І дробязі нярэдка прыводзяць да вялікай бяды

Date 26.04.2022 Man
Comment 866
І дробязі нярэдка прыводзяць да вялікай бяды

У адзін з апошніх дзён правядзення міжведамаснай акцыі “За бяспеку разам” прайшоў чарговы рэйд па жылым сектары жыхароў Бярэзіншчыны.

 

На гэты раз яго ўдзельнікамі былі намеснік начальніка РАНС Дзяніс Мілашэўскі і галоўны спецыяліст Капланецкага сельвыканкама Ірына Бадунова. А шлях наш пралягаў па вуліцах вёскі Гарэнічы. У першую чаргу былі наведаны домаўладанні такіх малаабароненых груп насельніцтва, як састарэлыя грамадзяне, адзінокія і адзінока пражываючыя вяскоўцы і інваліды.

А вось і першы адрас – на самым ускрайку вёскі. У сенцах бачым аж некалькі пустых 10-літровых пластмасавых бутляў.

– Гэта мая сацыяльная работніца прыносіць чыстую пітную ваду, – тлумачыць гаспадыня, адзінока пражываючая пажылая жанчына. – Адна я засталася, без дапамогі цяжкавата.

– Дык, можа, на зіму вам было б лепш у Дулебы перабрацца? – пытаецца І. Бадунова. – Там і дагледжаныя будзеце, і клопатаў ніякіх.

– Я ўжо пра гэта думала, – чуем у адказ. – Пакуль што лета тут прабуду, а ўвосень паглядзім.

У доме гаспадыні чыста і ўтульна. Вось толькі печка патрабуе рамонту, на што і ўказвае супрацоўнік РАНС.

Дзяніс Мілашэўскі ўручае гаспадыні памятку аб захаванні супрацьпажарных мер

Адмысловым парадкам сустрэў нас наступны дом, нягледзячы на тое, што і тут жывуць людзі даволі немаладыя. Да таго ж, гаспадыня мае трэцюю групу інваліднасці, а яе муж якраз зараз праходзіць абследаванне на ўстанаўленне групы. Заўваг наконт парушэння супрацьпажарных правілаў не было.

Крочым далей. У наступным доме пражываюць чатыры чалавекі, двое з якіх – непаўналетнія. Бачым на сцяне домаўладання пажарны апавяшчальнік. Значыць, тут захоўваюць меры бяспекі. Але ж вось АПА ў доме, аказваецца, непрацуючыя: батарэйкі сілкавання ўжо “селі”, у чым прама прызнаецца гаспадыня. На працягу двух дзён абяцае замяніць сілкаванне, балазе, працуе ў Беразіно, а там набыць яго – не праблема.

У доме адзінокага інваліда другой групы ў вочы адразу кідаецца новая печ. Акуратна складзеная з роўнай цэглы – нібы ўпрыгожанне пакоя. Але рамонт у доме на гэтым не завершаны. Таму пакуль і зняты са столі пажарныя апавяшчальнікі. Як толькі завершацца работы, паабяцаў гаспадар, яны зоймуць сваё месца.

Прыкладна падобная сітуацыя адзначалася і ў іншых домаўладаннях. Сярод выказаных заўваг найчасцей гучала патрабаванне замяніць у пажарным апавяшчальніку сілкаванне, каб той у выніку бяды папярэдзіў гаспадароў аб пажары і яны маглі своечасова пакінуць жыллё. Пасля зімы ўзнікла неабходнасць крыху падрамантаваць некаторыя печы: патынкаваць побач з топкай і заляпіць глінай утвораныя шчыліны. Яшчэ ад аднаго мужчыны запатрабавалі паправіць прытопкавы ліст, што той і паабяцаў зрабіць пасля заканчэння правядзення рамонту.

Не абышлося і без праблемнага адраса. Ужо сам па сабе знешні выгляд дома красамоўна гаварыў пра яго гаспадароў. Урослыя ў зямлю дзверы, крывая страха будынка не абяцалі нічога жыццярадаснага і ўнутры будыніны. Так яно і аказалася. Істотны беспарадак, які панаваў у памяшканні, узмацняў выгляд печы, якая патрабуе сур’ёзнага рамонту. У пачутае абяцанне аб тым, што тут неўзабаве з’явіцца новая печ, неяк не вельмі верыцца, бо на яе ўстаноўку патрабуецца немалая сума грошай. А адкуль возьмецца яна, калі гаспадар нідзе не працуе? Што ж, давядзецца ўзяць на кантроль гэтае домаўладанне і выказанае абяцанне.

Дарэчы, кантрольных функцый у работнікаў як РАНС, так і сельвыканкама неўзабаве істотна прыбавіцца: хутка ў вёскі на лета прыедуць дачнікі-гараджане (у адных Гарэнічах вунь колькі стаіць пустых дамоў у чаканні прыезду сюды на дачны сезон гаспадароў!), нагадаць якім аб мерах пажарнай бяспекі будзе зусім нялішне.

Гэта печ яўна патрабуе рамонту

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Нам - 150 гадоў Накануне мая »