Наталля КРАСНЯКОВА, ветэран працы:
- Безумоўна, падабаецца. Усё пераўвасабляецца, робіцца прыгажэй і прыгажэй. Клумбы з цудоўнымі кветкамі радуюць вока, азеляненне ідзе поўным ходам, асфальтаваныя вуліцы, лёгка хадзіць і ездзіць. А якое ўпрыгожанне фізкультурна-аздараўленчы цэнтр “Лазурный” і басейн? Я, напрыклад, так часта наведваюся ў басейн, што можна сказаць: амаль там жыву. Што яшчэ чалавеку трэба для актыўнага адпачынку? Мне па душы сучасны выгляд Беразіно.
Надзея ПЁТУХ, пенсіянерка:
- Станоўчыя змяненні, безумоўна, прыкметныя. Цудоўная цэнтральная вуліца горада, якую можна назваць нашым бярэзінскім “праспектам”. Калі прайсці па ёй, шмат аб’ектаў прыцягвае ўвагу. Напрыклад, вельмі падабаецца цяперашні выгляд СШ №2. Шмат прыгожых клумбаў з кветкамі, чыста на вуліцах. Электрадом і пост МНС нельга абмінуць увагай. Мяркую, калі ў цэнтры ўзвядуць яшчэ пару шматкватэрных дамоў, гэта будзе вельмі пасаваць абліччу горада. Асвятленне вуліц стала нашмат лепшым, чым было раней. Хачу яшчэ сказаць наступнае: сама я жыву на вуліцы Калініна.
Дык вельмі хочацца, каб на гэтай вуліцы, а таксама вуліцы Энгельса і на “перыферыі” таксама парамантавалі дарогі.
Ігар САСКАВЕЦ, прызыўнік:
- Нас з сябрамі радуе, што нарэшце з’явіўся маладзёжны цэнтр. Выдатна, што зрабілі дыскатэку. Хочацца адзначыць высокі ўзровень, на якім створаны маладзёжны цэнтр і ў плане мастацкага дызайну, і арганізацыі, і работы ў цэлым. Несумненна, будзе яшчэ больш цікавым, калі да нас вядомыя ў краіне выканаўцы будуць калі-нікалі наведвацца з канцэртамі. Яшчэ выдатна, што ёсць басейн, раней наведваўся, але цяпер не да таго, наперадзе служба ў арміі.
Уладзіслаў СІПАЙЛА, прызыўнік:
- Таксама рады з’яўленню маладзёжнага цэнтра. Мы рэгулярна туды наведваемся, праводзім час, удзельнічаем у розных шоу, мерапрыемствах, танцуем, весялімся.. Несумненна, для горада наяўнасць маладзёжнага цэнтра - гэта вялікі плюс. Таксама хачу адзначыць дабротнасць і надзейнасць цэнтральных дарог, ездзіць па цэнтральных вуліцах проста задавальненне.
Настасся ШУГАЛЕЙ, студэнтка індустрыяльна-педагагічнага каледжа:
- Паляпшэнні заўважныя добра. Знешні выгляд змяніўся ў лепшы бок. Дарогі сталі лепшымі, гэта адразу кідаецца ў вочы. Магазіны сталі больш сучаснымі, іх стала шмат, тым больш з рознымі накірункамі гандлёвай дзейнасці, ёсць куды схадзіць за таварамі, маецца шырокі выбар, можна больш купіць. Адкрыўся маладзёжны цэнтр, і моладзі, і дзецям таксама ёсць куды хадзіць у вольны час. Басейн вельмі добры, ходзім. У “Лазурном” можна займацца. Станоўчага шмат.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.