І вось мы размаўляем з Раісай Максімаўнай Паддубскай у яе дома. Аказалася, што яна нарадзілася за мяжой… нашага раёна, у суседнім Клічаўскім, у вёсцы Колбча. Там жа знайшла і сваё сямейнае шчасце, мужа Міхаіла. Ужо будучы сямейнай парай перабраліся ў Беразіно (сюды перацягнуў стрыечны брат мужа), на выдзелены ўчастак перавезлі свой вясковы дом. З таго часу прайшло ўжо 50 гадоў. І ўвесь гэты перыяд сям’я з’яўлялася пастаяннай падпісчыцай нашай газеты.
– Памятаю, калі называлася яна “Сцяг Леніна”. Ды і як стала яна “панарамай” – ужо колькі часу мінула. Цікава чытаць мясцовыя навіны, пра людзей, пра мерапрыемствы, што праходзяць у горадзе і раёне, пра работу сельскай гаспадаркі… Чытаю ўсё падрад, а затым складваю газеты ў асобны стосік, – расказвае жанчына. –
Сёння газета для мяне – галоўная крыніца інфармацыі, бо з-за ўзросту (як-ніяк, а ад новага года пайшоў 83-ці гадок) і тых балячак, што чапляюцца штодзень, увесь час сяджу дома. Вось і чакаю з нецярпеннем раёнку, каб акунуцца ў падзеі, быць у курсе таго, што адбываецца ў раёне і за яго межамі. Добра, што вы друкуеце не толькі мясцовыя навіны: усё патрэбнае можна знайсці ў адным выданні і не трэба выпісваць штосьці дадаткова.
Колькі гадоў раёнка была настольнай газетай і мужа, – са скрухай у голасе дадае кабета. – Ды летась 25 кастрычніка не стала яго. Паўгода, лічы, не дацягнуў да нашага сямейнага 60-гадовага юбілею. Хацелі адзначыць, дзяцей сабраць. Іх у нас двое. Малодшы – Гена – жыве на Украіне, у горадзе Ізмаіл. Там, дзякаваць Богу, ціха, жывуць мірным жыццём. Хачу, каб сюды вяртаўся. Не стане мяне – што з хатай рабіць, а так жыў бы тут, побач з сястрой. Люда мая (Людміла Міхайлаўна Раманоўская) нядаўна на пенсію выйшла. А да гэтага часу ўсё жыццё, як скончыла тэхнікум, так і ўладкавалася, працавала ў аддзяленні Беларусбанка. Дарэчы, у газеце пра яе неаднойчы пісалі, фотаздымкі таксама змяшчалі. Малайчына яна ў мяне. Усе мае клопаты на ёй. Цягне перабірацца жыць да сябе, але пакуль сама крыху рухаюся па доме, не хачу кідаць яго. Вось і ўборку веснавую распачала ў меру сіл. Ды (уздыхае) колькі іх там засталося…
Раіса Максімаўна бярэ акуляры, працірае шкельцы, чапляе іх на нос і паглыбляецца ў чытанне чарговага нумара “Бярэзінскай панарамы”: пакуль мы жывыя, у нас жыве і цікавасць да ўсяго таго, што адбываецца навокал.
– Жадаю ўсяму калектыву рэдакцыі поспехаў, цікавых тэм і пабольш нераўнадушных падпісчыкаў, – гаворыць на развітанне Раіса Максімаўна. – Памятайце, што ваша работа вельмі патрэбная і чаканая. Ну, а з вамі я не развітваюся, буду чакаць у чэрвені, каб падпісацца на трэці квартал, а як жа, куды я без раёнкі?
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.