У гэтым мы пераканаліся ў час чарговага сумеснага рэйду па домаўладаннях жыхароў Пагосцкага сельскага Савета. У саставе нашай рэйдавай брыгады на гэты раз былі дзяржінспектар Бярэзінскага філіяла інспекцыі Дзяржэнергагазнагляду Віктар Дземяшкевіч, інспектар прапаганды РАНС Вольга Данэйка, інспектар Пагосцкага сельвыканкама Віктар Хорсун, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Кацярына Семяняка. Шлях наш пралягаў цераз такія населеныя пункты, як Любушаны, Казлоў Бераг, Ягадка, Цярэсіна і Журавок.
Калі мы завіталі да аднаго з гаспадароў в. Казлоў Бераг, той запэўніў нас, што да яго з падобным візітам ужо наведваліся, і глядзець у яго доме няма чаго. Ды не, якраз паглядзець тут было на што. І ўражанне тое было зусім не з прыемных. Закураныя сцены, непрыбраныя пакоі, груды адзення на ледзь прыкрытых ложках, перагрувашчаныя невядома чым сталы… Дапаўняла малюнак падлога, усыпаная недакуркамі. Адпавядае навакольнаму малюнку і знешні выгляд самога гаспадара, якому, як высветлілася, хаця па знешнім выглядзе ў гэта адразу і не паверыш, няма яшчэ і 50-ці. Не заладзілася жыццё? Яно страціла прывабнасць і сэнс? У такім узросце?! Здараецца ўсякае, не будзем суддзямі. Кожны сваім жыццём распараджаецца сам. Але ж навошта ствараць небяспеку сваімі паводзінамі для іншых людзей? У час пажару могуць пацярпець і яны. А да бяды пры такім ладзе жыцця – адзін крок.
На шчасце, з падобнай гнятлівай сітуацыяй у гэты дзень сустрэцца нам не давялося. Сустракаліся, наадварот, зусім супрацьлеглыя прыклады, калі ўжо нямоглыя састарэлыя людзі або інваліды першай, другой груп праяўлялі самы пільны клопат да сябе і месца свайго жылля. У большасці дамоў мы сустракалі адмысловы падарак, чысціню, утульнасць. А самі гаспадары клапоцяцца пра захаванне пажарнай бяспекі, ладзяць рамонты, і ўжо сёння думаюць, як забяспечыць сябе палівам на наступны ацяпляльны сезон.
Вось, да прыкладу, 72-гадовы жыхар в. Цярэсіна. Ён адразу заражае сваёй станоўчай энергіяй, расказвае пра хатнія клопаты і свой побыт, дзеліцца планамі на летне-агародны перыяд. Са здзіўленнем і нават крыўдай успрыняў выказаную яму работнікамі сацыяльнай сферы прапанову на зіму перасяліцца як адзінока пражываючаму пенсіянеру ў Дулебы. У доме ўсё дагледжана, цёпленька, чыста.
Вольга Данэйка толькі што памяняла сілкаванне ў АПА
У гэтай жа вёсцы заглядваем да сямейнай пары. Дачка ў гэты дзень была занята на лесапасадцы, маленькая 2-гадовая ўнучка – у садку. У доме створаны належныя ўмовы для знаходжання дзіцяці, ды і самі гаспадары імкнуцца да чысціні і парадку. Да таго ж даглядаюць значную падсобную гаспадарку – свіней, курэй, гусей. Нават конь ёсць!
У вёсцы Жарамец завіталі да інваліда першай групы. Мужчына пражывае адзін. Па меры сваіх сіл падтрымлівае належны парадак у доме. Тут няма праблем з праводкай і печкай. Гаспадара раней даглядала адна з жыхарак вёскі, але апошнім часам ён прадастаўлены сам сабе. З радасцю выказаў згоду на прапанову аб замацаванні за ім сацыяльнага работніка.
Не скардзіцца на сваё жыццё і немаладая ўжо кабета з вёскі Ягадка, інвалід першай групы. Пражывае яна з дачкой, якая і дапамагае матулі. Калі выявілася, што сілкаванне ў аўтаномным пажарным апавяшчальніку не працуе, устанавілі новую крону. Гаспадары плануюць у хуткім часе правесці рамонт печкі. Станоўча ўспрынялі рэкамендацыі спецыялістаў аб тым, што на гарышчы не павінна быць лежака, паабяцалі ўлічыць гэтую акалічнасць у ходзе работ.
Выявілася і такая акалічнасць у адным з домаўладанняў: тут адсутнічала святло. На пытанне, а чаму так, гаспадар патлумачыў, што прыязджалі спецыялісты і абрэзалі ўвод. З-за чаго – невядома. Як потым высветлілася, прычынай таго стала якраз парушэнне гэтага самага падключэння ад знешняй сістэмы электразабеспячэння: дрэнна скручаныя правады часта іскрылі і пагражалі ўзнікненнем пажару. Выйсце тут простае: знайсці спецыяліста ды пару метраў надзейнага кабелю, каб выканаць тую работу належным чынам.
Дарэчы, удзельнікі рэйду раздавалі гаспадарам правяраемых домаўладанняў буклеты па супрацьпажарнай бяспецы, інфармацыю аб арганізацыях, якія могуць выканаць работы па правядзенні электраправодкі і яе замене, давалі карысныя парады і адказвалі на розныя пытанні. Наведалі ў час рэйду мы і некаторыя іншыя дамаўладанні. Істотных заўваг выказана не было – максімум па трох-чатырох пазіцыях. У ранейшыя часы іх было значна больш, што сведчыць аб выніковасці праводзімай з году ў год прафілактычнай работы. Відаць, што і самі людзі сталі больш уважліва ставіцца да свайго жылля і свайго жыцця. Не купіць іх, а страціць – так лёгка.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.