З таго часу скроні маладых зацерушыла сівізна, на тварах праклалі свае глыбокія сцежкі зморшчыны, пацішэла хада і рухі сталі больш павольнымі, аднак нікуды не знік шчаслівы бляск у вачах мужа і жонкі. Няўжо можна захаваць такія чыстыя і трапяткія пачуцці праз столькі гадоў? Можна! Сцвярджаюць залатыя юбіляры і шчыра дзеляцца сакрэтамі сямейнага доўгажыхарства. Яны ідуць уразрэз з парадамі сучасных сямейных псіхолагаў, але, напэўна, стануць добрымі падказкамі тым, хто марыць пранесці пачуцці праз усё жыццё.
Сакрэт першы – чысціня пачуццяў
Васіль і Ганна выраслі на адной вуліцы вёскі Пагост, разам хадзілі ў адну школу, дапамагалі матулям на ферме, абое жылі без татаў. Аднак Ганна па-сапраўднаму заўважыла Васіля толькі ў пятым класе.
– Васіль на пяць гадоў старэй за мяне, – гаворыць жанчына, – у школе добра вучыўся, спортам займаўся і быў першым хлопцам на вёсцы. Кожная матуля жадала мець такога зяця. Ды толькі мне думаць пра каханне не даводзілася: на фоне Васіля я лічылася шэрай мышкай, бо была звычайнай хатняй дзяўчынкай, вучылася горш за яго і ўвесь час завіхалася па гаспадарцы.
Не да кахання было Васілю і Ганне і пасля заканчэння школы, бо яны вучыліся, працавалі і як маглі змагаліся з галечай. Ды і бачыліся толькі ў выхадныя дні ў кампаніях і ў мясцовым клубе. Але паступова сяброўства перарасло ў сімпатыю, а яна – у каханне. Ды і моцна запаў вясковы прыгажун на Ганну. Узяў дзявочае сэрца ў палон ён не прыгожымі словамі і падарункамі, а звычайнымі ўвагай і клопатам пра яе.
– Неяк увечары спяшалася ў клуб, – расказвае Ганна, – а насустрач мне бяжыць Васіль. Падхапіў мяне, прыціснуў да сябе і вымавіў “Якая ты ў мяне прыгожая, як я цябе кахаю”. Ведаеце, як пасля гэтага білася маё сэрца!
Сакрэт другі - пачуццё гумару
Яно надзейны спадарожнік жыцця сям’і Пашкевічаў амаль з першага дня вяселля.
– Мы ж ніякага шумнага вяселля не планавалі, – тлумачыць Ганна. – Жылі, як усе ў тыя гады, бедна і з уласнага мазаля, таму ўвечары дамовіліся на сціплы роспіс і матулям ні слова не сказалі. А раніцай Васіль завітаў да нас у хату, я завіхалася ля печы. Тады ён “выбухнуў”, што тая, якая спрытна ўправіцца з чыгункамі, сёння ж стане яго жонкай. Я з заданнем справілася на раз-два.
Матуля спачатку ўспрыняла словы госця за жарт, але, пабачыўшы шчаслівыя вочы дачкі, ледзь не аслупянела: як так? Мы ж усяго паўтара месяца сур’ёзна сустракаліся. Аднак маці здолела наладзіць для маладых сапраўднае вяселле: былі накрыты сталы, сабралася шмат гасцей, не заціхалі спевы і танцы.
Сакрэт трэці – мы паўсюль разам
Пяцьдзясят гадоў разам – доўгая гісторыя, на працягу якой было шмат шчаслівых момантаў, сустракаліся і цяжкасці.
– Але мы заўсёды разам, – гаворыць жанчына, – разам гадавалі і ставілі на ногі дзяцей, сёння песцім унукаў, разам перажывалі горыч страт матуль і маёй сястры. Ды і разам уладкоўвалі свой дом, трымалі гаспадарку і сёння шчыруем у агародзе.
– Мы заўсёды ўдвух: ці едзем кудысьці на машыне, ці едзем у госці – паўсюль разам, – дадае Васіль. – І ў нас няма падзелу – дзе твая альбо мая работа, мы ўсё робім сумесна.
Спрачацца з гэтым не даводзіцца, бо мы засталі юбіляраў за закаткай агуркоў. На чарзе – памідоры, якіх зашмат вырасла ва ўласнай цяпліцы і агародзе.
– Я не разумею тых мужа альбо жонку, якія прагнуць адпачынку адзін ад аднаго, – гаворыць жанчына, – мне мой Васіль ніколі не надакучвае, ды і сумна мне без яго ў доме і гасцях. Мы ж у маладосці з ім былі паважанымі гасцямі на вяселлях, бо ён іграў на баяне, а я на бубне.
Ды і сёння сям’я Пашкевічаў сваіх схільнасцей не згубіла, бо займаецца Ганна вакалам пры клубе “Сустрэча”, ды і голас яе па-ранейшаму гучны і прыгожы, а манера спяваць - жывая і абаяльная. Ды і Васіль трымае сябе ў выдатнай форме і ніяк не хоча здавацца на літасць хваробам у свае 77 гадоў.
Сакрэт чацвёрты – давер і павага адзін да аднаго
Быць шчаслівымі ў дзень уступлення ў шлюб – заканамерна, а вось адчуваць сябе такімі праз паўстагоддзя сумеснага жыцця могуць далёка не ўсе, хто сустракае такі юбілей. Пашкевічы па-ранейшаму жыццярадасныя, па-сапраўднаму шчаслівыя. Золатам іх сумеснага жыцця з’яўляюцца дачушкі, два сыны і пяцёра ўнукаў. Дзеці ўжо даўно вылецелі з бацькоўскага гнязда, але заўсёды рады пабываць тут.
– Мы не азмрочвалі настрой сваіх дзяцей сваркамі, крыўдамі і высвятленнем адносін, – гаворыць Ганна, – бо ўмеем уважліва слухаць і саступаць адзін аднаму. Тут, на мой погляд, тон павінна задаваць жанчына. Нельга спрачацца з мужам і не давяраць яму. Думаеце, я не раўнавала свайго Васіля, не перажывала, але выгляду не падавала, дзесьці цярпела, прапускала міма вушэй, але не апускалася да абраз, падазрэнняў і папрокаў. Я ж яго кахаю не менш шчыра, чым у першы дзень, шкадую і праяўляю клопат пра яго.
Сакрэт пяты – спагада да людзей
У доме Пашкевічаў не ўяўляюць свайго жыцця без гасцей. У шафах – зашмат рознага святочнага посуду, гаспадар мае заўсёды прыгатаваны па ўласным рэцэпце фірменны каньяк, ды і гаспадыня ўмомант можа накрыць стол і ўзняць настрой задушэўнай песняй.
– Вы ведаеце, мы ўсё жыццё жывём дзеля адзін аднаго, сваіх родных, – гаворыць Ганна, – такому цярпенню нас навучылі бацькі і пражытыя гады. Шчырая спагада і сапраўднае каханне – вось сакрэт сямейнага даўгалецця і шчырых пачуццяў. Ды і ці можа быць інакш, калі кожны дзень гаворыш і чуеш ад блізкага чалавека словы
"Я цябе кахаю!" З імі старасць і хваробы адступаюць.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.