Вуліцы набылі пасвяжэлы выгляд, прыбраліся, сталі больш утульнымі. Плошча каля адміністрацыйнага будынка мясцовага ААТ “Першамайскі” стала шырэйшай, частка яе выкладзена пліткай, тут жа абсталяваны прыпыначны пункт. Такі ж прыпынак з’явіўся і побач з клубам-бібліятэкай. Істотныя перамены адбыліся і з шэрагам размешчаных у аграгарадку грамадскіх будынкаў: магазінам, школай, ФАПам. Добрай зонай адпачынку павінна стаць і ўтворанае ў гэтым населеным пункце штучнае возера, у якое, па праверанай інфармацыі, мясцовымі жыхарамі была запушчана рыба…
– Сапраўды, абнавіліся нашы Мікулічы, – пацвярджае дырэктар ААТ “Першамайскі” Юрый Касцюк. – І трэба сказаць за гэта раённаму выканаўчаму камітэту і раённаму Савету дэпутатаў вялікі дзякуй. Пэўны аб’ём работы выканалі і мы. Перш-наперш гэта датычыцца добраўпарадкавання мехдвара машынна-трактарнага парка. За кошт скарачэння яго памераў у нас утварылася прыгожая зялёная зона. Мы паклапаціліся і аб стварэнні належных умоў працы для работнікаў у майстэрнях. Вядзецца афарбоўка і ўстанаўліваецца агароджа вакол нашых жывёлагадоўчых аб’ектаў. Сапраўды, ажывае вёска і мяняе сваё аблічча, маладзее.
Юрый Касцюк і Ігар Абмётка
Безумоўна, Юрый Барысавіч не без гонару ўспрыняў агучаную ў свой час інфармацыю аб тым, што яго гаспадарка стане цэнтрам такога масавага і аўтарытэтнага свята. Таму і пастараўся прыкласці ўсе магчымыя намаганні для таго, каб стала тут больш утульна і ўтульнасць гэтая радавала не толькі гасцей свята, а і саміх рабочых гаспадаркі – старанных працаўнікоў, якія, як і іншыя аграрыі, прымалі актыўны ўдзел у жніве.
Нягледзячы на тое, што няпростым было яно для першамайцаў, прайшло яно паспяхова, а заняты на адвозцы збожжа вадзіцель Анатоль Зелянкевіч нават трапіў у лік пераможцаў раённага спаборніцтва, заняўшы ганаровае трэцяе месца і ў чарговы раз запісаўшы на свой рахунак ганаровае званне тысячніка. Ён, лічы, адзін на сваім вялікім МАЗе забяспечваў у гарачую пару дастаўку збожжа на зерняток.
Паспяхова вялі ўборку збажыны і праявілі сябе высокакваліфікаванымі майстрамі справы камбайнеры Сяргей Аўсянскі, Ігар Абмётка і Аляксандр Астрэйка. З раніцы да позняга вечара рупіўся, вырашаючы праблемы своечасовай пастаўкі запчастак і арганізацыі рамонту тэхнікі, галоўны інжынер гаспадаркі Міхаіл Пянкрат. Літаральна ў рэжыме 24/7 былі заняты на зернетаку загадчыца зернесклада Ларыса Пянкрат і былая працаўніца сельгаспрадпрыемства Валянціна Герасімовіч, якая адгукнулася на зварот дырэктара і актыўна ўключылася ў работу. Жанчыны вялі неабходную дакументацыю аб паступіўшым зерні, абмалочаных тонах і ўбраных гектарах, вялі адгрузку дзяржзаказу, кантралявалі размеркаванне збожжа на тэрыторыі тока і г.д. Ды што і казаць, стараліся ўсе з ліку задзейнічаных на гэтай адказнай справе.
Таму і ўправіліся ў сціслыя тэрміны, не дапусцілі страт ураджаю.
Анатоль Зелянкевіч
Аляксандр Астрэйка
Сёння былыя ўдзельнікі жніва – ізноў у рабоце. Так, адзін з вопытных механізатараў гаспадаркі, які адпрацаваў тут ужо амаль чвэрць стагоддзя, Аляксандр Астрэйка зараз заняты на культывацыі глебы. Не спыняецца ні на дзень і МАЗ Анатоля Зелянкевіча, бо і зараз, як і на жнівае, ён вельмі запатрабаваны работнік. Прадстаўнік больш маладога пакалення Ігар Абмётка на корманарыхтоўчым камбайне нарыхтоўвае кукурузу.
Ды і ў іншых працаўнікоў спраў хапае: такая яна пара – восень, калі не толькі падводзяць вынікі вырашчанага і ўбранага, а і дбаюць пра дзень заўтрашні.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.