І якраз для таго, каб на названай галіне сельскай гаспадаркі засяродзіць увагу сённяшніх падлеткаў, і было арганізавана сёння па ініцыятыве дырэктара Бярэзінскага ПМС Мікалая Куксёнка цікавае прафарыентацыйнае мерапрыемства з выездам непасрэдна на месца ажыццяўлення работ. А ў сувязі з тым, што Чырвоны Дар знаходзіцца на самай мяжы з Чэрвеньскім раёнам, было прынята рашэнне аб сумесным правядзенні мерапрыемства разам з Чэрвеньскім ПМС.
Скажам шчыра: паглядзець было на што. Вабіла вока не толькі спецыялізаваная тэхніка, а і тыя віды работ, якія выконвалі механізатары: зводка і звозка дзікага кустарніка, ачыстка меліярацыйнага канала, апрацоўка глебы плугамі і дыскатарамі, капанне шматкаўшовым экскаватарам траншэі, выкарчоўванне каранёў… З цікавасцю глядзелі падлеткі на тое, што адбываецца навокал, задавалі шмат пытанняў, рабілі фота і сэлфі на фоне працуючай тэхнікі. Асаблівае захапленне выклікаў той факт, што кожны жадаючы мог заняць рабочае месца механізатара і адчуць сябе паўнапраўным трактарыстам або экскаватаршчыкам. Трэба адзначыць, што ў многіх кіраваць тэхнікай атрымлівалася зусім і зусім някепска, амаль прафесійна. Яно і не дзіўна, бо сярод запрошаных на мерапрыемства былі не толькі вучні старэйшых класаў гарадскіх некаторых сельскіх бярэзінскіх школ, а і навучэнцы-выпускнікі Смілавіцкага дзярэжаўнага каледжа.
Было відаць, што арганізатары сустрэчы добра падрыхтаваліся да прыёму гасцей. І для таго, каб ім не было вельмі халодна ў марозны дзень, прама на полі арганізавалі перасоўную кухню. А там былі не толькі гарачы чай з булачкамі, піражкамі і бяляшамі, а і наварыстая юшка і смачная каша. Пакрыўджаным не быў ніхто. А таму і настрой ва ўсіх быў бадзёры і аптымістычны.
Працягам мерапрыемства стаў візіт у цэнтральную раённую бібліятэку. Тут яе работнікі правялі пазнавальную экскурсію і пазнаёмілі гасцей з выпускаемымі на Бярэзіншчыне прамысловымі і харчовымі брэндамі, азнаёмілі з работай аддзелаў бібліятэкі, арганізуемымі тут выставамі, правялі па экспазіцыі краязнаўчай залы.
Заключны акорд сустрэчы прайшоў у зале маладзёжнага цэнтра. Апладысментамі віталі прысутныя харэаграфічнае выступленне бярэзінскіх мажарэтак. А затым адбыўся дыялог падлеткаў з кіраўнікамі меліярацыйных служб. Дырэктар Чэрвеньскага ПМС Аляксандр Шыфрын не толькі расказаў аб прафесіі меліяратара, задачах, якія ставяцца перад гэтай адказнай галіной, але і заклікаў прадстаўнікоў маладога пакалення, якія ўжо заўтра стануць сапраўднымі майстрамі сваёй справы, знайсці сваё годнае месца ў жыцці, сваімі справамі ўнесці дастойны ўклад у развіццё эканомікі краіны, быць працавітымі і адказнымі за даручаную справу.
Меркаванні ўдзельнікаў сустрэчы:
Данііл Мароз навучэнец Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа: Сёлетні год вучобы для мяне апошні.
З першага красавіка пачнецца вытворчай практыка, а пасля яе – размеркаванне. Буду працаваць механізатарам у ААТ “Заполле” ў Чэрвеньскім раёне. Падобнае мерапрыемства для мяне ўжо другое. Раней выезджалі ў Гродзенскую вобласць, дзе знаёміліся з дакладным земляробствам экскаватараў. Сёння пабыў у ролі механізатара. Таксама не ўпершыню, бо ў каледжы мы тэхніку вывучаем і затым атрымліваем катэгорыі трактарыста, вадзіцеля, для работы на экскаватары і пагрузчыку. Прымаў удзел у абласным конкурсе па эксплуатацыі сельскагаспадарчых машын і заняў першае месца. У маі адпраўляюся на рэспубліканскі аналагічны конкурс. Упэўнены, што першае месца будзе наша!
Вадзім Сасноўскі, навучэнец Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа. Я таксама меў сёння магчымасць заняць месца механізатара і адчуў сябе на нейкі час сапраўдным экскаватаршчыкам.
Надзейная сучасная тэхніка, на такой працаваць прыемна. Навыкі ў абыходжанні з ёй набываў у час вучобы. У нас у каледжы ёсць розныя яе віды. Пасля заканчэння сёлета вучобы буду слесарам-вадзіцелем. З такой спецыяльнасцю ніколі не прападзеш.
Міхаіл Андрыевіч, вучань СШ №3 г. Беразіно. Пасля заканчэння школы буду паступаць у Беларускі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.
Пасля яго заканчэння стану інжынерам па абслугоўванні сельскагаспадарчай прадукцыі. Для паступлення бяру мэтавае накіраванне ад упраўлення па сельскай гаспадарцы райвыканкама. Так што з часам вярнуся на малую радзіму. Мерапрыемства аказалася вельмі цікавым і пазнавальным. Скажу па праўдзе, як працуюць меліяратары бачу не ўпершыню. Назіраў за гэтым і раней, калі прыязджаў да бабулі і дзядулі ў вёску, жывуць яны ў Арэшкавічах, і там таксама праводзілі меліярацыю. Вельмі ўражвае, калі са, здавалася б, непрыгоднага ўчастка глебы атрымліваецца палетак, на якім неўзабаве будзе каласіцца жыта і пшаніца. Удзячную місію выконваюць людзі, малайцы.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.