Наўрад ці ўдасца перавесці гэты паказчык у кіламетраж, а калі і паспрабаваць зрабіць такое вылічэнне, хаця б прыкладна, то лічба атрымаецца больш значная і будзе ўмяшчаць у сабе тысячы і сотні тысяч адлічаных спідометрам кіламетраў. Ды і геаграфія тых гарадоў, дзе давялося пабываць шафёру за сваё жыццё, выйдзе далёка а межы вобласці і нават рэспублікі.
Найбольш доўгімі і працяглымі маршруты ў Мікалая Фёдаравіча былі падчас яго работы ў ПМК-182, куды яшчэ юнаком прыйшоў ён у 1979 годзе пасля службы ў арміі. Пачынаў трактарыстам, а затым перабраўся і на грузавік. Падуладнымі яму былі і юркі ГАЗон, і больш магутныя МАЗ і нават КрАЗ. Дастаўляў грузы з розных куткоў не толькі на базу, але і непасрэдна на будаўнічыя пляцокі, сам удзельнічаў ва ўзвядзенні шэрагу аб’ектаў. А было іх на той час нямала, бо аб’ёмы будаўніцтва з году ў год не скарачаліся.
Адпрацаваўшы ў ПМК 15 гадоў, Мікалай Віхор вырашае памяняць месца прыкладання сваіх намаганняў і ўладкоўваецца на торфабрыкетны завод. Так у яго працоўнай кніжцы з‘яўляецца другі запіс аб прыёме на работу (дарэчы, іншыя запісы падобнага тыпу там так і не з’явіліся да сённяшняга часу). Чаго было прынята такое рашэнне, дакладнага адказу пачуць не ўдалося. Але не апошнюю ролю ў такім рашэнні, безумоўна, адыграў той факт, што на прадпрыемстве бухгалтарам працавала жонка (яе працоўны стаж склаў 42 гады). А куды нітка – туды і іголка.
Новая работа заключалася ў дастаўцы людзей да месца працы. Гэта сёння ў руках Мікалая Фёдаравіча камфартабельны аўтобус, дзе і печка для абагрэву ёсць, і салон вялікі. А быў жа час, калі вазілі завадчан на кузаве бартавога ГАЗіка, часткова абцягнутым брызентам. Вось такі табе кліматакантроль.
– Мой рабочы дзень доўжыцца з 7 да 18 гадзін, – расказвае вадзіцель, – а каб ён быў 8-гадзінным, даюць на працягу дня дадатковы двухгадзінны перапынак. Работа вельмі падабаецца, бо звязана з людзьмі. Гэта табе не тое, што аднаму везці груз за сотні кіламетраў. Але мае рэйсы не абмяжоўваюцца толькі паездкамі на прадпрыемства і назад. Даводзіцца выконваць і іншыя даручэнні. Без мяне таксама не абыходзіцца ніводная экскурсійная паездка. Так што сумаваць па вялікай дарозе не даводзіцца.
У калектыве паважаюць і цэняць гэтага чалавека за яго працавітасць, акуратнасць, сяброўскі характар, адносіны да тэхнікі, якая ніколі не падводзіць свайго гаспадара. Усе ведаюць, што Мікалай Віхор на работу прыходзіць ледзь ці не першым, яшчэ да сямі гадзін раніцы, каб своечасова даставіць занятых у першую змену працаўнікоў. Ды і потым, калі надараецца вольная хвілінка, таксама не любіць сядзець без справы: то траву пакосіць, то дапамагае наводзіць парадак на тэрыторыі вытворчай базы прадпрыемства, ніколі не адмаўляе, калі хтосьці звернецца да яго з просьбай.
Няглдедзячы на пенсійны зрост, Мікалай Фёдаравіч выглядае значна маладзей сваіх гадоў, ды і энергія ў ім адчуваецца невычарпальная. Тым не менш, ужо сёлета яго будуць праводзіць на заслужаны адпачынак.
– Я, наогул, лічуся адным са старэйшых працаўнікоў тут. Хіба што 65-гадовы Сяргей Паўлавіч Жукоўскі, які адпрацаваў на заводзе 47 гадоў. Але 24 лютага ён пакідае свой рабочы пост, – дзеліцца думкамі вадзіцель. – Так, трэба даваць дарогу маладым, і яны ў нас ужо з’яўляюцца, што радуе. Яны малайцы – энергічныя, няўрымслівыя, адказныя, нічым не горшыя за нас, калі мы былі ў іх узросце. За імі будучыня, за імі далейшае развіццё нашага прадпрыемства, у якога адкрываюцца новыя гарызонты, і краіны ў цэлым.
Падчас святкавання ў раённым цэнтры культуры 85-гадовага юбілею Мінскай вобласці Мікалай Віхор за свой працоўны ўклад у развіццё рэгіёна быў адзначаны падзячным лістом раённага выканаўчага камітэта.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.