Чаму статыстыка – “люстэрка” нашага жыцця?

Date 20.08.2022 Man
Comment 544
Чаму статыстыка – “люстэрка” нашага жыцця?

Прыкмета нашага часу – цяпер няма ні адной галіны, якая не мела б патрэбу ў дакладных падліках і ўсебаковым аналізе сваёй дзейнасці.

Таму сёння нельга абысціся без афіцыйнай статыстычнай інфармацыі: актуальнай, аператыўнай, своечасовай, даступнай, аб’ектыўнай. Яна служыць для кіраўнікоў і вядучых спецыялістаў прадпрыемстваў і ўстаноў асновай для прыняцця правільных рашэнняў, дапамагае ім даць рэальную ацэнку эканамічных і сацыяльных паказчыкаў, якія ахопліваюць усе аспекты дзяржаўнага развіцця.

– Статыстычныя дадзеныя – гэта без перабольшвання “люстэрка” нашага жыцця, – з гонарам заяўляе начальнік аддзела статыстыкі Бярэзінскага раёна Алена Мельнік.– На падставе іх органамі ўлады аналізуецца стан спраў у краіне, асобных абласцях і раёнах, а таксама прымаюцца меры па далейшым сацыяльна-эканамічным развіцці ўсёй краіны.

Наш аддзел – адно са звёнаў дзяржаўнай статыстыкі. Менавіта ў нас збіраецца, апрацоўваецца, правяраецца, назапашваецца, абагульняецца, захоўваецца ўся статыстычная інфармацыя, якая паступае ад прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, сельгаспрадпрыемстваў раёна. Потым яна перадаецца ў Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Мінскай вобласці.

Трэба зазначыць, што быць статыстыкам справа не з лёгкіх. Таму эфектыўнасць работы напрамую залежыць ад яго супрацоўнікаў. Сёння ў аддзеле шчыруюць эканамісты і спецыялісты па правядзенні абследаванняў, якія ў адной звязцы.

— Яны здольны вырашыць любыя пастаўленыя задачы.

Я заўсёды магу быць упэўненай у высокім прафесіяналізме, майстэрстве, стараннасці і адказнасці кожнага з іх, у тым ліку – і намесніка начальніка аддзела статыстыкі Бярэзінскага раёна Святланы Галушка. Тут жанчына працуе ўжо больш за дзесяць гадоў, – адзначае Алена Рыгораўна.

 

Надзейная правая рука

Святлана Анатольеўна не толькі надзейная “правая рука” свайго начальніка, але адказвае за самы складаны ўчастак работы. Яна дакладна валодае ўсёй інфармацыяй у галіне раслінаводства і жывёлагадоўлі, фінансаванні раёна.

 

“Сапраўдны камп’ютар”

Не менш адказны ўчастак працы і ў эканаміста Любові Гайдук. Яна ведае ўсё, што тычыцца пытанняў інвестыцый і будаўніцтва, кампетэнтны спецыяліст у лічбах сацыяльна-эканамічнага развіцця, росту паслуг, гандлю і іншых пытаннях. Напэўна, ёй па сілах спрагназаваць усё развіццё раёна. Ды і здаецца, што яна не чалавек, а "сапраўдны камп’ютар".

– А дапамагае мне не заблытацца даволі вялікі вопыт работы, – заўважае Любоў Андрэеўна, – я тут з мінулага стагоддзя. На працу прыйшла ў 1999 годзе, першыя працоўныя ўрокі атрымлівала ад нашых сённяшніх ветэранаў – тагачаснага начальніка аддзела Мікалая Халецкага і яго намесніка Галіны Гнілякевіч, слаўных работнікаў Людмілы Мурашка, Надзеі Якімчык, Ніны Долбінай, Таццяны Каравай і Галіны Гоцман. У кожнага з іх за плячыма ад 13 да 30 гадоў працы на ніве статыстыкі. Сёння мне дапамагаюць не разгубіцца ў лабірынце лічбаў нашы спецыялісты па правядзенні абследаванняў.

 

Хто ведае ўсе цэны?

Такіх спецыялістаў у аддзеле трое. Так, Святлана Мешыч правярае цэны на харчовыя тавары, а Таццяна Тарасевіч – нехарчовыя. Іх бярэзінцы ўжо больш за дзесяць гадоў могуць пабачыць на рынках і ў магазінах.

– Аднак не трэба думаць, што мы добра ведаем, дзе танней набыць той ці іншы тавар у нашым горадзе, – гаворыць Таццяна Віктараўна. – Сёння ў сувязі з ростам колькасці гіпермаркетаў цэны практычна паўсюдна аднолькавыя. Ды і не варта забывацца, што на канчатковую суму на цэнніку ўплывае шмат фактараў.

 

Яшчэ і падворкі

Самы малады спецыяліст у аддзеле – Марына Пікулік. Яна з 2016 года займаецца абследаваннямі па ўзроўні жыцця насельніцтва і ўласных падсобных гаспадарак. Пэўны час працавала ў вёсках Паплаўскага сельскага Савета, а зараз “абыходзіць” падворкі Дзмітравіцкага сельскага Савета. Управіцца там і надыдзе чарга населеных пунктаў Капланецкага сельсавета.

– Як бачыце, статыстыка даўно і трывала ўвайшла ў наша жыццё, – тлумачыць Алена Рыгораўна. – Без яе сёння нікуды спецыялістам і кіраўнікам. Ды і нашы лічбы даўно сталі даступнымі простым людзям. Статыстычнай інфармацыі багата ў інтэрнэце і нашых спецыяльных выданнях.

 

Летапісцы раёна

Гаворыць гэта начальнік аддзела статыстыкі Бярэзінскага раёна не без гонару ў голасе.

– Аддзел статыстыкі нясе адказнасць за дакладнасць і аб’ектыўнасць усёй сабранай і прааналізаванай інфармацыі, – зазначае яна. – У нас няма дробязей. Прафесія статыстыка патрабуе ўседлівасці, скрупулёзнасці, вытрымкі, уважлівасці, аператыўнасці. Наша праца звязана з лічбамі, бо ў іх – жыццё раёна ў розных аспектах. А любая інфармацыя, звязаная з тым месцам, дзе жывеш, не можа быць нецікавай. Ды і пастаянна мяняюцца метады і формы збору статыстычных дадзеных… Што яшчэ магу сказаць пра сваю работу? Яна мне падабаецца, прыносіць радасць і задавальненне.

Мілана ТРАПЯНОК,
Фота Алены ГРОМАВАЙ

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER