СОНЦА ГРЭЕ, КОЛАС СПЕЕ
Падобных зборнікаў у нашых аглядах яшчэ не траплялася. На вокладцы так і напісана – “вялікая энцыклапедыя маленькага прафесара”, а ўнутры – “чытанка для дзяцей дашкольнага ўзросту”. Вось ведаюць жа ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, што на самой справе трэба кніжнаму рынку.
“Шаноўныя чытачы! Ці даводзілася вам назіраць, як маладым росным ранкам скрозь кудзелю аблокаў на асмужаным небе прабіваецца акрайчык серабрыстага месяца? Так, гэта маладзічок. Ужо ў наступныя досвіткі ён пабольшае, пачне паступова акругляцца, пасталее і нарэшце стане поўняй – сапраўдным месяцам. Мне здаецца, чалавечае жыццё гэтаксама пачынаецца з маленькага, кволага дзіцяці-маладзічка, але з цягам часу набіраецца фізічнай моцы, розуму, дасягае даросласці…” Вось з такіх слоў пачынаецца кніга.
Сюды ўвайшлі творы мастацкай літаратуры і фальклору для дзяцей ад трох да сямі гадоў, якія можна выкарыстоўваць бацькам, выхавацелям устаноў дашкольнай адукацыі для арганізацыі заняткаў па развіцці маўлення. Знаёмства з беларускамоўнымі творамі ўзбагачае лексічны запас, дапамагае дзіцяці паспяхова авалодаць роднай мовай.
Прызначаецца для чытання дарослымі дзецям дашкольнага ўзросту.
Юліян СЯМЁНАЎ. “ОГАРЕВА, 6”.
Папулярныя творы прызнанага майстра вострасюжэтнага жанру. Юліян Сямёнаў – сусветна вядомы журналіст-міжнароднік, пісьменнік і сцэнарыст. Яго кнігі – праўдзівыя дэтэктыўныя гісторыі з захапляльнай інтрыгай і рэальнымі персанажамі.
Супрацоўнікі МУРа палкоўнік Аляксей Садчыкаў і маёр Уладзіслаў Касценка расследуюць дзёрзкія разбойныя нападзенні на зберкасы, якія здзяйсняе група злачынцаў. Сышчыкі распрацоўваюць самыя хітрыя планы захопу, але зладзюгам увесь час шанцуе і атрымліваецца схавацца. Так працягваецца да той пары, пакуль аператыўнікі не затрымліваюць Лёньку, які выпадкова апынуўся ў асяроддзі налётчыкаў, і які ведае, дзе хаваеца банда.
У кнігу таксама ўвайшла класічная аповесць “Пятроўка, 38”.
Ю НЭСБЁ. ТАРАКАНЫ
Кніга з серыі “Зоркі сусветнага дэтэктыва”.
Пасол Нарвегіі знойдзены забітым у бангкокскім бардэлі. У Осла спяшаюцца замяць скандал і камандзіруюць у Тайланд інспектара паліцыі Хары Холе, якому выпала правесці канфідэнцыйнае расследаванне. Апынуўшыся ў “злачных” месцах Бангкока, сярод опіумных прытонаў і стрып-бараў, Хары паступова высвятляе, што ў справе з забойствам не ўсё так відавочна, як здавалася з самага пачатку. Тараканы шоркаюць пад плінтусамі. Хтосьці прытаіўся ў цемры, і гэты хтосьці не выносіць дзённага святла, не жадае быць выкрытым.
Нарвежскі пісьменнік Ю Нэсбё стаў знакамітым, дзякуючы серыі крымінальных раманаў пра паліцэйскага Хары Холе. Творы вядомыя ў свеце і карыстаюцца заслужанай папулярнасцю. Вядомы пісьменнік і ў нас.
Аглядаў кніжкі Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.