Бясплатная стрыжка для дзяцей

Date 25.08.2022 Man
Comment 455
Бясплатная стрыжка для дзяцей

Сёння ў цырульні індывідуальнай прадпрымальніцы Аліны Лебедзь на трэцім паверсе гасцініцы акцыя – бясплатная стрыжка для дзетак са шматдзетных і апякунскіх сем’яў.

Шчыруе сама гаспадыня салона, Аліна Лебедзь, потым на змену прыйдзе памочніца Кацярына Краўцова.

Чарга жадаючых пастрыгчыся сабралася з 9 гадзін раніцы – часу пачатку працоўнага дня ў цырульны і за першую гадзіну ўжо паспела некалькі дзяцей.

- Перад школай звычайна стрыгуць усіх дзетак, а дзіцячая стрыжка каштуе 15 рублёў, гэта кошт ва ўсіх цырульнях у Беразіно. Вось і ўявіце, калі сям’я шматдзетная, за адну толькі стрыжку давядзецца аддаць, умоўна кажучы, цэлы скарб, - тлумачыць Аліна Лебедзь. – Вось і вырашыла арганізаваць добрую справу, падтрымаць людзей.

Дарэчы, падобную акцыю прыгожая маладая жанчына праводзіць упершыню. Аднак досвед дабрачыннай дзейнасці ўжо маецца. Крыху раней яна арганізавала збор канцылярскіх школьных прылад, якія потым перадала ў Бярэзінскі сацыяльна-педагагічны цэнтр. На Новы год арганізоўвала збор салодкіх падарункаў дзецям.

- Звычайна я размяшчаю ў інстаграме пост з прапановай правесці акцыю. Допіс чытаюць кліенты цырульні, знаёмыя, і ідуць насустрач, дапамагаюць, - расказвае Аліна.

На пытанне, што натхняе рабіць падобныя рэчы, адказвае проста: любоў да дзяцей.

- У мяне самой дачушка Дамініка расце, ёй 4 гады. Таму я ведаю, як гэта часам няпроста – гадаваць нават адно дзіця. Уяўляю, як спраўляюцца сем’і, у якіх па двое,трое, пяцёра дзетак. Таму і ўзнікае шчырае жаданне дапамагчы. Для школьнікаў дакладных стрыжак няма. Звычайна стрыжом так, як захоча кліент: каму з чубам, каму без чуба, каму як падабаецца. Сёння ж працуем да 19.00, будзем кантраляваць час, але пастараемся пастрыгчы па магчымасці ўсіх жадаючых, хто паспее патрапіць у пазначаны тэрмін.

Дарэчы, Аліна Лебедзь – цырульнік з дзевяцігадовым стажам. Працавала адразу ў раённым камбінаце бытавога абслугоўвання, але потым вырашыла распачаць уласную справу, і вось ужо пяць гадоў мае ўласны салон, дзе з задавальненнем стрыгуцца і многія дарослыя. Ну, а сёння ж дзень асаблівы – для дзетак.

- Прывяла сёння дзетак пастрыгчыся, для людзей гэта вельмі добрая справа, - кажа шматдзетная матуля Ганна Старасценка. – У мяне 5 дзяцей: 4 сыночкі і дачушка. Вось Даніла ўжо пастрыжаны, зараз наступнае дзіця сядзе ў крэсла да майстра.

- Так, па шчырасці, мы ўсе вельмі ўзрадаваныя, гэта цудоўная акцыя, дапамагае шматдзетным сем’ям, - пацвярджае Вікторыя Лысенка, таксама шматдзетная маці. – У мяне тры дзяўчынкі і хлопчык. Такіх бы цырульнікаў ды пабольш!

З высновамі жанчын згадзіўся і Мацвей Аўтуховіч:

- У нас сям’я апякунская, двое дзетак, маці – галоўная, але яна зараз на рабоце, таму я прывёў дзетак сёння падстрыгчыся перад школай. Наконт акцыі магу сказаць толькі добрае, гэта вельмі карысная для нашай сям’і справа.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER