Вернасць прафесіі – яго крэда

Date 02.07.2022 Man
Comment 353
Вернасць прафесіі – яго крэда

На маё пытанне наконт выбару прафесіі, якой прысвяціў сваё жыццё, Аляксандр Хадаронак адказаў простым аргументам:

 

– Заатэхнікам я стаў свядома, бо з дзяцінства палюбіў жывёлу і, можна сказаць, быў абавязаны ёй сваім выжываннем. Толькі дзякуючы таму, што наша вялікая сям’я, у якой гадавалася шасцёра дзяцей, пастаянна трымала вялікую гаспадарку, з якой кармілася, і змагла пераадолець усе цяжкасці галодных пасляваенныхгадоў.

Так, Аляксандр Стэфанавіч – дзіця вайны і яго ранняе маленства прыпала на той крывавы час. Да гэтага дня ва ўспамінах мужчыны захаваліся тыя жахлівыя гады акупацыі, жыццё ў зямлянцы, радасць вызвалення і ад вяртання з фронту бацькі-інваліда. Шмат перажыта за мінулы час. А яшчэ за свае 84 гады А.Хадаронак паспеў пакінуць істотны працоўны след на роднай Бярэзіншчыне. Пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі малады спецыяліст прыступіў да выканання абавязкаў галоўнага заатэхніка тагачаснага саўгаса “Камунар”, рашуча змагаўся за павышэнне надояў і прыбаўленняў у вазе жывёлы. Прайшло крыху больш за 10 гадоў, і Аляксандра Хадаронка прызначаюць дырэктарам саўгаса “Высакагорскі”, дзе мужчына таксама праявіў сябе выдатным спецыялістам і арганізатарам. Сведчаннем таму – ордэн “Знак Пашаны”, якога ён быў удастоены ў 1986 годзе за высокія паказчыкі развіцця гаспадаркі.

У далейшай біяграфіі Аляксандра Стэфанавіча – работа ў саўгасе “Сцяг Кастрычніка”, ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі райвыканкама. І ўсюды яго вызначалі не толькі высокі прафесіяналізм і адказнасць за даручаную справу, а прамата меркаванняў і ўменне іх адстойваць, а таксама чалавечнасць. Працоўны стаж ветэрана сельскай гаспадаркі складае ва ўзросце 84 гады 48 гадоў. Такі вось збег лічбаў. І таму нядзіўна, што іменна А. Хадаронак на свяце горада сёлета будзе ўшаноўвацца ў намінацыі “За вернасць прафесіі”.

Першага студзеня 2023 года Аляксандр Стэфанавіч адзначыць свой 85-гадовы юбілей. А яшчэ крыху раней наступіць не менш важная дата – 50 гадоў сумеснага жыцця са сваёй любімай жонкай Таццянай Аляксееўнай, якая заўсёды была вернай спадарожніцай і годна дзяліла ўсе выпрабаванні няпростай біяграфіі свайго мужа.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER