Між іншым, гэты дзень лічаць сваім прафесійным святам і работнікі прафсаюзаў – сацыяльнага інстытута, які арганічна пераплятаецца з усімі праявамі грамадскага жыцця і працоўных будняў. Мы сустрэліся паразмаўляць пра прафсаюзнае жыццё са старшынёй Бярэзінскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Аленай Токан.
Масавая структура
– Без перабольшвання, у нашым раёне прафсаюзы з’яўляюцца самай масавай структурай Бярэзінскага раёна і налічваюць 6157 чалавек, у тым ліку 679 – моладзь да 31 года, і 109 ветэранаў працы. Структурна ўсе аб’яд-ноўваюцца ў 93 пярвічных прафсаюзных арганізацый, 4 райкамамі, 3 цэхавымі прафсаюзнымі арганізацыямі. І адно раённае аб’яднанне. Прафсаюзны рух у нас даволі актыўны, сёлета з пачатку года было створана 3 новыя пярвічкі. Людзі імкнуцца да яднання, каб сумесна вырашаць разнастайныя працоўныя, сацыяльныя і іншыя пытанні, бачаць у гэтым перспектыву і падтрымку з боку дзяржавы. Сапраўды, прадстаўнікі прафсаюзнага актыву ва ўсе часы, якімі б складанымі і няпростымі яны не былі, выступаюць за згуртаванне людзей і адзінства дзеянняў усіх сіл.
Задачы і мэты
– Асноўная наша задача – абарона сацыяльных правоў і гарантый, садзейнічанне занятасці работнікаў, садзейнічанне працаўладкаванню, ахова працы на вытворчасці, выкананне норм калектыўных дагавораў, заключэнне калектыўных дагавораў сумесна з наймальнікамі. Гэта асноўныя прыярытэтныя накірункі дзейнасці прафсаюзаў.
Прафсаюзы традыцыйна надаюць вялікую ўвагу абароне эканамічных правоў і інтарэсаў грамадзян, згуртаванню працоўных калектываў, усебаковай падтрымцы працоўных. На гэта нацэлена стварэнне новых першасных прафсаюзных арганізацый.
Праводзіцца работа з ветэранамі працы, маладымі спецыялістамі, у калектыўных дагаворах арганізацый прадугледжаны меры іх сацыяльнай падтрымкі. Забяспечваецца настаўніцтва на працоўных месцах, стварэнне бяспечных умоў працы, забяспечанасць работнікаў спецвопраткай і абуткам, сродкамі індывідуальнай аховы, стварэнне бытавых умоў. Гэтыя пытанні знаходзяцца на пастаянным кантролі ў прафсаюза. Не забытыя і дзеці. Таксама займаемся арганізацыяй культурна-масавай работы, удзельнічаем у разнастайных спартыўных і культурных мерапрыемствах. Праводзяцца сумесныя акцыі з іншымі грамадскімі арганізацыямі і дзяржаўнымі структурамі. Спектр спраў прафсаюзаў даволі шырокі і, можна сказаць, не абмяжоўваецца.
Рэальныя справы
– Жыццё імкліва рухаецца наперад, умовы, у якіх мы жывём і працуем, змяняюцца, ды і самі людзі таксама становяцца іншымі: у нас узнікаюць новыя патрэбы, але пры гэтым з'яўляюцца і новыя магчымасці. Накірункаў працы ў самай масавай грамадскай арганізацыі стала больш, а адказнасць за іх рэалізацыю ўзрасла ў разы. Прывяду некалькі прыкладаў работы прафсаюзаў.
З 2016 года мы пастаянна праводзім маніторынг цэн на тавары першай неабходнасці і лекавыя сродкі. Гэта робіцца ў мэтах дадатковых мер па забеспячэнні сітуацыі на спажывецкім рынку, дзеля стабілізацыі цэн на сацыяльна значныя тавары і іх даступнасць для насельніцтва, а таксама ў рамках выканання рашэнняў, прынятых на VI Усебеларускім народным сходзе, і рэалізацыі Генеральнага пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскім аб’яднаннем наймальнікаў і прафсаюзамі. Калі высвятляецца неабгрунтаваны рост коштаў на тавары спажывецкага кошыка і лекавыя сродкі, дадзеныя фіксуюцца і накіроўваюцца ў Дзяржкантроль.
Таксама аднавіўся штомесячны прафсаюзны прыём грамадзян, які быў прыпынены на два гады ў сувязі з пандэміяй. У раён прыязджаюць прафсаюзныя інспектары, разглядаюць пытанні і аказваюць усім, хто звярнуўся, юрыдычную дапамогу. У асноўным гэта пытанні выканання працоўнага заканадаўства, калектыўных дагавораў і іншыя. Прыём вядзецца на базе арганізацый і прадпрыемстваў Бярэзіншчыны, і ў самім раённым аб’яднанні. Людзі звяртаюцца і атрымліваюць юрыдычную кансультацыю, асобныя справы ідуць на далейшы разгляд і бяруцца на кантроль.
Наогул, прафсаюзы прысутнічаюць ва ўсіх сферах жыцця дзяржавы. Займаемся таксама добраўпарадкаваннем помнікаў, гістарычных месц. Рэгулярна наводзім парадак на тэрыторыі святой крыніцы ў Крупе. Цесна ўзаемадзейнічаем з грамадскай арганізацыяй ветэранаў, сумесна віншуем былых работнікаў, ветэранаў працы, ардэнаносцаў. Праяўляем рэальны клопат пра дзяцей: прафсаюзнымі арганізацыямі ўжо дваццаць гадоў праводзяцца дабрачынныя акцыі “Прафсаюзы – дзецям”. Спраў шмат.
Аздараўленне
– Для членаў прафсаюза маецца свая санаторная база. Дарэчы, як я гавару, усе самыя лепшыя санаторыі – прафсаюзныя. У сістэму санаторна-курортнага лячэння па лініі Белпрафсаюзкурорт уваходзіць 13 санаторыяў. У наяўнасці шырокі спектр лячэбна-дыягнастычных комплексаў, апаратна-фізіятэрапеўтычных працэдур, лячэбных методык, пастаянна ўдасканальваецца матэрыяльна-тэхнічны бок. Кожны санаторый мае спартыўна-трэнажорныя залы, басейны, там працуе высока-кваліфікаваны персанал.
Прыярытэт прафсаюзных санаторыяў у сістэме скідак. Члену прафсаюза на прадпрыемстве трэба даплачваць за пуцёўку ў санаторый менш 30 працэнтаў ад рэальнага кошту, а ў асобных выпадках, наогул, пуцёўка можа быць бясплатнай. Гэтай жа льготай могуць скарыстацца і дзеці членаў прафсаюза.
Разам мы – сіла
– Сёлета мы вырашылі адзначыць і павіншаваць тых прафсаюзных лідараў, якія ўзначальваюць пярвічкі працяглы час, а таксама тых, хто ўжо на заслужаным адпачынку. Хачу зрабіць акцэнт на тым, што быць прафсаюзным лідарам пярвічкі – гэта грамадская нагрузка, якая не аплачваецца. Людзі сумяшчаюць абавязкі кіраўніка пярвічкі з асноўнай работай.
Хочацца адзначыць некаторыя імёны тых, хто ўнёс або ўносіць зараз істотны ўклад у прафсаюзны рух раёна. Гэта Антаніна Полаўцава, якая доўгія гады ўзначальвала райкам праф саюза работнікаў адукацыі, былая старшыня прафсаюза Бярэзінскага філіяла райспажыўтаварыства Наталля Краснякова, таксама Анатоль Гурэцкі, які доўгі час узначальваў райкам прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў. Сярод сённяшніх работнікаў адзначу бухгалтара райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірыну Брагіда, бухгалтара райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і культуры Зінаіду Крачкоўскую. Актыўна працуюць прафсаюзныя лідары Людміла Дарожка ў Бярэзінскай ЦРБ, Святлана Асланян у Бярэзінскім лясгасе, Алеся Несцяровіч у Бярэзінскім філіяле Мінскага аблспажыўтаварыства.
Вельмі цудоўна працуюць старшыня прафсаюза работнікаў АПК Марына Каўзуновіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры Наталля Дубовік, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі Людміла Толкач. Шмат каго хочацца адзначыць, відавочна, газетнага артыкула будзе мала. Усім хочацца сказаць толькі добрыя ўдзячныя словы, поўныя цеплыні.
Напрыканцы дадам, што беларусы заўсёды ўмелі добра працаваць, ствараючы сваім адзінствам нашу агульную будучыню і вызначаючы дабрабыт кожнага. Таму павага да людзей працы
ляжыць у аснове ўсіх нашых планаў і задум.
1 Мая – лепшая нагода сказаць ім за гэта дзякуй і пажадаць моцнага здароўя, стабільнасці, шчасця, дабрабыту і вясновага настрою!
Наталля ДУБОВІК, старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму:
- Мы жывём сёння цалкам праблемамі калектыву, праблемамі людзей, імкнёмся падзяляць радасці і няшчасці кожнага, і пры неабходнасці падтрымаць.
Рыхтуемся адзначыць прафесійнае свята 1 мая.
Дарэчы, у сакавіку Мінскім гарадскім камітэтам беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі і турызму праводзіўся маніторынг, у выніку якога дзейнасць менавіта нашай прафсаюзнай арганізацыі атрымала высокую адзнаку. Так што імкнёмся і далей трымаць планку. Хочацца падзякаваць сацыяльных партнёраў, дырэктараў прафсаюзнай галіны, сярод якіх кіраўнікі рэдакцыі раённай газеты, раённага цэнтра культуры, раённай бібліятэкі, школы мастацтваў. Асаблівая падзяка начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіне Сакалоўскай. Яшчэ дадам: мы заўсёды шануем і паважаем нашых ветэранаў працы, у імкненні прадуктыўна працаваць раўняемся на іх, як на прыклад.
Віншую ўсіх супрацоўнікаў нашай галіны са святам, жадаю плёну ў жыцці і рабоце, а таксама творчага натхнення і ўсяго найлепшага!
Алеся НЕСЦЯРОВІЧ, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Мінскага абласнога спажывецкага таварыства:
- У нашым прафсаюзе мы ўсе імкнёмся дапамагаць адзін другому, падтрымліваць. Напрыклад, аказваем матэрыяльную дапамогу, калі чалавек захварэе, у тым ліку людзям, якія перанеслі захворванне каранавіруснай інфекцыяй. Можа дапамога тая і не вельмі вялікая, але ж, галоўнае, знак увагі, ды і ў гаспадарцы любая капейка лішняй не будзе. Таксама віншуем ветэранаў працы нашай арганізацыі, займаемся іншымі справамі. Карацей, на месцы не стаім.
Прыемных момантаў таксама хапае ў нашым жыцці. Летась наша пярвічка на абласным конкурсе прызнана лепшай пярвічнай арганізацыяй на Міншчыне. Таму ёсць заўсёды стымул працаваць лепш, прыслухоўвацца да людскіх праблем, імкнуцца быць на вастрыі падзей грамадскага жыцця.
І прыемна таксама ад пачуцця першамайскага свята, нашага прафесійнага.
Прафсаюзы ў Беларусі ўзніклі пазней, чым у краінах Заходняй Еўропы і ў іншай па ступені развіцця капіталістычных адносін абстаноўцы. Асноўная прычына з'яўлення прафесійных саюзаў у свеце – прамысловы пераварот: пераход да машыннай вытворчасці, канцэнтрацыя вытворчасці і капіталу, рост колькасці наёмных рабочых, высокая ступень іх эксплуатацыі. Першыя прафесійныя арганізацыі рабочых у гарадах Беларусі з’явіліся ў канцы 80–х гадоў ХІХ стагоддзя.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.