Шчырасць і адказнасць Таццяны Бацкель

Date 10.05.2022 Man
Comment 987
Шчырасць і адказнасць Таццяны Бацкель

Справу Флорэнс Найцінгейл, арганізатара і кіраўніка службы сясцёр міласэрнасці падчас Крымскай вайны (1853-1856), сёння працягвае вялікая колькасць людзей у белых халатах, без якіх не ўяўляецца работа ніводнай медыцынскай ўстановы. Іх прызначэнне, прызванне, любімая работа – дапамагаць людзям. Сярод іх і старшая аперацыйная медсястра Бярэзінскай ЦРБ Таццяна Бацкель.

– У маім жыцці склалася так, што з самага дзяцінства хацела звязаць лёс з медыцынскай справай, а дакладна: быць медсястрой, – дзеліцца Таццяна Мікалаеўна. – Здаецца, звычайна ў маленстве перабіраеш безліч заняткаў, а вось мне пра іншую прафесію неяк не марылася, толькі пра медыцынскую.

Падобная наканаванасць у жыцці гераіні матэрыялу мае лагічнае тлумачэнне: бацькі таксама былі звязаныя з медыцынай. Тата быў ветурачом, а мама працавала ў рэгістратуры Бярэзінскай бальніцы. Іншае прызванне ў падобнай сітуа-цыі выбраць складана, аднак Таццяна Бацкель задаволеная ўласным выбарам напоўніцу.

Бацька – ветэран вайны

Дарэчы, бацька Мікалай Кірэевіч Вайцяховіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. На фронт пайшоў маладым, забралі з Кіеўскага ветэрынарнага інстытута, ваяваў да Перамогі. Потым працаваў ветэрынарным урачом у Бярэзінскай ветлячэбніцы, быў вядомым у раёне чалавекам.

– 8 мая споўніцца ўжо трыццаць гадоў, як няма таты, і мамы ўжо няма, – ўздыхае Таццяна Мікалаеўна. – Пасля іх засталіся светлыя добрыя ўспаміны. Асабліва напярэдадні Дня Перамогі.

Складальнікі прафесіі

Нарадзілася Таццяна Мікалаеўна ў Беразіно, закончыла школу ў 1977 годзе, адразу паступіла ў Магілёўскае медыцынскае вучылішча, і з 1979 года працуе аперацыйнай медсястрой Бярэзінскай ЦРБ. Згадзіцеся, стаж накапіўся немаленькі. За столькі гадоў назапасіўся досвед працы, адтачылася майстэрства. Хтосьці скептычна ўсміхнецца, маўляў, медсястра яшчэ не доктар, каб майстэрства мела вялікае значэнне, але ж такі чытач будзе памыляцца.

– Каля аперацыйнага стала ўсё мае значэнне: і час, і зладжанасць аперацыйнай каманды, і дакланыя рухі, і веданне, дзе што ляжыць з матэрыялаў і інструментаў, каб кожная рэч знаходзілася пад рукамі ў імгненнай даступнасці, – расказвае медсястра. – Часам у кіно, калі паказваюць эпізод пра хірургічную аперацыю, урач падае каманды, кшталту, “тампон, заціск, скальпель”. Гэта ўсё так. Але за словамі ў мастацкай стужцы не відаць паўнаты і глыбіні ўсёй работы медыкаў. У рэальнасці гэта даволі складаная работа. Хірург аперыруе, а каманда вакол уважліва слухае, адсочвае, назірае і выконвае каманды ўрача. Па-першае, тут важна стэрыльнасць інструментарыя і матэрыялу, за якую адказвае медсястра. Па-другое, адказнасць, пільнасць і ўважлівасць. Галоўнае: дакладнае выкананне загадаў хірурга.

Аперацыйны блок

Каманда на змене ў аперацыйным блоку хірургічнага аддзялення складаецца з ўрача-анестазіёлага, двух анестэзістаў, дзвюх аперацыйных медсясцёр і санітаркі. Усе – дружная сям’я, да справы ставяцца з адказнасцю. Таццяна Мікалаеўна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай калег, але нягледзячы на вялікі стаж работы, не саромеецца звярнуцца за дапамогай і кансультацыяй да іншых супрацоўнікаў медперсаналу.

– Калі ўзнікаюць пытанні, заўсёды можна звярнуцца да старшай медыцынскай сястры нашай бальніцы Таццяны Ліпніцкай. З ёю вырашаю ўсе пытанні, якія ўзнікаюць ў працэсе работы. Таццяна Пятроўна – выдатны прафесіянал, заўсёды прыйдзе на дапамогу, падкажа, што трэба. Наогул у рабоце медыкаў няма нейкіх асобных накірункаў, пра якія можна сказаць “важны” ці “не самы важны”. Важныя і неабходныя ўсе накірункі. Я ж з павагаю стаўлюся да ўсіх, з кім працавала і працую зараз.

Пачынала дзейнасць яшчэ з вядомым на Бярэзіншчыне ўрачом-хірургам Міхаілам Гермалідам, які зараз на заслужаным адпачынку. Дабрэйшай душы чалавек. Зараз працуем разам з Уладзімірам Цэдрыкам. Падабаецца працаваць з нашымі маладымі хірургамі: Аляксандрам Балоткіным, Уладзімірам Савасцеенкам, Анастасіяй Левша. Скажу, што моладзь у нас старанная вельмі і перспектыўная. Наогул, хочацца, каб маладыя спецыялісты заставаліся ў нас пасля адпрацоўкі і нікуды не з’язджалі.

Шчырасць

Змена ў аперацыйным блоку доўжыцца па 12 гадзін. Здараецца, выклікаюць на аперацыю ноччу, бо ў жыцці ўсякае бывае. Па характары аперацыі розныя: трэпанацыі чэрапа, ці ампутацыя, ці выдаленне якога-небудзь органа. Аперацыі бываюць хірургічныя і гінекалагічныя. Выпадаюць і складаныя аперацыі, напрыклад, пасля аўтааварыі. Часам цягнуцца па чатыры гадзіны.

– Прыемна, калі пацыенты вітаюцца на вуліцы і дзякуюць, – усміхаецца Таццяна Мікалаеўна. – Мы вельмі радуемся, калі чалавек вылечваецца, загойваюцца раны, ідзе на папраўку. Гэта сведчанне, што мы выдатна папрацавалі. Можна тады шчыра сказаць: дзякаваць Богу! І хочацца яшчэ зазначыць: я вельмі задаволеная жыццём і прафесіяй, працай на вельмі адказным месцы. Такая вось наша работа – стаяць з хірургам на пасту.

Сямейныя традыцыі

Сын Таццяны Мікалаеўны за-кончыў Магілёўскі беларуска-расійскі ўніверсітэт, працуе інжынерам-будаўніком у Расіі, Дачка ж таксама закончыла Магілёўскае медыцынскае вучылішча і зараз працуе ў адной з аптэк Беразіно.

– Унук Вадзім пасля службы ў арміі і вучобы ў Бабруй-скім медвучылішчы працуе ў сталічным медыцынскім цэнтры. Можна сказаць, што ў нас гэта сямейнае – мець дачыненне да медыцыны, займацца гэтай прафесіяй. Спадзяюся, што дзве мае ўнучкі таксама працягнуць сямейную традыцыю, – дзеліцца Таццяна Мікалаеўна.

Аляксандр БЫЧКОўСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER