Пытанні занятасці ў Дзмітравічах

Date 29.04.2022 Man
Comment 819
Пытанні занятасці ў Дзмітравічах

Пасяджэнне камісіі па занятасці адбылося ў Дзмітравічскім сельсавеце.

У ёй прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутаў Віктар Лашкоўскі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольга Калячка, старшыня Дзмітравічскага сельсавета Віталій Саскавец, а таксама прадстаўнік аддзела кадраў філіяла СП “Арэшкавічы” спецыяліст Дзіяна Кароль і загадчыца Дзмітравічскай участковай бальніцы Алена Корань.

Першым звярнуўся мужчына, які хоча ўладкавацца на працу, але мае праблемы са здароўем – хворая нага. Мужчына раней жыў у Смалявічскім раёне, але некалькі гадоў таму перабраўся ў Дзмітравічы, бо тут застаўся матчын дом. Па месцы пражыванне характарызуецца добра, без шкодных звычак, мае будаўнічыя прафесіі, якімі займаўся ўсё жыццё. Ды і на жыццё не скардзіцца. Аднак з-за хваробы не можа больш фізічна працаваць як раней, а да выхаду на заслужаны адпачынак застаецца яшчэ чатыры гады, таму шукае магчымасць уладкавацца на лёгкую працу. Дарэчы, у Смалявічскай раённай бальніцы засталася ягоная медыцынская картка, у якой зафіксаваныя ўзгаданыя праблемы са здароўем. Прысутныя ўважліва выслухалі і настойліва рэкамендавалі спачатку наведацца ў Бярэзінскую ЦРБ на грунтоўнае абследванне.

Другой была жанчына, маці двух дзяцей, якая таксама шукае працу. Ёй было прапанавана некалькі варыянтаў.

Асабіста хачу заўважыць, што прыйшлі на камісію толькі людзі, якія на самой справе шукаюць вырашэння пытання з працаўладкаваннем. Існуе яшчэ цэлы спіс людзей, якім з’явіцца на камісію зусім не перашкодзіць, але яны відавочна не хочуць і нават не імкнуцца гэтага зрабіць. Пытанне толькі: за што яны жывуць? Як заўважылі прысутныя, згаданыя людзі звычайна шукаюць куды працаўладкавацца толькі тады, калі ў іх пачынаюцца рэальныя праблемы з выплатамі разнастайных плацяжоў або штрафаў.

Усе ўзнікшыя на пасяджэнні пытанні пастаўлены на кантроль. Прысутныя таксама абмеркавалі тэму добраўпарадкавання.

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER