Рукапісныя партызанскія часопісы пісаліся ў зямлянках у перапынках паміж баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах і на іншых спадручных матэрыялах. Іх захоўвалі разам з важнымі дакументамі і старанна запаўнялі фактамі: баявымі поспехамі і перамогамі, а таксама апавяданнямі пра жыццё атрада і яго членаў. Гэтыя самаробныя “кнігі” ажыўляліся малюнкамі і нязменным гумарам. Выданне перадавалі з рук у рукі, чыталі для падняцця маральнага духу і з верай у хуткую перамогу.
Менавіта дзякуючы такому рукапіснаму часопісу сёння мы можам даведацца шмат чаго цікавага пра атрад “Іскра” і пра яго камандзіра, які падчас Вялікай Айчыннай вайны стаў сапраўдным героем.
Атрад “Іскра” быў самым шматнацыянальным сярод партызанскіх атрадаў Беларусі. У адным страі прадстаўнікі 28 нацыянальнасцей жылі і змагаліся з ворагам адзінай сілай. На момант арганізацыі атрад налічваў усяго 18 байцоў, узброеных некалькімі вінтоўкамі Мосіна, наганам і кулямётам. А ўжо ў 1944-м у “Іскры”, ці як яго звалі ў народзе “Валодзькіным атрадзе”, было звыш 300 чалавек. За праяўленыя мужнасць і адвагу 11 працэнтаў партызан атрада атрымалі ўрадавыя ўзнагароды.
Уладзімір Паўлавіч Дзярабін нарадзіўся ў вёсцы Канавалаўка Самарскай губерні ў 1918 годзе. Пасля смерці бацькоў яго выхоўвала родная цётка. Але ў сямігадовым ўзросце падчас паездкі ў Ташкент хлопчык згубіўся ў натоўпе на вакзале і яго аддалі ў дзіцячы дом. Пасля школы ён атрымаў рабочую спецыяльнасць і ўладкаваўся ў паравознае дэпо горада Ташкента слесарам бягучага рамонту.
У 1939 годзе прызваны ў рады Чырвонай Арміі, служыў у Гомелі, быў майстрам зброі і меў званне сяржанта. У першыя дні вайны яго полк знаходзіўся ў летніх лагерах пад Вільнюсам. Дзярабін атрымаў загад пачаць эвакуацыю боепрыпасаў з Вільнюса ў напрамку Маладзечна. У адным з баёў пад гэтым беларускім горадам ён быў цяжка паранены і кантужаны. Разам з вайсковым сябрам вырашылі прабірацца да сваіх часцей.
Сам Валодзя ісці не мог, таму баявы таварыш вёз яго на звычайнай тачцы. У Бярэзінскім раёне на іх шляху аказаўся дом лесніка Ціта Шыракапыта, які майстраваў вядомыя ў акрузе лыжкі. Пазней лыжкі лесніка выкарыстоўваліся ў партызан замест пароля – хто прыходзіў да іх з лыжкай Ціта, таму можна было давяраць. Шыракапыт паведаміў, што ў лесе спакойна і лепш бы ім тут і застацца. Навучыў, як збіраць дровы, шукаць смалу і ягады, паказаў, дзе праходзяць якія сцежкі і ў якім баку чыгунка Мінск-Орша. Чырвонаармейцы выкапалі ў ельніку зямлянку і засталіся ў ёй жыць. Неўзабаве стала відавочна, што лес збірае ў сабе шмат людзей, якіх прымусіла бадзяцца вайна. Спачатку да зямлянкі прыйшлі некалькі ўкраінцаў і беларусаў, потым – кіргіз і ўзбек, за імі з’явіліся казах, трое адыгейцаў і грузін. Зімой да партызан далучыўся славак, а таксама Толя Петух, стрыечны брат будучай жонкі Дзярабіна Ніны. Толя быў зусім маладым і яго ўзялі ў атрад за тое, што ён прынёс з сабой два ручныя кулямёты.
Адседжвацца ў лесе Дзярабін не мог. Яго рашучы характар патрабаваў дзеянняў. Таму Уладзімір ходзіць па навакольных вёсках, сустракаецца з так званымі прыпіснікамі - байцамі і камандзірамі Чырвонай Арміі, якія жадаюць змагацца з ворагам, абмяркоўвае пытанне аб неабходнасці ствараць партызанскія атрады, весці тлумачальную работу сярод насельніцтва, збірае і хавае ў лесе зброю, распаўсюджвае зводкі Саўінфармбюро аб становішчы на франтах.
Шэсць разоў Дзярабіна арыштоўвалі, збівалі і катавалі, імкнуліся прымусіць здрадзіць сваім таварышам і выдаць іх. Аднойчы п’яныя паліцаі, жадаючы выслужыцца, разбілі аб яго спіну 2 вінтоўкі. Другі раз, адпускаючы за недаказаннасцю віны з Бярэзінскай камендатуры, выпаралі шомпаламі. Але нішто не зламала рашучасці Уладзіміра біцца з ворагам. Цудам выходзячы або ўцякаючы з-пад арышту, ён зноў браўся за справу… Двойчы яму дапамагалі пазбегнуць смерці савецкія патрыёты Леанід Шунэйка і Лізавета Гансоўская. “Адважны, бясстрашны і смелы ў баях”, - напішуць пазней байцы пра свайго камандзіра ў рукапісным часопісе №1, датаваным кастрычнікам 1943 года.
Усю зіму 1941-1942 гг. У. Дзярабін з таварышамі займаліся арганізацыйнымі пытаннямі, каб з прыходам вясны пачаць барацьбу з захопнікамі са зброяй у руках. Фарміраваліся невялікія групы, якія накіроўваліся ў раёны, дзе раней праходзілі баі, з мэтай знайсці там зброю і боепрыпасы. Здабытыя трафеі часта аказваліся іржавымі і няспраўнымі. Пад кіраўніцтвам майстра зброі Уладзіміра Дзярабіна яны аднаўляліся і прыводзіліся ў бояздольны стан. “У атрадзе была арганізавана зброевая майстэрня… аўтаматы вырабляліся са ствала нашай рускай вінтоўкі. Засаўка адкоўвалася з круглай сталі, а баявая спружына рабілася са стальнога дроту, які здабывалі з аўтамабільных пакрышак… Неяк у нас з’явілася ідэя – абзавесціся сваёй артылерыяй. Падумалі і вырашылі выкарыстоўваць для гэтага гарматы з танкаў, пашкоджаных падчас баёў”, - успамінаў камандзір атрада.
Але артылерыя была значна пазней. Падрыхтоўчыя работы па фарміраванні атрада былі скончаны ў красавіку, а 3 мая 1942 года адбылася нарада, на якой было аб’яўлена аб стварэнні атрада, які вырашылі назваць “Іскра”. 5 ліпеня ён ажыццявіў сваю першую паспяховую баявую аперацыю.
З гэтага часу пачаліся слаўныя баявыя справы іскраўцаў. Напачатку атрад складаўся толькі з мужчын. Але неўзабаве да партызан далучылася і некалькі жанчын. Сярод іх і будучая жонка Дзярабіна Ніна Патапенка з маці. Бацька Ніны быў старшынёй Смалявіцкага райвыканкама, з пачаткам вайны пайшоў на фронт, а яго жанчыны былі вымушаны ўцякаць ад карнікаў у лес.
За перыяд свайго існавання атрад “Іскра” знішчыў 1436 і параніў 1236 нямецкіх салдат і афіцэраў, паліцэйскіх і іншых здраднікаў Радзімы. Падрыўнікамі атрада спушчана пад адхон 17 варожых эшалонаў, выбухамі выведзены са строю 23 паравозы і 168 вагонаў. На расстаўленых на дарогах мінах падарвана 16 аўтамашын, 2 матацыклы, падарвана 16 мастоў, знішчана 980 метраў сувязі.
Камандзір атрада прымаў самы актыўны ўдзел у баявых аперацыях, не раз рызыкаваў сваім жыццём. Таму, нягледзячы на маладосць, карыстаўся заслужаным аўтарытэтам і павагай. Паважалі Дзярабіна і яго байцоў і ў навакольных вёсках, дапамагалі, чым хто мог. Ведалі пра “Іскру” і гітлераўцы. Але адносіны ў іх да яго, вядома, былі зусім іншымі. За галаву разведчыка атрада – жывога альбо мёртвага – была прызначана ўзнагарода ў 10000 марак.
У 1943 годзе ў “Валодзькін атрад” прыбыў Балан - камбрыг з Масквы. Ён павінен быў аб’яднаць некалькі беларускіх атрадаў у агульную брыгаду “Разгром”. Партызан Дзярабіна перавялі на новае месца дыслакацыі, бліжэй да чыгункі Мінск-Масква, і размясцілі ў зямлянках узводамі. За кожным атрадам замацавалі вёскі, у якія партызаны маглі б хадзіць за няхітрым правіянтам. Калі ў вёсцы былі немцы, жыхары вывешвалі ў двары белую бялізну і адчынялі насцеж дзверы хлява ці гарышча. Каб фашысты не саваліся ў лес, на дрэвах прыбівалі таблічкі: “Грамадзяне! Будзьце пільныя, дарога замініравана. Партызаны”.
Але аднойчы разведка данесла, што немцы акружылі лес. Па ўцякаючых фашысты стралялі з самалётаў. Атрад змог схавацца, прастаяўшы суткі па пояс у балоце непадалёк ад нямецкага гарнізона, дзе іх ніхто не думаў шукаць.
1 ліпеня 1944 года ля вёскі Забашавічы партызаны “Разгрома” сустрэлі танкістаў 3-га Беларускага фронта, з’яднаўшыся з войскамі Чырвонай Арміі, яны выйшлі з лесу. У Мінску “Валодзькін атрад” прыняў удзел у знакамітым парадзе беларускіх народных мсціўцаў.
Сёння на месцы партызанскіх могілак на лясной паляне ва ўрочышчы Стрыева, што на стыку Чэрвеньскага і Смалявіцкага раёнаў, устаноўлены мемарыял ў выглядзе шасці скрыжаваных аўтаматаў, сімвалізуючых шэсць атрадаў, якія ўваходзілі ў склад “Разгрома”. На дзесяці плітах імёны 239 партызан і падпольшчыкаў брыгады, якія загінулі ў гады вайны. “Разгром” – адно з найбуйнейшых партызанскіх злучэнняў Беларусі, ля вытокаў якога стаяў і атрад “Іскра” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Дзярабіна.
За смеласць і адвагу Уладзімір Паўлавіч Дзярабін узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, медалямі “Партызану Айчыннай вайны” І і ІІ ступеняў, медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг”. Пасля вызвалення ён застаўся жыць у Беларусі. Уладзімір Дзярабін памёр у 2000 годзе, будучы апошнім з партызанскіх камандзіраў Вялікай Айчыннай вайны. Пра жыццё ў атрадзе ён напісаў мемуары, рукапіс называецца “Камсамольская іскра”.
Вікторыя БАГАДЗЯЖ.