Не забывайце клапаціцца пра братоў нашых меншых

Date 19.08.2022 Man
Comment 946
Не забывайце клапаціцца пра братоў нашых меншых

Думаю, усім вядома выказванне, што сабака – сябар чалавека. Ды і, пагадзіцеся, кот таксама. Але іншы раз людзі забываюцца пра гэтых сяброў. Набылі, пагулялі, надакучыў – выкінулі на вуліцу… Жудасна ад такіх паводзін людзей. Але ёсць і такія міласэрныя людзі, якім неабыякава жыццё хатніх жывёл, якіх хтосьці выкінуў на вуліцу… Сярод такіх дабрадушных і бярэзінцы Лілія Раманёк і Алена Хвашчэўская. Яны клапоцяцца пра бадзяжных жывёлін, імкнуцца знайсці ім новы дом.

– З чаго пачалася такая неабыякавасць да коцікаў і сабачак?

– Ды, ведаеце, з самага дзяцінства. Я пастаянна прыносіла дадому катоў, якіх “падбірала” на вуліцы. Мне іх усіх шкада, – расказвае Алена. – Хочацца, каб яны былі дагледжаныя. А іх вочы, поўныя жалю, калі яны мяўкаюць, “плачуць” і хочуць есці…

– Ды і я з дзяцінства люблю катоў і сабак. І не разумею людзей, якія могуць выкінуць іх з дому, – дадае Лілія.

Сапраўды, у двары ў Алены шмат коцікаў, сабачак… Усе – дагледжаныя і накормленыя.              І, ведаеце, вельмі здзівілася, што ўсе ласкавыя і пяшчотныя. Яны не адыходзяць ад Ліліі і Алены, лашчацца, хочуць гуляць. Здаецца, што ўсе яны, як кажуць, “хатнія”. 

– Ды не, усіх знайшлі, вылавілі на вуліцы! – дадаюць жанчыны. – Але яны, дакладна, раней жылі дома, гэта бачна. Бо “дзікія” каты нават калі іх атуліш дабрабытам, будзеш клапаціцца, зрэдку не будуць шыпець, “кідацца” на людзей…

Размаўляю з жанчынамі і разумею, што яны, сапраўды, робяць усё магчымае, каб у нашым горадзе было як мага менш бадзяжных жывёлін, якія прыносяць небяспеку.

– Неяк аднойчы ў групах у сацыяльных сетах мы прачыталі невялікае паведамленне-апытанне, ці патрэбен у Беразіно прытулак для хатніх гадаванцаў, – згадваюць жанчыны. – Мы задумаліся! І з таго моманту вырашылі, што будзем клапаціцца пра бадзяжных катоў і сабак у нашым горадзе. Як? Мы іх адлоўліваем.

Страшна? Вядома! Адразу ўсе рукі і ногі былі здзёртымі.

Пасля адлову апрацоўваем ад блох, паразітаў, стэрылізуем. Кожнаму – вешаем ашыйнік, каб затым бачыць, што гэта наш коцік альбо сабачка. Пэўны час яны жывуць у нас, мы шукаем гаспадароў. Дзе менавіта іх размяшчаем? У прыбудове да дома, тут ім хапае месца. Зімой палім печ, каб было цяплей. Прыбудова раздзелена на некалькі адсекаў, як мы гаворым. Ёсць і “лазарэт”, дзе памяшчаем хворых жывёлін, пакуль тыя не ачуняюць.

– На кожнага ката, сабачку мы заводзім своеасаблівую картку, пазначаем, калі трапіў да нас, куды аддалі, – расказваюць жанчыны. – Усё пад кантролем! Шмат бярэзінцаў нам пішуць, што хочуць узяць коціка альбо сабачку. Мы заўсёды рады, калі нашы гадаванцы знаходзяць свой дом, дзе пра іх клапоцяцца. Яны, як дзеці, вядома ж, хочуць, каб у іх была сапраўдная сям’я.

– А мянушкі даяце кожнаму? – пытаюся я.

– Ды не! Мянушкі ім ужо даюць, калі забіраюць, – расказваюць жанчыны. – Хочацца адначыць, што у кожнага з жывёл, як і людзей, свой характар. Цікава за імі назіраць. Вось, да прыкладу, прысядзем адпачыць. І кожны з коцікаў падыдзе да нас. І кожнага патрэбна ўзяць на ручкі, пагладзіць, папесціць, як дзіця. Іначай – будзе крыўда. А паглядзіце, як усе коцікі любяць фатаграфавацца, нават пазіруюць. А вось наш “артыст” шэранькі кот, ён прама паглядае ў камеру, калі робім фота. Такі ўжо пазёр!

Гляджу на гэтых коцікаў, дзіўлюся іх былым гаспадарам! Як так можна было выкінуць гэтых “пушысцікаў” на вуліцу. Навошта заводзіць ката альбо сабаку, а затым выкідваць іх… Ды і хочацца нагадаць гаспадарам, што за жорсткае абыходжанне з жывёлінамі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. А яшчэ: бадзяжныя жывёлы могуць быць і бешанымі! А гэта захворванне можа перадавацца і чалавеку. Ды і галодныя, злыя сабакі – небяспека. Яны могуць накінуцца на чалавека. Але вінаваціць тут бедных бадзяжных жывёлін няма чаго. Ва ўсім вінаваты чалавек, які выкінуў свайго сябра, зрабіў яго злым…

– Галоўная наша задача – зрабіць наш горад “чыстым” ад бадзяжных катоў і сабак, – расказваюць жанчыны. – Гэта складана. Але магчыма! Вядома, не ўсім нашым коцікам і сабачкам мы можам знайсці дом, выпускаем іх зноў на вуліцы. Але яны ўжо апрацаваныя ад паразітаў, стэрылізаваныя. Ужо не будуць разносчыкамі розных інфекцый. Аб чым мы марым? Стварыць у Беразіно так званы дом-“ператрымку”. Што гэта значыць? Туды б мы збіралі жывёлін на часовую ператрымку, каб знайсці ім новы дом. І не было такога, што бярэзінцы проста выкідваюць сваіх жывёлін на вуліцу, а прыносілі б да нас. Але гэта не павінен быць прытулак! Не, ні ў якім разе. А толькі часовая ператрымка. З такой прапановай, зрабіць часовую ператрымку для жывёлін у Беразіно, я і завітала на прыём да старшыні райвыканкама Дзяніса Дзішука.

Хочацца звярнуцца да бярэзінцаў: не забывайце клапаціцца пра братоў нашых меншых. Не выкідвайце іх на вуліцу, яны ж вас любяць. І гэта сапраўдная здрада: пакінуць іх на вуліцы, можна сказаць, адправіць на смерць… Хочацца дадаць, што катоў і сабак неабходна апрацоўваць ад паразітаў, стэрылізаваць.

Коцік альбо сабачка – гэта не цацка. А жывая істота, якая патрабуе ўвагі! І як пісаў Антуан дэ Сент Экзюперы, мы ў адказе за тых, каго прыручылі!

Дарэчы, “ВКонтакте” ёсць група “Помощь хвостатым Березино”, дзе можна “пазнаёміцца” з жывёлінамі – знайсці сабе сябра. Там ёсць здымкі. З фота пазіраюць прыгожыя, гарэзлівыя коцікі, сабачкі. Магчыма, менавіта ваш “сябар” там чакае вас! 

 

 

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER