У нашых дзяцей шчаслівае дзяцінства

Date 01.06.2023 Man
Comment 2414
У нашых дзяцей шчаслівае дзяцінства

У Міжнародны дзень абароны дзяцей на возеры адбылося свята. Яно сабрала вялікую колькасць дзятвы самых розных узростаў. Сумна не было нікому, бо тут было наладжана нямала атракцыёнаў, гульняў, выстаў, імправізаваных пляцовак і кірмашоў.

Задзейнічаны былі цэнтральная раённая бібліятэка, раённы цэнтр раместваў, раённы цэнтр культуры, раённы цэнтр дзіцячай творчасці, раённая школа мастацтваў, работнікі газавай і банкаўскай галіны, праваахоўных органаў. Яны прапаноўвалі віноўнікам свята паспрабаваць свае сілы ў розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, злавіць удачу за хвост у бяспройгрышнай эстафеце, атрымаць сімвалічны падарунак, паказаць свае веды па правілах бяспечных паводзінаў, паласавацца цукровай ватай і духмяным, яшчэ цёплым, папкорнам.

Галоўным момантам мерапрыемства з’яўляецца святочны канцэрт, дзе выступаюць выключна дзеці, а таксама зварот з віншавальным словам да ўсіх прысутных прадстаўнікоў улады. На гэты раз такі гонар выпаў начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Лучанок. Яе шчырыя словы прывітання арганічна спалучаліся са спевамі Ксеніі Галуза, Ксеніі Папковай, Дзіяны Дударонак, Ягора Піскуна, Дамінікі Лебедзь, Дар’я Цэдрык, Ксеніі Тукач, Варвары Панкратавай, Сафіі Каралёвай, Марыі Шык, Антона Ратнікава, Ксеніі Камароўскай, танцавальнага калектыву “Мажорыкі” і ўзорнага ансамбля танца “Вяселка” і інш.

Хапала на свяце падтрымкі і апладысментаў не толькі юным артыстам. Але і ўсёй дзятве. Цікава было назіраць як бацька Сяргей Мазавец вучыў сваіх двухгадовых двайнят Сафію і Мілану гуляць у хакей з мячом на траве.

Ды і намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ала Петруковіч зазірнула на свята, каб ўручыць грашовую прэмію Бярэзінскага райвыканкама вучаніцы пачатковай школы №1 горада Настассі Доўнар-Монтвід. Дзяўчынка добра вучыцца і валодае шматлікімі творчымі талентамі. Трэба было бачыць, як ззялі яе вочы ад шчасця! Застаецца адзначыць, што Міжнародны дзень абароны дзяцей святкуецца з пачаткам лета, а значыць, і самых працяглых канікул. Наперадзе ў школьнікаў працяг свята – час самага доўгага адпачынку, гульняў і забаў. Цэлыя тры месяцы – без урокаў і дамашніх заданняў. Няхай яны пройдуць, як і свята, пад знакам радасці адкрыццяў і бяспекі, парадуюць добрым надвор’ем, яркімі падзеямі, цікавымі сустрэчамі, карыснымі справамі, а ў дарослых пакінуць як мага менш хваляванняў за сваіх дзяцей.

 

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER