Стары добры летнік збірае сяброў

Date 31.05.2024 Man
Comment 794
Стары добры летнік збірае сяброў

Аздараўленчы лагер “Папараць-кветка” ў недалёкай перспектыве можа карэнным чынам памяняць сваё аблічча. Пра гэта ў час адной з рабочых паездак у гэтую ўстанову заявіў старшыня райвыканкама Андрэй Сакалоўскі.

– Лагер для многіх бярэзінцаў стаў чымсьці накшталт брэнда роднага краю. Палічыце самі, колькі пакаленняў прайшло тут за 30 гадоў яго існавання! – сказаў ён. – Гэты ўнікальны куток мы павінны захаваць і надаць яму новае жыццё.

У планах кіраўніка раёна паступовая замена існуючых корпусаў на новыя, больш утульныя, цёплыя, зручныя, з цывілізаванымі выгодамі – цёплай і халоднай вадой, туалетамі, душавымі пакоямі. Прычым, увядзенне новых будынкаў будзе ажыццяўляцца паступова, па аднаму ў год, без спынення работы лагера ў час канікул. А яшчэ ёсць у яго задумка зрабіць побач з гэтым дзіцячым гарадком зону адпачынку на рацэ Кляве, што працякае непадалёк, і абсталяваць там пляж.

Такім чынам, летнік поўнасцю памяняе свой выгляд і аблічча. А пакуль што ён сустракае сваіх гасцей (нагадаем, што першая яго змена пачне работу ўжо 8 чэрвеня) добра знаёмым тварам даўняга сябра, у спакойнай адвечнай зеляніне лесу, шырокім прасторам сваёй тэрыторыі, непаддзельнай цеплынёй, якая назапашвалася і прымнажалася гадамі. І ўсё ж перамены ў ім адбыліся. Безумоўна, да лепшага. І хаця чыста знешне тэрыторыя гарадка амаль засталася ранейшай, шмат чаго памянялася ў саміх пабудовах – пафарбаваных, пасвяжэлых, прывабных.

Як расказала начальнік лагера Любоў Забаронак, перамены адбыліся перш за ўсё ў памяшканнях, дзе размешчаны лазня і актавая зала. Так, у доміку, які афіцыйна носіць назву лазні, памянялі падлогу (пакладзена новая плітка), замянілі ўсе сантэхнічныя прылады, зрабілі навясную столь, памянялі электрыку. Прыкладна такім жа чынам абнавілі і актавую залу: сучасная плітка на падлозе, пафарбаваны сцены і прамочаны лакам, каб фарба не бралася, па-новаму выглядае і сцэна. Памяшканне наогул стала больш светлым і гасцінным. Тут жа, як і ў суседняй сталоўцы, поўнасцю памянялі асвятленне. Пасвяжэла пасля касметычнага рамонту і ў абедзеннай зале. А ў падсобным памяшканні для кухонных работнікаў з’явіўся вялікі, на ўсю сцяну, прыгожы малюнак. Зразумела, што добры настрой павароў будзе спрыяць прыгатаванню самых смачных страў.

Унутраная апрацоўка зроблена была і ў двух корпусах. Тут замянілі абшыўку сцен памяшканняў. Неўзабаве там з’явіцца і новая мэбля – шафы, тумбачкі і крэслы. Памяняюць іх яшчэ ў двух корпусах, у выніку чаго мэбля будзе поўнасцю абноўлена.

У час нашага візіту двое рабочых летніка афарбоўвалі дах адной з альтанак. Насустрач нам з-за корпусаў выйшлі ў спецадзенні двое работнікаў РЦГЭ, якія праводзілі тут санітарна-эпідэміялагічную апрацоўку. Так што кляшчам або іншыя шкодным кузуркам на тэрыторыю лагера ўваход закрыты. Бацькі за гэта могуць не перажываць. Як і наогул за арганізацыю адпачынку дзяцей. У яго ўвойдуць традыцыйныя наведванні басейна, экскурсійныя паездкі па памятных мясцінах Беларусі, ваенна-патрыятычныя і экалагічныя мерапрыемствы, спартыўныя і рухомыя гульні, цікавыя конкурсы і забавы. Пра гэта паклапоцяцца выхавальнікі лагера, у лі-ку якіх ізноў будуць прадстаўнікі студатрада з ліку студэнтаў і маладых педагогаў. Дарэчы, бацькі (не сумняваюся, што большасць з іх самі адпачывалі ў “Папараць-кветцы” і захавалі пра тыя часы самыя цёплыя ўспаміны) пуцёўкі ў летнік расхопліваюць, нібы гарачыя піражкі, і ўжо на ўвесь сезон сфармірованы спісы дзяцей усіх чатырох змен.

Гэтымі днямі ў лагеры ідуць апошнія прыгатаванні да афіцыйнага адкрыцця новага аздараўленчага сезона. Дарэчы, у працэсе работы прымалі ўдзел многія вытворчыя калектывы раёна (не толькі прадстаўнікі устаноў адукацыі). Сярод іх – аўтапарк №22, раён газазабеспячэння, торфапрадпрыемства “Бярэзінскае”, лясгас, спірт- і сыраробчы заводы і некаторыя іншыя. Сапраўды, укладваць свае фінансавыя сродкі і фізічныя намаганні ў дзяцей і іх шчаслівыя ўсмешкі – гэта самыя мудрыя ўкладанні. Летнік чакае дзятву, каб у чарговы раз падарыць ёй незабыўнае лета. Атрымлівайце асалоду!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Рубрики: