Яны пакарылі неба

Date 05.05.2023 Man
Comment 984
Яны пакарылі неба

Сёння мы працягваем узнятую тады тэму гераічных лётчыкаў Бярэзіншчыны і змяшчаем чарговую падборку слаўных біяграфій людзей, якія, нягледзячы на ўсе нягоды ваеннага ліхалецця, змаглі выжыць у тых умовах і вярнуцца да мірнай стваральнай працы. Гэтыя прозвішчы – толькі адна са старонак той вялікай кнігі вайны, якая намі яшчэ да канца не прачытана і не вывучана. І тым больш, не павінна кануць у нябыт.

Пётр Фёдаравіч Бачыла, 10 верасня 1920 года нараджэння, в. Забалоцце Рудзенскага раёна. У 1941 г. закончыў школу малодшых камандзіраў, быў паветраным стралком-радыстам на ІЛ-4. Удзельнічаў у начных баявых вылетах у тыл ворага. З 1942 па 1945 год – паветраны стралок-радыст, інструктар 22 вучэбнага авіяцыйнага палка 1-й лётнай школы начных экіпажаў. З 1986 года пражываў у г. Беразіно.

Міхаіл Адамавіч Белязяк, 1913 года нараджэння, в. Матылянка. У Чырвонай Арміі з 1934 па 1954 год. Лейтэнант 43 блізка-бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка. Адзначаны медалём “За адвагу” і ордэнам Чырвонага Сцяга, а таксама медалём “За баявыя заслугі” і ордэнам Чырвонай Зоркі (за ўзяцце Кенігсберга).

Уладзімір Сцяпанавіч Буры, 1914 года нараджэння, в. Мацевічы. У Чырвонай Арміі з 1937 года. Капітан тэхнічнай службы па абслугоўванні авіяцыйных палкоў. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі (двойчы), Айчыннай вайны II ступені, медалямі “За баявыя залсугі”, “За абарону Каўказа”, “За перамогу над Германіяй”.

Пётр Фаміч Вяржбіцкі, 1903 года нараджэння, в. Жабіхава. У Чырвонай Арміі з 1926 года. Да вайны закончыў Вышэйшую школу лётчыкаў, з’яўляўся памочнікам начальніка штаба па разведцы дальне-разведвальнай авіяэскадрыллі, начальнікам штаба лёгкай бамбардзіровачнай эскадрыллі, у 1938-1939 гадах знаходзіўся пад следствам як польскі шпіён. Палкоўнік. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (двойчы), Айчыннай вайны I і II ступені, Чырвонага Сцяга, медалямі “За абарону Сталінграда”, “За перамогу над Германіяй”. Пахаваны на гарадскіх могілках.

Іван Сяргеевіч Гамеза, 1922 года нараджэння, в. Вяшэўка. У Чырвонай Арміі з 1940 года. Служыў у 998 бамбардзіровачным палку. Капітан. За час знаходжання на фронце ажыццявіў 244 баявыя вылеты з налётам 341 гадзіны, скінуў 40999 авіябомб і 112 тысяч лістовак. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Медалямі “За баявыя заслугі” і “За перамогу над Германіяй”.

Мікалай Харытонавіч Габец, 1921 года нараджэння, в. Перавоз. Старшы тэхнік-лейтэнант, 889 начны лёгкі бамбардзіровачны полк. Узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі “За баявыя заслугі”, “За абарону Каўказа”, “За перамогу над Германіяй”.

Цэдрык Іларыён Іларыёнавіч, 1915 года нараджэння, в. Рудзенка. Быў прызваны ў 1937 г. Служыў на аэрадроме спецназа ваенна-паветраных сіл. Узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй”.

Георгій Фёдаравіч Картэль, 1918 года нараджэння в. Вісея Слуцкага раёна. У дзеючай армііі з 1938 па 1946 год. Капітан. Камандзір танка КВ, закончыў Балтыйскае лётнае вучылішча (1943 г.). Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Пражываў у Беразіно, дзе доўгі час узначальваў Бярэзінскі спіртзавод.

Васіль Барысавіч Кавалёнак, 1910 года нараджэння, в. Міластава. Маёр. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За баявыя заслугі” (двойчы), “За перамогу над Германіяй”.

Мікалай Міхайлавіч Кандрусік, 1920 года нараджэння, в. Якшыцы. Старшына, стралок бамбардзіроўшчыка начнога лёгкага бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка. У 1943 г. быў цяжка паранены. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, медалямі “За абарону Каўказа”, “За перамогу над Германіяй”, “За ўзяцце Берліна”.

Мікалай Сяргеевіч Ласіцкі, 1921 года нараджэння, Старобінскі раён Брэсцкай вобласці. Малодшы лейтэнант, 45 гвардзейскі начны бамбардзіровачны авіяцыйны полк. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За перамогу над Германіяй”, “За ўзяцце Берліна”. З 1952 года працаваў загадчыкам Бярэзінскага фінансавага аддзела.

Пётр Іванавіч Мурашка, 1916 года нараджэння, Чэрвеньскі раён. Лейтэнант, штурман транспартнага авіяпалка асаблівага назначэння. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I і II ступені, Чырвонага Сцяга (двойчы), медалямі “За перамогу над Германіяй”, “За ўзяцце Варшавы”, “За ўзяцце Будапешта”. У 60-х гадах жыў у г. Беразіно.

Рыгор Мацвеевіч Несцяровіч, 1916 года нараджэння, в. Несцяроўка. У дзеючай арміі з 1936 года. Лейтэнант, камандзір звяна штурмавога авіяпалка. Ажыццявіў 133 баявыя вылеты, 44 бомбакіданні, правёў 4 паветраныя баі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (двойчы), медалямі “За перамогу над Германіяй”, “За адвагу”. Пахаваны на могілках в. Несцяроўка.

Уладзімір Піліпавіч Няхай, 1918 года нараджэння, в. Высокая Гара. Гвардыі старшына, авіямеханік знішчальнага палка. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “За абарону Масквы”, “За абарону Ленінграда”, “За перамогу над Германіяй”, “За ўзяцце Берліна”, “За вызваленне Прагі”.

Іван Іванавіч Няхай, 1918 года нараджэння, в. Калюга. У дзеючай арміі з 1938 года. Старшына знішчальнай авіяцыйнай дывізіі. Узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За абарону Каўказа”, “За перамогу над Германіяй”.

Віктар Уладзіміравіч Аляхновіч, 1923 года нараджэння, г. Орша. Старшына, стралок-радыст. Пасля цяжкага ранення ў 1943 г. быў камісаваны з арміі. Узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За абарону Масквы”, “За перамогу над Германіяй”. Да 1965 года працаваў у Бярэзінскім судзе. Пахаваны на гарадскіх могілках.

Антон Васільевіч Пятровіч, 1921 года нараджэння, в. Гута. Падпалкоўнік 531 знішчальнага авіяцыйнага палка. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (двойчы), Айчыннай вайны II ступені, медалямі “За абарону Савецкага Запаляр’я”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”.

Мікалай Мікалевіч Сахончык, 1917 года нараджэння, в. Паложына. Маёр мехслужбы 151 гвардзейскага знішчальнага авіяцыйнага палка. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (двойчы), медалямі “За баявыя заслугі”, “За абарону Масквы”, “За перамогу над Германіяй”. Пахаваны на гарадскіх могілках.

Мікалай Іванавіч Слабко, 1921 года нараджэння, в. Вязькуцін. У дзеючай арміі з 1939 года. Малодшы лейтэнант, служыў у 82-м раёне авіяцыйнага базіравання 14 паветранай арміі. Пры выкананні задання атрымаў цяжкае раненне, у выніку чаго страціў магчымасць быць лётчыкам. З 1943 года – камандзір узвода 218 стралковага палка. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За абарону Ленінграда”, “За ўзяцце Кенігсберга”, “За перамогу над Германіяй”.

Віктар Канстанцінавіч Філіповіч, 1921 года нараджэння, в. Капланцы. Закончыў дывізіённую школу старшын, стралок-радыст авіяцыйнага палка. Пахаваны на гарадскіх могілках.

Сяргей Максімавіч Цэдрык, 1920 года нараджэння, в. Дулебы. Лейтэнант, асобны батальён аэрадромнага базіравання. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За абарону Сталінграда”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”.

Віктар Фёдаравіч Чаган, 1919 года нараджэння, в. Жарамец. Гвардыі старшына 33 гвардзейскага штурмавога авіяцыйнага палка. Узнагароджаны ордэнамі Славы, Чырвонай Зоркі, медалямі “За адвагу” (двойчы), “За ўзяцце Берліна”, “За вызваленне Варшавы”, “За перамогу над Германіяй”. Пахаваны на гарадскіх могілках.

Пётр Андрэевіч Чаган, 1904 года нараджэння, в. Жарамец. У Чырвонай Арміі з 1926 па 1933 год і з 1940 па 1945 год. Падпалкоўнік, знішчальны авіяцыйны полк. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (двойчы), медалямі “За абарону Масквы”, “За перамогу над Германіяй”.

Іван Якаўлевіч Яроцкі, 1922 года нараджэння, в. Капланцы. Інжынер-капітан авіяцыйнай базы. Узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.

Падрыхтаваў Ігар ЖУКОЎСКІ.
Фота з архіва аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER