Прафесійны досвед Ірыны Івановай

Date 10.05.2022 Man
Comment 626
Прафесійны досвед Ірыны Івановай

Дзень медыцынскай сястры – добрая нагода выказаць шчырую падзяку людзям у белых халатах. У Бярэзінскай ЦРБ шчыруе шмат цудоўных медыцынскіх сясцёр. Для іх медыцына – гэта не толькі любімая прафесія, але і прызванне. Сярод іх і медсястра кабінета ўльтрагукавой дыягностыкі Ірына Іванова.

Часам, калі Ірына Іванаўна вяртаецца дадому пасля напружанага працоўнага дня, або проста крочыць па вуліцы ў час выхадных, яе спыняюць людзі і выказваюць словы ўдзячнасці. Жанчына не заўсёды памятае кожнага пацыента ў твар, таму што за дзень іх бывае шмат, але ставіцца з паразуменнем, і сама ўдзячная пацыентам за добрыя словы, бо падобнае ўзнімае настрой.

- Значыць я не памылілася ў выбары прафесіі, – зазначае Ірына Іванаўна. – І правільна зрабіла, што паступіла ў свой час у Барысаўскае медыцынскае вучылішча. Значыць, на працоўным месцы час не марнуецца дарэмна, і мая работа ідзе на карысць людзям.

Дарэчы, вучобу Ірына Іванова закончыла ў 1995 годзе і адразу ж размеркавалася ў Беразіно. Пачынала шлях у тэрапеўтычным аддзяленні. Потым пэўны час працавала медсястрой у эндаскапічным кабінеце. Пасля перавялася ў кабінет ультрагукавой дыягностыкі, дзе працуе ўжо сямнаццаць гадоў.

Прафесійнасць

– Што было складана ў першы раз працаваць з нашай апаратурай, сказаць нельга, неяк адразу ўключылася ў работу, усё было зразумелым. Да таго ж раз у пяць гадоў адпраўляюць на спецыяльныя курсы ў медыка-дыягнастычны цэнтр у Мінску, або ў адпаведную структуру ў Барысаў.

У абавязкі Ірыны Іванаўны ўваходзіць запіс людзей на даследаванні, тлумачыць, як правільна падрыхтавацца да сеанса УЗД, рэгістраваць у камп’ютары дадзеныя, выдаваць заключэнні, даглядаць апаратуру і іншае.

Сямнаццаць гадоў такой практыкі дастаткова, каб уласна медсястра ўжо змагла рабіць пэўныя высновы ў плане дыягностыкі.

– Ой, не кажыце, – сціпла ўсміхаецца Ірына Іванаўна. – Праз наш кабінет надта многа людзей прайшло, зразумела, вопыту назапасілася шмат, розных станаў здароўя давялося пабачыць, таму пэўны досвед у гэтым плане ёсць.

Нагрузкі

– У нас самыя загружаныя дні ў асноўным зімою, калі не так шмат работы ў людзей, – дзеліцца Ірына Іванаўна. – Таксама каласальныя нагрузкі пачаліся зараз, пасля таго, як спала хваля каранавіруснай інфекцыі.

Ідуць на УЗД людзі з рознымі дыягназамі, хто з наступствамі пасля хваробы на каранавірусную інфекцыю, хто з падазрэннямі на іншыя паталогіі.

– Працую разам з нашымі ўрачамі – Аляксандрам Кашчыцам, Вікторыяй Белаус, Дзмітрыем Цітовым, Аленай Клюевай і іншымі, хто праводзіць дыягностыку. Выдатныя прафесіяналы!

Нагода павіншаваць

– Ці марыла ў дзяцінстве пра такую прафесію? – задумалася на імгненне Ірына Іванаўна. – Калісьці марыла стаць настаўнікам, але гэта адышло ўбок. Паступіла адразу пасля школы, вывучылася, і працаваць у медыцыне спадабалася адразу. Проста наплыло ўсведамленне, што гэта маё прызванне, якое назаўсёды. Да таго ж цікавая работа, пацыенты штодня новыя, да кожнага індывідуальны падыход патрабуецца. Манатоннасці няма аніякай, рух пастаянны, гэта не дае сумаваць, натхняе, дазваляе заўсёды спасцігаць нешта новае.

Мама Ірыны Іванаўны працавала тавараведам, тата – вадзіцелем. Муж працуе механікам у дарожнай арганізацыі. Старэйшая дачка закончыла Мінскі педагагічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце, працуе зараз выкладчыцай рускай мовы і літаратуры ў Мінску. Малодшая пакуль школьніца, у дзявятым класе. У кожнага ў сям’і – уласнае прафесійнае вызначэнне і любоў да сваёй справы. А вось сваю справу Ірына Іванова шануе ўсёй душой і цалкам аддаецца рабоце. І гэта добрая нагода адзначыць прафесійнае свята і прыняць віншаванні ад удзячных пацыентаў і калег.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER