Ды і для сваіх сельскіх пакупнікоў яна таксама не шкадуе шчырых эмоцый, прыгожай усмешкі і бясконцай увагі. Вось ужо 42 гады яна нязменна гасцінна вітае іх у сельскай краме.
42 гады на адным месцы
Менавіта такі працоўны стаж у гэтай жанчыны.
– Я ў гандаль прыйшла маладой дзяўчынай і ніколі нават не задумвалася, каб сысці з выбранай дарогі, – гаворыць жанчына, – была тут літаральна як рыба ў вадзе. Ды і заўважце, што мой агульны “гандлёвы” стаж набліжаецца да значнай лічбы – 45 гадоў. А пачынала я пасля заканчэння вучылішча стажорам і прадаўцом у магазіне “Універмаг”. Затым разам з іншымі трыма прадаўцамі пагадзілася працаваць у сельскім магазіне. Ці шкадую я, што ўсё працоўнае жыццё тут гандлявала? Не! Шкадаваць аб зробленым– гэта не рыса Тамары Гядлеўскай. Ды і не было часу ў яе на лішнія сумненні, бо яна з галавой акуналася ў работу.
Галоўны сакрэт
У поўнай меры зведала Тамара Іванаўна час дэфіцыту, калі ў дзень завозу тавару людзі імгненна скуплялі рыбу і іншую прадукцыю.
– І тады і сёння працую як для сябе, – гаворыць прадавец. – Каб пакупнік прыйшоў да нас, бачыў вялікі асартымент і меў пэўны выбар. Памятаеце, яшчэ быў такі час, калі на паліцах ляжалі ўсяго два віды чаю. Зараз жа іх некалькі відаў. Разумею – густы ў людзей розныя, ім абавязкова патрэбен выбар. Сёння, як вы бачыце, у нашай краме не толькі прадукты.
Тут прадаюцца і бытавая тэхніка, і разнастайныя рэчы, патрэбныя вяскоўцу для жыцця. І калі ў нас чагосьці няма, пакупнік можа звярнуцца да прадаўца, які закажа ўсё, што трэба. Навошта ехаць кудысьці далёка, калі неабходнае можна купіць на месцы!
Што часцей купляюць вяскоўцы?
Нязменным попытам у пакупнікоў усіх узростаў карыстаюцца малочныя прадукты, якіх у магазіне багаты асартымент.
– Яно і зразумела, сёння ў нашым аграгарадку мала хто трымае кароўку-карміцельку, а які сялянскі стол без малака, кефіру, тварагу, сыру і сыркоў, – тлумачыць Тамара Іванаўна. – На другім месцы ў нас нязменна паўфабрыкаты і каўбасныя вырабы. Балазе, сёння мы напрамую заказваем гэтую прадукцыю на заводах і камбінатах.
Гаворыць гэта Тамара Іванаўна з веданнем справы, бо ўсіх сваіх пакупнікоў ведае не толькі па прозвішчы, а па імені, імені па бацьку.
– Да мяне ходзіць ужо амаль трэцяе альбо чацвёртае пакаленне маіх першых пакупнікоў, – расказвае жанчына. – Гэта, у першую чаргу, пенсіянеры, якія атрымліваюць па вясковых мерках нядрэнную пенсію і любяць час ад часу паласаваць сябе рознымі прысмакамі, пачаставаць смачным унукаў і дзяцей. Затым ідуць жывёлаводы і механізатары, чый бюджэт больш сціплы. Ды і як забыцца пра дачнікаў. Ім таксама падавай усё свежае і смачнае за памяркоўны кошт. Вось і паспрабуй дагадзіць ім усім!
Яшчэ і кветкі
Адпрацаваўшы змену ў магазіне, Тамара Іванаўна спяшаецца дадому альбо на дачу, якая знаходзіцца ў аграгарадку Косаўка. Тут яна жыве ўсё лета і даглядае свае любімыя кветкі. Дарэчы, кветкаводства – гэта асаблівая страсць жанчыны.
– Рэдкая жанчына не любіць кветкі, – лічыць Тамара Іванаўна, – ды і яны нязменна крочаць з намі па жыцці. Не забыцца мне, што зялёныя расліны ў свой час лепш за дызайнерскія знаходкі ўпрыгожвалі нашы гандлёвыя залы.
Праўда, сёння пасля рэканструкцыі частка з іх прыхавана ў дальнім памяшканні, але абавязкова ў хуткім часе знойдзе месца ў новым інтэр’еры.
Усмешка
Сумнявацца ў гэтым не дае энергічнасць і ўвішнасць жанчыны. Некалькі гадоў таму яна атрымала вадзіцельскае пасведчанне і гатова па неабходнасці на ўласнай машыне падвезці патрэбны тавар.
Нават у выхадны дзень можа зазірнуць у краму, каб навесці там парадак у сваіх справах.
Робіць яна ўсё гэта надзвычай лёгка і са сваёй шчырай усмешкай.
– А як жа інакш? – здзіўляецца жанчына. – Змяняюцца пакупнікі і іх густы, расце колькасць розных тавараў, не стаіць на месцы дызайн і афармленне гандлёвых залаў, але нязменнымі застаюцца ўсмешка і энергія прадаўца. Вось на чым трымаўся, трымаецца і будзе трымацца ва ўсе часы прыбытковы гандаль.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.