Мікола ЧАРНЯЎСКІ. ВЯСЕЛЛЕ Ў НАЛІБОКАХ.
Творы, сабраныя ў гэтай кнізе вядомага пісьменніка, лаўрэата многіх літаратурных прэмій, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Міколы Чарняўскага, - найперш цікавыя і адметныя тым, што яны шмат у чым дакументальныя, цалкам адпавядаюць жанраваму вызначэнню “жыццёвыя былі”. З кнігі яскрава паўстаюць каларытныя вобразы тых людзей, з якімі зводзіў яго лёс, каму выпала доля прычыніцца да самых розных з’яў і падзей свайго веку.
Што за прыгода адбылася ў час вяселля ў пушчанскай вёсцы Налібокі? Чаму не ўсё смачнае, хоць і з маслам? Калі ласка, кніга для аматараў беларускай літаратуры.
Аўтар нарадзіўся ў 1943-м годзе. Працаваў у рэдакцыі газеты “Піянер Беларусі”, на Беларускім радыё, у рэдакцыях часопісаў “Бярозка” і “Вясёлка”. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Адзначаны медалём “За вялікі ўклад у літаратуру”.
Аляксей ЧАРКАСАЎ, Паліна МАСКВІЦІНА. ЧОРНАЯ ТАПОЛЯ
Заключная кніга класічнай трылогіі “Сказанні аб людзях тайгі”, створанай яшчэ ў савецкі час. Можна было б у дадзены агляд прывесці адразу тры кнігі, аднак і з адной усё зразумела: перад намі ўзор добрай і якаснай літаратуры.
У цэнтры твора далёкая сібірская вёска Белая Ялань, падзеі ў якой разгортваюцца на працягу прыкладна стагоддзя, калі не больш. Царская эпоха, рэвалюцыя, Вялікая Айчынная… Насуперак усім нягодам жыццё людзей ідзе сваёй чарадой, і шмат месца ў ім для кахання і нянавісці, самаадданасці і здрадзе.
Моцная кніга. Свежае перавыданне папулярнага ў свой час рамана.
Энн ТАЙЛЕР. МОРГАН ВЫСЛІЗГВАЕ
Раман ад лаўрэата пулітцэраўскай прэміі. Здаецца, падобны статус павінен усё тлумачыць. Але ж, у любым выпадку, кожная кніга выключна для свайго чытача.
…Канец 1960-х. Моргану з 40, у яго кудлатая барада, дзякуючы якой ён выглядае значна старэй. Фантазіі Моргана – бегства ад рэальнасці, у якой ён мае непрыкметную жонку, семярых дачок, нешчаслівую сястру і трошкі звар’яцелую матулю. Морган замкнуты ўнутры сямейнага быту, яму здаецца, што сапраўднае жыццё бурліць недзе побач, па-за ягонымі сямейнымі рамкамі. Трэба толькі пільней угледзецца ў наваколле, каб пачалося нешта новае, цікавае, прыкметнае і прыемнае. І аднойчы Морган сустракае Эмілі і Леона, бадзяжнікаў, якія паказваюць усім жадаючым лялечныя спектаклі. І нарэшце жыццё Моргана мяняецца.
Як кажуць крытыкі, перад намі эксцэнтрычны, іранічны, трошкі сумны і вельмі цёплы раман пра сямейныя каштоўнасці, пра радасці і жахі сямейнага жыцця. Наогул гэта адна з лепшых кніг дадзенага аўтара. Гэта дэманстрацыя таленту расказваць гісторыі пра людзей, іх праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца штодня, іх мары, памкненні і часам нечаканы фінал тых мар і памкненняў.
Аглядаў кніжкі Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.