Тамара – сціплая жанчына, адкрытая ў зносінах, з дзяцінства неабыякавая да кветак. Любоў да раслін і наогул да прыроды, прыгажосці зямлі ёй прывілі бацькі.
- Мая матуля звычайныя пакаёвыя кветкі не вельмі любіла, затое ганарылася экзатычнымі, - гаворыць жанчына, - а мяне прымушала іх даглядаць. Хаця ў мяне ў вялікай пашане звычайная герань самых розных колераў. Яна займае ганаровае месца на маім падворку і цвіце на вуліцы і ў доме круглы год.
Праўда, матчына прага да экзатычных культур Тамары таксама перадалася. Вось ужо 19 гадоў расце ў яе мурайя – дрэўца, якое здольна лячыць хваробы лісцем і карэннямі. А ў спальні гаспадыні цешыць вока вялізны жоўты лімон.
- Лімоннае дрэва ў мяне даўно, - гаворыць Тамара, - даглядаць яго вельмі проста, а плады дасягаюць вагі ад 400 да 600 грамаў, ды і смак значна лепшы, чым у набытых у краме. Дачка адзін забрала сабе ў Маскву.
Ды і ў агародзе ў жанчыны ва ўсю валадараць кветкі. Тут рознакаляровыя цюльпаны, гіяцынты, ружы і іншыя.
- Пастаянна набываю насенне, прыемна, што кожны год з’яўляюцца ўсё новыя гатункі і віды раслін, - зазначае гаспадыня. - Шмат раслін прыносяць суседзі і знаёмыя. Яны ж ведаюць маё стаўленне да кветак: яно ў мяне, як да людзей - чалавечае. Ніколі не пакрыўджу і не выкіну, яны ж такія бездапаможныя і бяссільныя без нашай любові і клопату.
Тамара па адукацыі землеўпарадкавальнік, але па спецыяльнасці практычна не працавала.
- Трэба было дачушак гадаваць - вось падалася выхавальніцай у дзіцячы садок, - расказвае жанчына. - Але ніколькі не шкадую, як склаўся мой лёс. Дачушкі ў мяне слаўныя, ды і здароўе ў большасці сваёй не падводзіць. Сілы ёсць у свае 69 гадоў корпацца ў зямлі і адчуваць радасць жыцця. Вось на месцы пустыра разбіла кветнік. Суседзі папракалі: навошта? Усё роўна знішчаць. Але, паглядзіце, цюльпаны ўсе яшчэ цвітуць. Наогул, трэба садзіць кветак больш, каб яны ўпрыгожвалі наш горад, рабілі яго адметным і яркім, акуратным і сэрцу дарагім.
Тамара - чалавек апантаны кветкамі і гатова зацікавіць гэтай справай кожнага.
– Вы ведаеце, шмат дзе бываю і не стамляюся радавацца рукатворным кветкавым шэдэўрам, – зазначае яна. – Стваральнікі іх не толькі жанчыны, але і мужчыны. Уявіце сабе, яны не лянуюцца садзіць і клапаціцца аб кветках. Таму не варта наракаць на тых, хто сарваў некалькі кветак для каханай, а трэба садзіць іх больш, каб радаваць усіх.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.