Вольга ніколі не паддаецца адчаю

Date 02.07.2022 Man
Comment 405
Вольга ніколі  не паддаецца адчаю

Жыццё зусім не скончылася, калі ў цябе з нараджэння няма ні слыху, ні мовы.

 

Падобныя акалічнасці не замінаюць імкнуцца нібы кветка да сонейка, займацца самаразвіццём, спасцігаць новае, адчуваць радасць і асалоду, ды і проста жыць. Прыкладам таму служыць вопыт Вольгі Караткевіч з Мацевіч.

Калі Вольга нарадзілася, у сям’і адразу спужаліся страшнага дыягназу, але рукі не апусцілі, бо бяда бядой, а гадаваць дзіця трэба. Матуля Ніна Самец прыклала шмат намаганняў, каб дачушка развівалася належным чынам і мела дастатак.

Вольга спачатку хадзіла ў спецыялізаваны садок у Бабруйску для глуханямых, а затым там жа вучылася ў школе. Жанчына ўмее чытаць і пісаць. У яе заўсёды пад рукой аркушык паперы і ручка, каб напісаць тое, што хочацца сказаць. Дзейсны сродак камунікацыі.

З мамай жа наогул навучыліся разумець адна другую без аніякіх слоў.

Зараз Вольга сама ўжо стала мамай двух прыгожых дачок – Дар’і і Марыі. І хоць даводзіцца шмат пісаць падчас “размовы” з дзецьмі, дзяўчаты навучыліся адчуваць маму з паўнамёку.

З-за ўласнага становішча Вольга не паддаецца суму, з задавальненнем вышывае крыжыкам. Мастацтва вабіць душу гэтай жанчыны. Вышывае карціны на царкоўную тэматыку, большасць з работ – іконы. Яна ўдзячная спецыялістам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Бярэзінскага ТЦСАН, якія дапамаглі авалодаць майстэрствам вышыўкі. Цікавасць жа да царкоўнай тэматыкі тлумачыцца проста, па меркаванні Вольгі, яна “светлая, цёплая”. Наогул жа, людзі, народжаныя з асаблівасцямі развіцця, па-свойму асабліва блізкія да Бога.

Шмат карцін жанчыны знаходзіцца ў Бярэзінскім ТЦСАН. Многія з задавальненнем дорыць родным, блізкім, знаёмым. Вольга заўсёды выбірае самы складаны малюнак, бо простае не для яе. У вышыўцы імкнецца да бездакорнасці, што сведчыць пра моцны твёрды характар. У кожную работу ўкладае часцінку душы, каб прынесці людзям радасць.

Да таго ж, жанчына захапляецца спортам. Удзельнічала ў II Міжрэгіянальнай Паралімпіядзе ў Чэрвені. У спаборніцтве па лёгкай атлетыцы заняла другое месца. Неаднаразова была ў ліку пераможцаў і ў іншых спаборніцтвах. Дома ўжо шмат медалёў, побач з імі – дыпломы дачушак. Падобна матулі з бабуляй, дзяўчаты таксама поўныя творчай і жыццёвай энергіі.

Кожнаму, хто мае праблемы са здароўем, Вольга жадае ніколі не адчайвацца і навучыцца цаніць тое, што ёсць.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER