Калі мы звернемся да тагачасных падзей 1999 года, то ўбачым, што на тэрыторыі нашага раёна тады адбылося 67 пажараў, на якіх загінулі 8 чалавек. Вялікія і страшныя лічбы.
За мінулы год статыстыка выглядае наступным чынам: зарэгістравана 32 пажары, на якіх загінуў 1 чалавек (у 2022 годзе – адпаведна 38 і 6), адзначана 34 загаранні прыроднай экасістэмы, для аказання дапамогі насельніцтву было арганізавана 39 выездаў.
Агульная ж колькасць выездаў склала 536. У цэлым, за апошнія два гады на тэрыторыі Бярэзіншчыны не адзначаліся выпадкі масавай гібелі людзей на пажарах (як гэта нядаўна здарылася ў Слуцку, дзе ахвярамі агню сталі ажно чатыры чалавекі), у тым ліку і дзяцей.
Паляпшэнне супрацьпажарнай сітуацыі - гэта вынік пладатворнай работы не толькі нашагасектара нагляду і прафілактыкі, а і ўсіх работнікаў аддзела. Нельга не адзначыць таксама работу іншых суб’ектаў прафілактыкі, якія працуюць сумесна з намі, - РАУС, ТЦСАН, педкалектывы школ, установы аховы здароўя, рэдакцыя газеты «Бярэзінская панарама» інспекцыя Дзяржэнергагазнагляду.
Агульнымі намаганнямі мы абследавалі каля 10 тысяч домаўладанняў. У дадатак да гэтага, у нас з 2013 года з’явіўся такі напрамак дзейнасці, як прапаганда бяспекі жыццядзейнасці.
Ажыццяўляецца яна не толькі праз тэматычную наглядную агітацыю - білборды, наклейкі на аўтобусах, рэклама, буклеты і лістоўкі. У Беразіно нават адкрылі арт-аб’ект - прыпынак бяспекі гарадскога аўтобуса, дзе людзі ў чаканні аўтобуса могуць вывучыць асноўныя дзеянні пры ўзнікненні пажару, правілы пажарнай бяспекі.
Летась мы стварылі яшчэ і лавачку ў стылі МНС, якая будзе ўстаноўлена ў зоне адпачынку каля штучнага возера. Вялікую ўвагу надаём рабоце з дзецьмі ў садках і школах. І мне вельмі прыемна, што 5-6-гадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі добра ведаюць правілы бяспекі і ўсю неабходную інфармацыю, нават намнога лепш, чым людзі сярэдняга і старэйшага пакаленняў, якім у свой час гэтыя асновы не выкладаліся. Дзеці вырастуць і будуць сваіх нашчадкаў выхоўваць на аснове сваіх ведаў. Гэта вялікі задзел на будучае.
Клапоцімся мы пра небяспеку людзей і праз прапаганду і ўстаноўку аварыйных пажарных апавяшчальнікаў. У абавязковым парадку яны павінны быць устаноўлены ў жыллі мнагадзетных сямей, інвалідаў, сямей, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, некаторых іншых катэгорый грамадзян.
Мы настойліва выступаем за тое, каб гэты просты і недарагі апарат, які штодзённа ратуе жыцці людзей, пра што сведчыць аператыўная інфармацыя МНС і статыстыка, быў неад’емным атрыбутам кожнай сям’і.
Для таго, каб наша дапамога была найбольш аператыўнай і дзейснай, з году ў год развіваецца матэрыяльна-тэхнічная база РАНС, што адбываецца дзякуючы пільнай увазе да службы ратавання з боку Кіраўніка дзяржавы, міністэрства і органаў мясцовай улады. Так, калі раней для ліквідацыі ўзгарання выкарыстоўваліся аўтацыстэрны аб’ёмам дзве тоны (а такога запасу хапала толькі на тры мінуты тушэння ўзгарання), то зараз на ўзбраенні цыстэрны па 8 і 10 тон. Развіваецца і сама сістэма высылкі падраздзяленняў на пажары і зараз іх адпраўляецца аж па 4 машыны. А гэта, лічы, 30 тон вады. Таму часта ліквідуем пажары, якія не паспяваюць нанесці вялікай шкоды або перакінуцца на суседнія пабудовы. Сярод новых адзінак тэхнікі нашага РАНС (вядзецца яго закупка) - лятальны апарат квадракоптар, прызначаны для пошуку людзей у лесе або непраходным месцы.
Аднак самы важны рэсурс службы выратавання – яе работнікі. Без іх удзелу немагчыма патушыць пажар, ліквідаваць надзвычайную сітуацыю або правесці прафілактычную работу. З усёй адказнасцю магу сказаць, што сёння няма такой задачы, якую б не маглі выканаць работнікі МНС. І выконваюцца яны заўсёды дакладна і ў тэрмін, бо для гэтага ёсць усе магчымасці, а таксама людзі-прафесіяналы з адпаведнай падрыхтоўкай.
Запэўніваю жыхароў Бярэзіншчыны, што супрацоўнікі МНС заўсёды знаходзяцца на пасту, сумленна нясуць сваю варту кругласутачна і ў любы момант могуць прыйсці на дапамогу, у чым бы яна не праяўлялася.
Тэлефоны 101 і 112 пастаянна на сувязі (дарэчы, кожны ваш зварот знаходзіцца на кантролі для яго вырашэння).
І наш дзяжурны заўсёды сустрэне вас словамі: “Дзяжурная служба МНС. Чым вам дапамагчы?”. Безумоўна, прыемна чуць, калі ў народзе нашу структуру называюць міністэрствам дабра, калі людзі бачаць нашу работу, цэняць і паважаюць яе.
Дэвізам МНС з’яўляюцца словы «Прафесіяналізм. Адвага. Гонар”. Няпроста адпавядаць гэтым высакародным словам і паняццям. Але мы імкнёмся да гэтага і сумленна нясём сваю службу. А выконваць сумленна свае абавязкі могуць толькі прафесіяналы і патрыёты сваёй справы, якія не на словах любяць сваю краіну і гатовы ў любую мінуту прыйсці на дапамогу, чаго б гэта ім не каштавала. Выратавальнік – гэта не прафесія, а лад жыцця. Іменна такімі і з’яўляюцца работнікі нашага аддзела. Таму хачу сказаць кожнаму з іх вялікі дзякуй за пладатворную работу. Са святам!
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.