Рукатворныя фантазіі

Date 06.06.2025 Man
Comment 210
Рукатворныя фантазіі

Гэтай публікацыяй рэдакцыя распачынае новы творчы праект “Гаспадары сваёй зямлі” пра цікавых і творчых асоб, якія сваімі рукамі і фантазіяй добраўпарадкоўваюць сваё жыллё, з’яўляюцца сапраўднымі гаспадарамі роднага куточка і робяць яго прыгожым, утульным і мілым сэрцу. Сёння наш расказ пра сям’ю Вольгі і Міхала Цэдрыкаў з г. Беразіно.

Вуліца гэта носіць рамантычную назву Набярэжная і поўнасцю ёй адпавядае, бо пралягае ўздоўж Бярэзіны і бярэ свой пачатак ад маёнтка графа Патоцкага. Яна хоць і нешырокая, але заўсёды светлая, зялёная і ўтульная, бо жывуць на ёй непаўторна-цікавыя людзі, надзеленыя багатай фантазіяй і непаддзельнай любоўю да свайго роднага куточка зямлі, сядзібы, дворыка. Заўсёды адчуваеш душэўнае замілаванне, калі траляеш на гэтую вулачку і знаёмішся з яе насельнікамі. А сярод іх – і героі публікацыі Вольга і Міхаіл Цэдрыкі.

– Гэта дом маіх бацькоў, – расказвае Вольга Мікалаеўна. – Іх прозвішча Змітровічы. Пасяліліся яны тут у 1956 годзе. Былі майстравыя, гаспадарлівыя і мнагадзетныя – выхоўвалі шасцярых дзяцей.  Пасля таго, як мы павырасталі, сюды вярнуўся жыць мой брат Анатоль, а гадоў пятнаццаць назад і мы з мужам сталі даглядаць гэтую сядзібу, каб захаваць у памяці сваё дзяцінства і тыя шчаслівыя гады.

Першачаргова планаў наконт упрыгожвання прысядзібнага ўчастка не было. Спачатку неабходна было адрамантаваць дом і надаць яму новае жыццё. Як сёння ўзгадваюць гаспадары, «на цэмент і дошкі» пайшло каля дзесяці гадоў. Спачатку вялі сшытак, дзе занатоўвалі свае расходы на рамонт, а потым убачылі, што гэта дарэмная ідэя і перасталі весці ўлік. Ды і як можна вымераць у грашовым эквіваленце тыя намаганні, што былі пакладзены на правядзенне работ. Выконвалі ўсё самі, істотную дапамогу аказалі і абодва сыны. Дом «паднялі», у ім з’явіліся ўсе неабходныя бытавыя ўмовы, было падключана газавае ацяпленне, яго плошча павялічылася за кошт новай прыбудовы і летняй адкрытай тэрасы. Неўзабаве на двары з’явіліся лазня, а потым па ініцыятыве аднаго з сыноў – і гасцявы дом. Прыдамавая тэрыторыя амаль поўнасцю была засеяна газоннай травой, пад градкі застаўся толькі невялікі ўчастачак за домам.

 

Вось толькі сядзець без справы Вольга, Міхаіл і Анатоль не сталі з завяршэннем будаўніцтва. Душа патрабавала годнага аздаблення прылягаючай тэрыторыі. На шчасце, Вольга Мікалаеўна аказалася з той кагорты творчых асоб, якая не толькі мае багатую фантазію, а і ведае, як увасобіць яе ў канкрэтныя вобразы, зрабіць прывязку да мясцовасці, са, здавалася б, звычайнага палена ці карча зрабіць чарговы шэдэўр, які зойме годнае месца сярод самаробных экспанатаў участка. Не адразу падворак набыў сённяшні выгляд. Былі і іншыя варыянты яго афармлення, але ад іх з часам адмовіліся.

– Мне вельмі пашанцавала на маіх мужчын, – працягвае Вольга Мікалаеўна, – яны ў мяне ніколі не сядзяць без справы, бо пастаянна заняты стварэннем тых вобразаў, якія нараджаюцца ў мяне ў думках. Ды і я б адна, без мужчынскай дапамогі, ніколі не змагла б ажыццявіць свае фантазіі.

Так на двары з’явіліся «Стары і старая», потым «Дрывасек» у цяльняшцы, кампазіцыя жанчыны ў купальніку з недвухсэнсавай назвай «Оля адпачывае». Корч старой яблыні ў руках майстроў ператварыўся ў васьмінога, а звычайныя цурбанчыкі сталі сямейкай гномаў… Шмат на двары і кветак. У сваёй пераважнасці невялікіх шматгадовікаў тыпу бархатцаў, петуній, флоксаў, ружаў. Асобныя з іх высаджаны ў кашпо. Неўзабаве яны поўнасцю расквецяць палісаднік, а пакуль што з-за халоднай вясны, на жаль, распусціліся далёка не ўсе.

– Калі да нас прыходзяць госці, а мы вельмі любім прымаць людзей, то некаторыя з найбольш цікаўных выказваюць думку, што наша прыгажосць каштуе вельмі дорага, – расказвае Вольга Цэдрык. – На самой справе гэта зусім не так. Ну, купляем мы фарбу, насенне або расаду кветак, бензін для газонакасілкі, якую падарыў малодшы сын. Вось і ўсе страты. Астатняе – уласныя намаганні і праца. Улетку яе заўсёды шмат. Іншы раз ледзь дапаўзаеш да ложку. Але якая асалода на душы ад вынікаў працы і прыгажосці! Нават у дні, калі бывае кепска, адзін толькі выгляд падворка ўзнімае настрой і становіцца лягчэй. Не, пакуль мы заняты гэтай справай, мы не старымся.

Між тым, Вольга Мікалаеўна ўжо пенсіяерка. Але нягледзячы на гэта працягвае працаваць у дзіцячым садку №4. Муж Міхаіл – у мінулым вадзіцель Бярэзінскага райаграсэрвіса, ці, як ён больш любіць казаць, райсельгастэхнікі, больш 30 гадоў кіраваў «КамАЗам»-запраўшчыкам, яму 65. Анатоль старэй яго на дзясятак гадоў, на пенсію пайшоў з раённага аддзела статыстыкі. Акрамя таго, што ўсе трое пастаянна займаюцца падтрыманнем належнага парадку на падворку, маюць і нямала захапленняў.

Так, Міхаіл узгадаў сваю даўнюю цягу да ігры на гармоніку, якая перадалася яму ад бацькі, вядомага некалі гарманіста на многіх вяселлях, і ўмела спраўляецца з інструментам. Прызвычаіўся ён і да рыбалкі і зараз юшка нярэдка бывае на сямейным стале. З густам аздобіць яго і прыбраць для ўрачыстасці – адно з хобі Вольгі. Яна ж – выдатны кулінар, віртуозна робіць нарыхтоўкі на зіму з вырашчаных ў агародзе садавіны і гародніны. Зімовымі вечарамі любіць заняцца рукадзеллем і шые дыванкі з рознакаляровых абрэзкааў тканіны. Творчымі асобамі з’яўляюцца і абедзве нявесткі: адна з іх малюе, другая вышывае крыжыкам – іх шэдэўры шырока прадстаўлены ў доме. Сваё ганаровае месца тут займае і карціна ката, якую ў свае 8 гадоў зрабіў унук.

Як бачым, кожны з членаў гэтай дружнай сям’і прыўносіць свой уклад у агульую скарбонку ўпрыгожвання мілага сэрцу куточка. І пакуль ён адчувае да сябе такія трапяткія адносіны, ён будзе шчодра дарыць сваю прыгажосць гаспадарам – гэтым нястомным працаўнікам.

P.S. Паважаныя сябры, запрашаем вас стаць героямі чарговых публікацый нашага праекта. Паведамляйце нам пра сябе і сваіх знаёмых – сапраўдных гаспадароў сваёй зямлі.

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER