Сустрэча з моладдзю ўчастка вытворчасці спірту г. Беразіно

Date 20.04.2022 Man
Comment 1475
Сустрэча з моладдзю ўчастка вытворчасці спірту г. Беразіно

Сёння адбылася сустрэча першага сакратара Бярэзінскага райкама БРСМ Кацярыны Аўрамчык з моладдзю ўчастка вытворчасці спірту г. Беразіно.

- Маладых супрацоўнікаў узростам да 31 года ў нас не так ужо і багата, - шчыра кажа намеснік начальніка ўчастка Дзмітрый Шмарлоўскі. – Цякучкі кадраў не назіраецца. Аднак тыя маладыя людзі, якія ў нас ужо працуюць, усе малайцы, выдатныя спецыялісты, актыўныя і ў рабоце, і наогул па жыцці.

Дзмітрый Драко працуе электраманцёрам, а Цімафей Шчатко – апаратчык атрымання вуглекіслаты.

На пытанне першага сакратара “Чаму да сёй пары не ў маладзёжнай арганізацыі?” хлопцы запэўнілі, што да сёй пары ўзважвалі ўсе “за” і “супраць”, патрэбен быў штуршок да матывацыі.

Кацярына Юр’еўна пазнаёміла прысутных з работай БРСМ і шэрагам мерапрыемстваў, якія праводзіць райкам сумесна з прадпрыемствамі і арганізацыямі Бярэзіншчыны. Таксама патлумачыла сэнс грамадскага маладзёжнага руху, распавяла пра працу студатрадаў, магчымасць летам падзарабіць, правядзенне вольнага часу, спартыўныя спаборніцтвы па розных відах спорту, перспектывы развіцця і многае іншае.

- Найбольшая колькасць моладзі Беразіно працуе ў лясгасе і на сырзаводзе, - пракаментавала Кацярына Аўрамчык. – Аднак БРСМ ідзе ва ўсе структуры, дзе працуе нават хоць адзін-два маладых чалавекі. Нас цікавіць лад жыцця моладзі, умовы працы, наогул усё, чым зараз жывуць маладыя людзі. Запрашаем іх далучыцца да маладзёжнага руху, удзельнічаць у мерапрыемствах, у грамадска-сацыяльным жыцці. Мы павінны быць разам, дзяліцца вопытам, пашыраць сяброўскія сувязі, дапамагаць адзін другому ў вырашэнні разнастайных пытанняў.

Сустрэча адбылася ў цёплай атмасферы, візіт першага сакратара ў арганізацыю прайшоў недарэмна, прысутныя выказалі жаданне папоўніць шэрагі маладзёжнай арганізацыі.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER