашкевіч і кла-даўшчык-дыспетчар Ірына Ізмер

Так, нам патрэбны людзі – і рабочых прафесій, і спецыялісты. Штатная колькасць ПМК сёння складае 71 чалавек, з якіх 10 уяўляюць сабой інжынерна-тэхнічны персанал, ёсць вадзіцелі, рабочыя, а вось непасрэдна на лініі (на аб’ектах) працуе каля 35 чалавек – муляры, тынкоўшчыкі, цесляры і г.д. Для выканання істотных аб’ёмаў гэтага недастаткова. Таму мы пастаянна клапоцімся аб папаўненні калектыву новымі кадрамі, ідзём на супрацоўніцтва з ВНУ, якія рыхтуюць патрэбных нам работнікаў, аказваем дапамогу маладым спецыялістам, якія прыходзяць да нас.

Напрыклад, гэтым летам да нас прыбылі два маладыя тынкоўшчыкі і адзін муляр. Двух з іх (якія мелі патрэбу) мы забяспечылі інтэрнатам, пры неабходнасці кампенсуем выдаткі на наём жылля. Мы заўсёды адкрытыя для ўсіх жадаючых прысвяціць сябе галіне будаўніцтва і расці колькасна хоць зараз, дэфіцыту ў аб’ектах, дзе можна паказаць сваё майстэрства і някепска зарабіць, не існуе. У адрозненне ад невялікіх прыватных будаўнічых фірм, дзе іншы раз асядаюць патрэбныя нам кадры, занятасць у нас не сезонная, а пастаянная, ды і павелічэнне аб’ёмаў работ пацягне за сабой істотны рост заробку.

Людзі, што сёння працуюць у ПМК-182, у пераважнай большасці выдатныя спецыялісты, якія неаднойчы выходзілі пераможцамі спаборніцтва, адзначаліся Ганаровымі граматамі аб’яднання, Мінаблвыканкама, раённага выканаўчага камітэта. Сярод такіх умельцаў Дзмітрый Ажэўскі называе цесляра Анатоля Бяздольніка, брыгадзіра брыгады муляраў Віктара Навіцкага, вадзіцеля пагрузчыка Аляксея Мельніка, муляра Аляксандра Мішука, прараба Віктара Харлановіча і некаторых іншых, і іх нямала.

Вось, напрыклад, Уладзімір Сіняк, які прыйшоў у калектыў у 2000-м годзе. Сёння ён узначальвае брыгаду цесляроў і сам з’яўляецца ўзорам выканання даручанай справы. Мала які аб’ект ПМК узводзіцца без удзелу Сяргея Кузьміча, які задае рытм усяму працэсу, бо з’яўляецца аўтакранаўшчыком, і ад таго, наколькі руплівымі і дакладнымі будуць яго дзеянні, а рабочыя будуць забяспечаны будматэрыялам, залежыць хуткасць выканання работ. Станоўча зарэкамендаваў сябе ў калектыве і Васіль Шахнюк, які працуе мулярам пятага разраду. І хоць чалавек ён немясцовы, вось ужо больш як дзесяць гадоў назад выбраў Бярэзіншчыну сабе другой радзімай. Тут стаў шматдзетным бацькам, пабудаваў прасторны дом і вось ужо два месяцы, як адзначыў у ім наваселле. Ды і цясляр Віктар Гайшун, які ўсё жыццё прысвяціў сябе справе будаўніка на Гомельшчыне, таксама задаволены новым месцам працы (у Беразіно ён два гады) і сёння, ужо стаўшы пенсіянерам, не збіраецца ісці на заслужаны адпачынак. 

Вось так і працуюць у адным калектыве людзі розных лёсаў, розных узростаў і памкненняў, аб’яднаныя адной задачай: несці людзям дабро, утульнасць і цяпло. Менавіта гэтыя паняцці перш за ўсё ўкладваем мы ў ганаровае слова “будаўнік”.

 

*Анатоль ПАЛЫНСКІ,
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER