Прафесіяналы і прыгажуні

Date 01.02.2022 Man
Comment 626
Прафесіяналы і прыгажуні

Здаецца, наша Беразіно здаўна славіцца вялікай колькасцю прыгожых дзяўчат. Летась іх рады папоўніліся двума маладымі спецыялістамі, якія прыйшлі працаваць у раённы цэнтр культуры.

Гутарка ідзе пра Дар’ю Буцько і Кацярыну Пятрэнка. Абедзве вучыліся ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Дар’я па спецыяльнасці – рэжысура абрадаў і свят, Кацярына – эстрадны вакал. Закончыўшы вучобу, з 1 жніўня прыступілі да работы.

Першыя ўражанні

Беразіно маладым спецыялісткам спадабалася адразу. Вядома, са сталіцай і яе бурлівым жыццём не параўнаць, але ж параўнанне і не патрабуецца. Да слова, Дар’я праходзіла пераддыпломную практыку ў Бярэзінскім РЦК, і Кацярына таксама бывала тут раней, таму Беразіно ўспрынялі адразу як нешта ўжо сваё, роднае і звыклае.

– Беразіно ціхі і спакойны горад, з добрымі людзьмі. Так што з месцам паслядыпломнай адпрацоўкі нам вельмі пашчасціла, тут многае спрыяе палёту фантазіі і мастацкіх пошукаў, маецца прастора для палёту творчасці. Да таго ж дырэктар РЦК Марыя Бурымская дапамагае раскрыцца творчым талентам, і ад іншых старэйшых калег таксама пераймаем вопыт, – гавораць дзяўчаты.

Пра выбар прафесіі

Для Дар’і Буцько стаць артыстам было марай дзяцінства. У сям’і мастацтвам ніхто не займаўся, але ў дзяўчынкі з маленства сэрца прагла музы. Перад тым як паступіць у каледж, закончыла дзіцячую тэатральную школу мастацтваў. Было нават жаданне паступаць у Акадэмію мастацтваў на акцёрскі факультэт, але рашэнне перамянілася на карысць новаму захапленню – рэжысуры абрадаў і свят, бо вельмі хацелася арганізоўваць для людзей адпачынак і святы.

Кацярына Пятрэнка яшчэ ў школьны перыяд закончыла музычную школу па класе фартэпіяна, потым занялася эстрадным вакалам і захапілася спевамі, лічыць гэта заняткам на ўсё жыццё.

– Я першая ў сям’і занялася музыкай, – расказвае Кацярына. – І атрымала ад родных вялікую падтрымку, тата і мама наведваліся на ўсе мае канцэрты, залікі і экзамены. Мой выбар прафесіі мабыць для іх спачатку падаўся незвычайным, але мяне падтрымалі.

– Матуля спачатку не разумела маіх памкненняў, – распавядае Дар’я. – Але пасля таго, як я закончыла дзіцячую тэатральную школу, адчула, што я без гэтага жыць не магу, мне гэта цікава, таму перамяніла стаўленне і падтрымлівала мяне на ўступных экзаменах, наведвалася на ўсе мае спектаклі. Дапамагла адчуць, што дзейнасць у сферы тэатра, культуры – маё жыццёвае прызванне. Да таго ж, мая сястра займаецца ў школе з харэаграфічным ухілам. Так што, гэта выдатна – займацца тым, што падабаецца.

Дар’я

Да прыезду на адпрацоўку ў Беразіно портфоліа Дар’і Буцько ўжо змяшчала цікавыя здабыткі. Дзяўчынка яшчэ ў школьныя часы ўдзельнічала ў Мінскім конкурсе чытальнікаў, у выніку якога атрымала дыплом ІІІ ступені. Са школьным калектывам выступала ў Міжнародным тэатральным фестывалі “Крокі”, на якім яны занялі 1-е месца, што дазволіла цэлы год бясплатна займацца ў дзіцячай тэатральнай школе. Прыемна ўспамінаецца і ўдзел у фестывалі “Чароўны куфэрак”, калі ездзілі са сваім спектаклем у Любань.

Увогуле, Дар’я лічыць, што яе прафесіяй трэба пачынаць займацца з дзяцінства. Таму акрамя асноўнай работы, вядзе яшчэ і гурток-студыю тэатральнага майстэрства пры РЦК, у які наведваецца 20 дзетак.
Працуе зараз над мерапрыемствамі для дзяцей, прыдумвае разнастайныя віктарыны і конкурсы, скіраваныя на раскрыццё творчага патэнцыялу і інтэлектуальнае развіццё дзяцей. Асісціруе рэжысёру РЦК Аляксею Бабашаву, якога лічыць выдатным настаўнікам. Ганарыцца сумеснай работай з ім над леташнім конкурсам “Міс Агра-2021”.

– Мне выпала пісаць сцэнарый свята, потым Аляксей Валер’евіч карэкціраваў, падказваў, як зрабіць лепей. Ад яго варта пераймаць шмат добрага.

Важным выпрабаваннем было напісанне сцэнарыя нядаўняга калядавання, у якім прынялі ўдзел многія работнікі культуры. У працэсе арганізацыі гэтага народнага свята, адкрыла для сябе шмат новага.

– Зараз вывучаю праз назіранне асаблівасці правядзення народных свят на Бярэзіншчыне, бо адна справа – вывучаць фальклор у каледжы, зусім іншая – бачыць, як адбываецца на самой справе, – шчыра прызнаецца Дар’я. – Цікава!

Кацярына

Кацярына Пятрэнка піша музыку. Ужо мае запіс адной кампазіцыі “Fuege”, якую можна праслухаць на шматлікіх му-зычных пляцоўках у інтэрнэце і ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”. У музычных густах аддае перавагу сучасным спевам. Лічыць, што выконваць трэба толькі тую музыку, якая падабаецца і натхняе, адпавядае настроям.

На рабоце займаецца падборам рэпертуару да мерапрыемстваў у раённым цэнтры культуры і з задавальненнем спявае на шматлікіх святах і культурных мерапрыемствах: Новы год, Дзень маці, юбілей рэдакцыі газеты “Бярэзінская панарама” і многіх іншых. Цудоўная Снягурка са спевамі на шэсці Дзядоў Марозаў на гарадской плошчы – гэта таксама Каця.

Як і сяброўка, вядзе гурток вакальнага майстэрства, у які наведваюцца 12 дзетак. Да кожнага юнага выканаўцы – індывідуальны падыход.

Мае Кацярына і нечаканае захапленне: вэб-дызайн. На 4 курсе каледжа зрабіла сур’ёзны праект – сайт вядучага мерапрыемстваў. На дадатковых курсах гэтай справе не навучалася. Пашчасціла сустрэць у жыцці сябра, які дапамог самастойна засвоіць азы візуальна-графічнага праектавання. І нягледзячы на такое перспектыўнае хобі, між іншым, папулярны сёння сродак атрымання добрых даходаў, здрадзіць любімай прафесіі Каця і блізка не думае. Музыка і спевы для яе – занятак назаўсёды. Таму марыць павышаць планку і ўдасканальваць прафесіяналізм, імкнуцца да вяршынь, далей складаць песні
і (хто ведае?) выйсці аднойчы на вялікую сцэну.

Кахання і шчасця!

Пасябравалі гераіні нашага матэрыялу, у калектыве раённага цэнтра культуры па-іншаму нельга. Усё робяць разам, сумесна рыхтуюць мерапрыемствы, удзельнічаюць у разнастайных святах і выступленнях. Не абышлі бокам і грамадскае жыццё, удзельнічаюць у прафсаюзе і ў БРСМ. Праўда, на маё пытанне, ці плануюць застацца ў нашым горадзе пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі, пакуль упэўнена адказаць не могуць. Лёсавызначальнае пытанне патрабуе наяўнасці многіх складаемых. Хочацца пажадаць дзяўчатам далейшых творчых пошукаў і здабыткаў. І абавязкова – знайсці ў Беразіно кожнай сваё каханне і шчасце, каб застацца тут і ўзбагачаць наш край сваімі цудоўнымі справамі і прыгажосцю!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER