Свята бярэзінскага брэнда

Date 04.04.2022 Man
Comment 1163
Свята бярэзінскага брэнда

Ужо трэці год запар раённы цэнтр рамёстваў 2 красавіка, у Міжнародны дзень лыжкі, арганізаваў для ўсіх жадаючых дзень адкрытых дзвярэй.

Госці ўстановы мелі магчымасць бясплатна наведаць пакой-музей драўлянай лыжкі, даведацца аб гісторыі стварэння гэтага  прадмета нашага ўжытку, пазнаёміцца з выстаўленымі экспанатамі і самім паспрабаваць пад кіраўніцтвам вопытнага разьбяра па дрэве, народнага майстра Беларусі Яўгена Восіпава стварыць сваю першую ўласную лыжку. Больш таго, у гэты дзень, наведаўшы яшчэ адзін майстар-клас, дзе чаравалі ўмельцы работы з глінай, можна было заняцца вырабам і керамічнай лыжкі! Пагадзіцеся, даволі ўнікальны выпадак.

Наведвальнікі мерапрыемства

Тым часам яшчэ ў адной зале таксама кіпела работа. Тут рабілі шпакоўні і іншыя домікі для птушак. Аб пералётных сябрах чалавека і стварэнні для іх належных “жыллёвых” умоў наведвальнікам мерапрыемства расказваў вельмі цікавы чалавек, знаўца многіх птушыных звычак – Барыс Барэль, у якога на ўчастку ў в. Неганічы ўстаноўлена звыш дзесяці шпакоўняў. А які ён адмысловы майстар па вырабе такіх домікаў! І кожны жадаючы мог дапамагчы майстру ў іх стварэнні. Тут жа была наладжана выстава работ праведзенага ў раёне з 15 па 31 сакавіка конкурсу на лепшую шпакоўню “Ды ажыве птушыны шчэбет”. Якіх толькі домікаў тут не было! Лічыце самі: пераможцы конкурсу адзначаліся па наступных намінацыях - за самую правільную і ўтульную хатку, за самую аргінальную шпакоўню, за самы крэатыўны дызайн гняздоўя, за самы казачны палац і за лепшую калекцыю хатніх работ.

Да канца дня дзверы цэнтра рамёстваў былі гасцінна адчынены для бярэзінцаў. І кожны, хто завітаў сюды на свята лыжкі, ніколькі не пашкадаваў аб патрачаным часе.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

 

 

 

                                                                                                                     

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Без улыбки жить нельзя Раім прачытаць »