Крылы падарыла творчасць

Date 21.12.2023 Man
Comment 1721
Крылы падарыла творчасць

У яго майстэрні пануе атмасфера пошуку, творчасці і жыццёвага поспеху. Тут халодны метал у руках майстра пераўтвараецца ў пяшчотнае вінаграднае лісце з гронкамі ягад і ў царственныя постаці львоў з вялізнымі грывамі на металічных варотах. І не толькі.

Вырабы - самыя розныя. І яны настолькі прыгожыя, наколькі практычныя і неабходныя. Для кагосьці былі зроблены заслонкі для печкі, незвычайныя мангалы, навесы, паштовыя скрыні з выкаванымі адрасамі, агароджы, вароты, брамкі, дызайнерскія лаўкі, банкеткі і столікі з мудрагелістымі металічнымі карункамі, дрывотнікі для бань, нават дзіцячыя санкі, а яшчэ купал для капліцы ў Шавярнічах, навес для свечак у вёсцы Крупа ля сямі крыніц…

У Мінск, у адзін з дзіцячых садкоў з яго майстэрні пераехала металічная падстаўка для кветак у выглядзе вялікага сэрца. Вельмі прыгожая. Гэта і для кветак выдатная кветачніца, і фотазона крэатыўная. Аказваецца, шматлікія каваныя работы Уладзіміра Косціна знаходзяцца, не толькі на роднай Бярэзіншчыне і ў сталіцы, а і ў Лагойску, і ў Смілавічах… І гэта геаграфія ўсё больш пашыраецца.

Яго эксклюзіўныя мастацкія вырабы, выкаваныя з металу, выклікаюць захапленне і здзіўленне: няўжо так магчыма?!. Няўжо іх аўтар – самавучка?!.

Дарэчы, яшчэ адзін прыклад, які, напэўна, запомніўся прысутным на адкрыцці маладзёжнага цэнтра (бо жадаючых з ім сфатаграфавацца было зашмат), металічны мангал у выглядзе прывіднага гоншчыка, прататыпам якога выступіў герой кінафільма, што падарожнічаў на белым кані і хаваў твар пад маскай, гэта таксама – каваная работа Уладзіміра Косціна.

А чаго варта незвычайная лаўка ў форме арфы ля Бярэзінскага раённага цэнтра культуры, якую ўмелец падарыў свайму гораду да Дня Незалежнасці летась? Вы ведалі, чыіх гэта рук выраб?..

І яшчэ снегаўборачная машына на даху, на ўездзе ў ДРБУ-192, што свеціцца ў цемры агеньчыкамі, і пажарная машына на тэрыторыі Бярэзінскага РАНС з ілюмінацыяй - таксама справа рук майстра-каваля. Вось такія ў нас ёсць незвычайныя, умелыя, таленавітыя, цікавыя падпісчыкі!

Уладзімір Косцін у нядаўнім мінулым працаваў вадзіцелем МАЗа ў філіяле “ДЭУ № 6” РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр”.

Больш за 20 гадоў – за рулём аўтамабіля… Аб тым часе нагадваюць стос грамат і нагрудны знак Міністэрства транспарту і камунікацый “Ганаровы дарожнік Беларусi” II ступені.

Што ж адбылося, што так кардынальна змяніла яго жыццё?

- Раённы турыстычны злёт і... прага да творчасці, – без цені сумненняў адказвае Уладзімір. - У турзлёте ўдзельнічала каманда нашага ДЭУ. Патрэбны быў сцэнічны нумар на ваенную тэматыку. Прыдумаў сюжэт, купіў зварачны апарат, паглядзеў некалькі відэаўрокаў у інтэрнэце па халоднай коўцы. Зварваў і скручваў металічныя нарыхтоўкі, рабіў усё па тэхналогіі - дэкарацыі, што ўпершыню зрабіў з металу сам, атрымаліся на славу!.. І зацягнула ў вір творчасці, ідэй, якія з фантазій пераўтвараў у рэальнасць.

Каб вызваліць для творчасці час, уладкаваўся ў ДРБУ-192 вартаўніком. Цяжка было рабіць першыя крокі, без падтрымкі, без вялікіх фінансавых укладанняў. Таму так была дарэчы любая дапамога.

- Вельмі ўдзячны я ўсім, хто аказваў мне хоць нейкае садзейнічанне, - гаворыць Уладзімір, - асабліва Аляксею Маміеву. У ход ішлі непатрэбныя запчасткі ад старых машын - шасцерні, штокі амартызатараў, абрэзкі труб... Змайстраваў два ручныя станкі. На адным згінаў метал у дугі і акружнасці, на другім з дапамогай розных лякал і асадак, таксама самаробных, круціў завіткі для больш вытанчаных рэчаў.

Хоць і абраў халоднае каванне, для большага размаху фантазіі зрабіў кувалду і склаў горан з шамотавай цэглы (дробныя элементы дызайну без нагрэву не выканаць). Прычым прыдумаў сваю тэхналогію: печка працуе на газе.

А прыкладна праз паўгода з’явілася ўпэўненасць у сваіх здольнасцях. Праз год ужо змог купіць аўтаматычны станок. Зразумеў, што магу гэтым хобі і зарабляць. Аформіў статус рамесніка.

 

Дарэчы, у раённым цэнтры рамёстваў неяк ладзілася выстава вырабаў майстроў Бярэзіншчыны, у якой прымалі ўдзел і вырабы Уладзіміра Косціна.

 

З раёнкай сябрую

- Асабліва бавіць час за забавамі няма калі, - дадае ў размове Уладзімір, - але калі бяру ў рукі раёнку, у першую чаргу звяртаю ўвагу на фотаздымкі. І калі ўбачу знаёмых, абавязкова пра іх пачытаю.

Што яшчэ цікава ў першую чаргу? Навіны раёна і горада, аб’явы, рэкламныя артыкулы, каб быць у курсе, чым жыве Бярэзіншчына.

Лічу карыснай старонку, дзе супрацоўнікі Бярэзінскага РАНС даюць рэкамендацыі не толькі дарослым, а і дзецям. Жонку асабліва цікавяць рэцэпты пад рубрыкай “Гаспадыням на заметку” і матэрыялы пра спартыўныя мерапрыемствы. Яна ў мяне аматар спартыўных спаборніцтваў і проста прыгажуня.

Шмат інфармацыі таксама чэрпаю з сацыяльных сетак, дзякуючы інтэрнэту. І там мы ў ліку падпісчыкаў раёнкі.

 

Сям’я – гэта свет, дзе пануе каханне

Уладзімір Валер’евіч – мнагадзетны бацька. Старэйшая дачка Анастасія ўжо працуе загадчыцай Багушэвіцкай амбулаторыі. Яна, як і належыць любімай дачцэ таткі-вадзіцеля, асвоіла ваджэнне аўтамабіля, адлегласці для яе – не перашкода, дабірацца да работы – не праблема. І, гледзячы на майстэрства таткі-каваля, Насця сама крыху спрабуе штосьці каваць. Ёй цікава, а малодшым братам – пакуль не.

Хлапчукі яшчэ вызначаюцца з інтарэсамі. Лёша і Ваня – шасцікласнікі, Паша наведвае дзіцячы садок, праз год пойдзе ў першы клас.

- Хочацца, каб дзеці сябравалі паміж сабой, - гаворыць Уладзімір Валер’евіч. – Так склалася, што ў мяне другі шлюб. Жонка Наталля працуе бухгалтарам у ДУ “Бярэзінскі РЦГЭ”.

Хочацца, каб у маёй сям’і, сапраўды, было як у надзейным доме, дзе на ўсіх адны радасці і непрыемнасці, дзе ўсе адзін за аднаго гарой... Сям’я — гэта свет, дзе пануюць каханне і адданасць, узаемападтрымка і самаахвяраванне.

Пакуль сям’я Уладзіміра жыве на здымнай кватэры, і па магчымасці гаспадар займаецца рамонтам бацькоўскага дома, дзе ўсё хочацца давесці да ладу, па-майстэрску, каб справіць у хуткім часе наваселле.

А яшчэ ў думках каваля - зрабіць што-небудзь маштабнае для горада, для сваіх землякоў. Гэта пакуль ружовая мара майстра, якая, верыцца, з цягам часу абавязкова ўвасобіцца ў рэальнае жыццё, як і многія-многія яго задумкі.

- Ідэі нараджаюцца самі сабой, - гаворыць Уладзімір Валер’евіч, - выношваюцца не адзін дзень у думках, а потым - трэба толькі пачаць, зрабіць першы крок… 

 

Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER