Памяць уваскрасае імёны

Date 06.05.2023 Man
Comment 685
Памяць уваскрасае імёны

9 мая мы ўсе збяромся традыцыйна разам, каб у чарговы раз адзначыць адно з самых галоўных свят народа - Дзень Вялікай Перамогі.

І хоць жывых сведак тых грозных гадоў, нават з улікам так званай катэгорыі дзяцей вайны, з кожным днём застаецца ўсё менш, вартасць гэтага свята не губляе сваёй памяці і вастрыні. Бо яно з’яўляецца меркай нашага мірнага жыцця, якое сёння пануе ў нашай краіне і дасталося коштам вялікіх ахвяр і страт.

Нават зараз, праз многія дзесяцігоддзі пасля пераможнага салюта і апошняга стрэлу, не завершана работа над складаннем спісаў страт, панесеных нашым народам у перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Колькі яшчэ засталося невядомых герояў, пахаваных у брацкіх і адзіночных магілах, закатаваных і забітых мірных грамадзян. Хтосьці сказаў, што вайна не завершана да таго часу, пакуль не ўстаноўлена яе апошняя ахвяра.

Іменна над удакладненнем прозвішчаў загінуўшых шмат працуюць сёння работнікі нашай пракуратуры. Мэта, якая пастаўлена перад намі, правесці вывучэнне матэрыялаў, якія сведчаць пра генацыд фашыстаў на тэрыторыі Бярэзіншчыны ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Больш года доўжыцца гэтая работа, у выніку чаго выяўлены новыя факты знішчэння нашых мірных землякоў, сабрана шмат сведчанняў, якія былі малавядомыя даўней. Для пацвярджэння фактаў забойстваў мірных грамадзян і даследавання магіл з невядомымі раней пахаваннямі гэтым летам і ўвосень да нас прыбудзе пошукавы атрад, які правядзе на ўказаных месцах раскопкі.

Яшчэ адной важнай падзеяй стала стварэнне па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь электронных версій спісаў ахвяр вайны, якія змешчаны ў раённай кнізе “Памяць”, што дасць магчымасць большаму колу людзей пазнаёміцца з імі і ўнесці свае дапаўненні.

Работа па ўвекавечванні памяці загінуўшых і ахвяр генацыду працягваецца. І не толькі дзякуючы ёй жыве ў нас памяць пра мінулыя пакаленні і пра вайну. Сёння яна – адна са старонак нашай гісторыі. Ні перагортваць яе, ні перапісваць мы не павінны і не маем маральнага права. А вось захаваць гэтую памяць і перадаць яе наступным пакаленням – наш святы абавязак.

Андрэй ФІЛОНЧЫК,
выконваючы абавязкі пракурора Бярэзінскага раёна.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Нашел могилу деда Яны пакарылі неба »