Я з першых дзён знаёмства зараз стараюся вызначыць, ці невыпадковыя людзі прыйшлі ў лясную гаспадарку, ці варта ўкладваць у іх станаўленне свае сілы, сваю душу?.. Некаторыя не тоячыся гаварылі: - Мы толькі адпрацаваць належны тэрмін... А гэтыя ў адзін голас запэўнілі: - Так! Мы прыйшлі ў лясную гаспадарку невыпадкова!.. Што было вельмі прыемна пачуць.
Дарэчы, Бярэзінскі лясгас шмат укладае і спрыяе таму, каб маладыя спецыялісты заставаліся ў арганізацыі, добра працавалі і жылі цікава, удзельнічалі ў турзлётах, спартакіядах, стапрацэнтна аплачваецца жыллё маладым спецыялістам (нідзе такога няма, толькі ў нас!).
Дзмітрый Міхайлавіч больш за 10 гадоў узначальвае Брадзецкае лясніцтва. Ужо трэці яго памочнік пайшоў па кар’ерных прыступках на пасаду ляснічага. Дзмітрый рады за сваіх некалі падначаленых, толькі ўсміхаецца: - Мы нібы кузня кіруючых кадраў!..
Зараз у работнікаў лясной гаспадаркі гарачы перыяд – час догляду за ляснымі культурамі. Пасля дожджыкаў трава ідзе і ўшырыню, і ўвышыню. Каб не заглушыць нашы маладыя насаджэнні, даводзіцца выкашваць па 50-60 гектараў у месяц. Таксама ўбіраем бярозу лішнюю, прывялі ў парадак пасля бураломаў 17 гектараў лясных плошчаў.
Акрамя працоўных будняў, сагравае сэрца ляснічаму яго сям’я. Жонка Юлія Міхайлаўна па адукацыі настаўніца рускай і беларускай мовы і літаратуры, гады два шчыравала майстрам лесу, цяпер працуе ў сельскім магазіне. Дачушка Віка, творчая натура, перайшла ў восьмы клас, сын Раман закончыў першы клас.
- Ой, не ў матулю пайшоў, - усміхаецца Дзмітрый Міхайлавіч. – З мовамі ў яго туга, тут ужо мае гены, сапраўды, ўзялі верх.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.