“Раёнка павінна быць! Раёнка павінна жыць!”

Date 13.08.2022 Man
Comment 522
“Раёнка павінна быць! Раёнка павінна жыць!”

Так упэўнена сцвярджае адна з даўніх падпісчыц раённай газеты “Бярэзінская панарама” Клаўдзія Навумава.

На Бярэзіншчыну Клаўдзія Аляксандраўна трапіла ў 1981-ым годзе – услед за мужам, пасля заключэння шлюбу, тактак – як нітка за іголкай...

– Пакідала я шумную сталіцу спакойна, па ўласным жаданні. Люблю ціхія гарады, – гаворыць жанчына. – Таму адразу ўсёй душой палюбіла Беразіно.

Родам я з вёскі Красны Дар Чэрвеньскага раёна, з будучым мужам сустрэліся мы ў роднай вёсцы, на танцах, ён праходзіў практыку ў нашых мясцінах. Іван вучыўся ў Мінскім вучылішчы №55 на будаўніка. Я закончыла Мінскае вучылішча электронікі (цяпер Мінскі дзяржаўны каледж электронікі), працавала зваршчыкам паўправадніковых прыбораў і мікрасхем на вытворчым аб’яднанні “Інтэграл”...

Мы сябравалі, Іван прыязджаў да мяне. У 1979 годзе пажаніліся, спачатку жылі ў Чэрвені, там у 1980-ым нарадзіўся наш першынец Дзіма. Потым – Максім. Я тады не ўяўляла, што мне давядзецца прайсці праз цяжкія жыццёвыя выпрабаванні, пахаваць Івана ва ўзросце 38 гадоў, застацца адной з двума сынамі на руках... Але, напэўна, мяне загартавала дзяцінства. Яно не было салодкім і ружовым. Разам са старэйшым братам і сястрой мы шмат працавалі, дапамагалі матулі на ферме (яна шчыравала даяркай, тады ўсё рабілі ўручную!), палолі буракі кармавыя, дапамагалі даглядаць і карову, і свіней... Дзякуючы гэтай вынослівасці, я змагла адолець усе цяжкасці, што выпалі на мой лёс. Нейкі час працавала на Бярэзінскім сырзаводзе, потым – у цяперашнім ЗАТ “Клявіца”. А ў 1987-ым па аб’яве пайшла працаваць у дзіцячы садок №2 нянечкай. Графік работы дазваляў больш часу і ўвагі ўдзяляць сыночкам, гадаваць так, каб яны не адчувалі сябе пакінутымі, у чымсьці абдзеленымі. А сама паступіла ў Магілёўскае педвучылішча. І праз тры гады паспяхова закончыла вучобу.

У 1991-ым святкавалі адкрыццё дзіцячага садка №3, сюды Клаўдзія Аляксандраўна і аформілася пераводам. І ўжо 32-гі год працуе выхавальніцай.

– Работу сваю любіла і люблю, – дадае жанчына. – Люблю дзетак, з імі няма калі старэць, заўсёды пры справе мы з імі, пазнаём і вывучаем наш свет, наша навакольнае асяроддзе...

Быць у курсе падзей дапамагае і наша “Бярэзінская панарама”. Раёнку я заўсёды выпісваю. Люблю пачытаць пра гісторыю Бярэзінскага краю, асабліва ў гэты год – Год гістарычнай памяці. З цікавасцю чытала пра спаленыя карнікамі вёскі Баравіно і Дубаўручча... Сям’я маёй матулі  таксама была партызанскай сям’ёй...

Вельмі цікава віншаванні пачытаць, артыкулы пра знаёмых, і рэкламныя аб’явы бываюць дарэчы і своечасова. Але ёсць моманты, якія засмучаюць... Вось напрыклад, шмат пішуць пра школы, пішуць пра педагогаў і г.д. А пра работнікаў дашкольных устаноў матэрыялаў амаль няма. А ў нас жа ёсць людзі, якія працуюць нават па 40 гадоў!.. Пра іх не пішуць. А было б цікава і нейкі вопыт у іх пераняць. І не толькі мне, паколькі я працую у гэтай сферы. Ёсць у нас і дзеці таленавітыя, а іх не паказваюць, у асноўным пра школьныя перамогі пішуць. Напэўна, у нас не так многа конкурсаў і мы больш сціплыя...

Буду рада, калі мае прапановы знойдуць адлюстраванне на старонках раёнкі. І застаецца пажадаць ёй доўгіх-доўгіх гадоў і працвітання!

З “Бярэзінскай панарамай” я сябрую даўно. Газета змястоўная. І пра ўборачную кампанію цікава пачытаць, і пра навіны ў свеце і ў раёне. Але трэба, каб было месца і для рэцэптаў. Зараз час закатак і рэцэпты дарэчы кожнай гаспадыні. Я іх выразала, збірала ў сшытак – і яны заўсёды пад рукой, не трэба штораз лезці ў інтэрнэт і шукаць. І месячныя календары таксама патрэбныя садаводам і агароднікам. Я сачу, добра, што надрукавалі.

Дарэчы, за падпіску на квартал Клаўдзія Аляксандраўна атрымала ад рэдакцыі мініфотасесію ў падарунак.

Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER