І гэта сапраўды так, бо штогод у “Пагосцкім” справа гэтая праводзіцца аператыўна, у сціслыя тэрміны, пры высокай працоўнай аддачы. Ды і ўраджайнасць тут заўсёды істотна перавышае сярэднераённую, а валавы намалот збожжа ў раённай скарбонцы складае чацвёртую або пятую частку.
А гэта ўсё ў цэлым дазваляе гаспадарцы пастаянна знаходзіцца ў ліку лідараў раённага спаборніцтва на жніве. Вось і на гэты раз ААТ “Пагосцкі” заняў у ліку пераможцаў ганаровы другі радок.
Наталля Сокал
Тым не менш, і тыя вынікі, якія былі дасягнуты тут, таксама даволі значныя. Так, на круг у гаспадарцы атрымалі па 38,5 цэнтнера з гектара, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам у раёне. Прычым, калі глядзець па асобных культурах, то ўраджайнасць некаторых
з іх аказалася на ўзроўні многіх перадавых гаспадарак.
- Зразумела, - дзеліцца ўражаннямі Наталля Уладзіміраўна, - я не магу сказаць, што поўнасцю задаволена вынікамі сёлетняй уборкі. Пры ўмове таго, як мы папрацавалі на ўраджай і колькі намаганняў і сродкаў патрацілі на яго вырошчванне, ён павінен быў аказацца такім, што мы б засыпаліся збожжам. На жаль, такога не адбылося з-за капрызаў надвор’я.
Напрыклад, азімы ячмень даў па 53,5 цэнтнера, азімая пшаніца – 52, яравы ячмень – 51,2, зернебабовыя – 59,3, а авёс, які вырошчваўся на 10 гектарах, даў аж па 82 цэнтнеры з гектара. І гэта ў не самы спрыяльны па ўмовах надвор’я год! Перад тым, як завяршыць з лічбавымі паказчыкамі, назавём яшчэ адзін важкі вынік: з плошчы ў 1750 гектараў, засеянай збожжавымі і зернебабовымі культурамі (без кукурузы, грэчкі і проса) ў ААТ “Пагосцкі” атрыманы валавы намалот склаў 6740 тон.
А здабыты ён быў намаганнямі не такой і вялікай колькасці працаўнікоў (калі браць у разлік непасрэдных удзельнікаў уборкі), бо ў гэтай справе асноўнымі былі задзейнічаны чатыры камбайны і тры вадзіцелі на адвозцы збожжа. Усе яны – не толькі выдатныя спецыялісты, але і па выніках жніва сталі тысячнікамі.
Вячаслаў Кашлачоў
Вось толькі камбайнеру Андрэю Шалепіну зусім крыху не хапіла да гэтай запаветнай лічбы. Камбайнеры “Пагосцкага” не толькі сталі лепшымі ў гаспадарцы, але і ўзначалілі спіс лепшых працаўнікоў раённага спаборніцтва. Гэта нязменны лідар жніва Вячаслаў Кашлачоў, які адзіны на Бярэзіншчыне пераадолеў двухтысячны рубеж намалоту. Другі радок займае Юрый Гоман. А іх калега Андрэй Жукоўскі на тысячу тон выйшаў у час аказання дапамогі суседняму Крупскаму раёну.
Юрый Гоман
Радуе, што ў сельгаспрадпрыемстве падрастае годная маладая змена больш вопытных і сталых працаўнікоў. Асабліва яскрава гэта адлюстравалася на адвозцы збожжа ад камбайнаў. Задзейнічаныя тут тры вадзіцелі якраз аказаліся з плеяды маладых. Ды і як папрацавалі! Аляксандр Зязюля і Віталь Семашкевіч таксама прызнаны лідарамі раённага спаборніцтва і паспелі за час уборкі даставіць на збожжаток больш як па дзве тысячы тон зерня.
Аляксандр Зязюля
Ды і Уладзіслаў Трафімаў таксама годна ўпісаўся ў рады сваіх калег і сёлетні сезон жніва прынёс яму ганаровае званне тысячніка. У ліку маладых і перспектыўных работнікаў гаспадаркі Наталля Сокал называе і 24-гадовага Артура Дудко.
Артур Дудко
Усяго пяць гадоў працуе ён тут, пачынаў з выканання простых аперацый дастаўкі або перавозкі грузаў на маленькім трактары. А сёння ён, асвоіўшы энерганасычаны МТЗ, на роўных з вопытнымі механізатарамі выконвае самыя складаныя работы па падрыхтоўцы палеткаў пад будучую сяўбу. Стараннаму працаўніку, да таго ж мнагадзетнаму бацьку, гаспадарка выдзеліла дом, тут спадзяюцца, што малады мужчына з цягам часу стане годным пераемнікам славы пагосцкіх механізатараў.
Віталь Семашкевіч
Расказваючы пра ўдзельнікаў сёлетняга жніва, якія годна праявілі сябе, нельга не ўзгадаць і Дзяніса Цітаўца. Ён таксама трапіў у лік лідараў раённага спаборніцтва і заняў другое месца сярод аператараў КЗС, занятых на дапрацоўцы збожжа.
- Як бачыце, у тым, што наша гаспадарка заняла ганаровае другое месца па выніках сёлетнага жніва, заслуга, перш за ўсё, нашых нястомных працаўнікоў, - падкрэслівае Наталля Сокал. – Кожны з іх дасягнуў годнага паказчыка, быў адзначаны яшчэ ў ходзе правядзення кампаніі. Гэта мой гонар, тая з’яднаная каманда, якая ніколі не падводзіць і сумленна працуе на агульную карысць, прымнажаючы славу роднага калектыву.
Зразумела, што на жніве было задзейнічана намнога больш людзей. Таму кожнаму, хто меў дачыненне да гэтай самай важнай сельскагаспадарчай кампаніі года, выказваю вялікую ўдзячнасць. Вы яшчэ раз даказалі, што мы разам – вялікая сіла і нам па плячы любая задача.
Веру ў вас і ў тое, што галоўныя перамогі ў нас яшчэ наперадзе, а дасягаць мы іх будзем, як і ў мінулыя гады, поплеч.
У тым, што і наступны год стане для работнікаў ААТ “Пагосцкі” выніковым і яны ізноў акажуцца ў лідарах раённага спаборніцтва, пераконвае той рабочы рытм, які зараз адзначаецца на палетках гападаркі, дзе закладваецца падмурак ураджаю 2024 года. Няхай намаганні хлебаробаў акажуцца паўнацэннымі, а надвор’е будзе больш літасным і дазволіць запоўніць засекі да самых краёў.
*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.