А яшчэ яны вельмі сціплыя, маўклівыя, удумлівыя, а асаблівай асалодай для душы з’яўляецца пабачыць уласны подпіс пад матэрыялам у газеце. Здагадацца ўжо няцяжка, што размова ідзе пра журналістаў. Аднак здараюцца выпадкі, калі яны ўсё ж пагаджаюцца шчыра пагаварыць і прыадкрыць сакрэты свайго друкаванага слова. Для нас такой нагодай стаў юбілей нашага калегі, былога загадчыка аддзела радыёвяшчання, намесніка рэдактара і рэдактара газеты “Бярэзінская панарама” Алы Альфер. Звыш трыццаці гадоў яе прозвішча нязменна стаяла пад шматлікімі матэрыяламі раённага выдання і чвэрць стагоддзя сваім прыемным голасам яна даносіла бярэзінцам апошнія навіны па радыё.
Дзякуй педагогам!
Яе першая невялічкая заметка была размешчана на першай паласе ў святочным нумары за 8 сакавіка яшчэ ў 1973 годзе. Яна мела назву “Першая настаўніца” і была падпісана “Ала Сярова, вучаніца 3-га класа Гарэніцкай СШ.”
– Мне так падабалася мая першая настаўніца, – расказвае Ала Уладзіміраўна, – што я вельмі хацела парадаваць яе на свята. Удзячна я сваім педагогам! Яны першымі разгледзелі ў мяне журналісцкі дар, калі параілі адправіць школьнае сачыненне ў рэдакцыю.
На жаль, праз столькі гадоў памяць не захавала ўспамінаў аб уражаннях ад першых друкаваных артыкулаў. Затое адразу запрыкмеціў таленавітую дзяўчынку тагачасны рэдактар Міхаіл Кулінковіч, бо ўсе яе школьныя заметкі аператыўна знаходзілі месца ў газеце і ішлі практычна без правак. Ды ён асабіста патэлефанаваў у школу і дамовіўся з дырэктарам, каб дзевяцікласніца Ала праходзіла абавязковую вытворчую практыку ў калектыве рэдакцыі. Яна цэлых два месяцы адпрацавала карэктарам.
– Творчая атмасфера рэдакцыі і друкарні адразу ўзяла мяне ў палон, – успамінае жанчына, – спадабаліся і людзі. Асаблівай дабрынёй запомніліся Міхаіл Сакаў, Павел Несцяровіч. Яны ставіліся да мяне з цеплынёй і спагадай. падтрымлівалі ва ўсім.
Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, юная Ала ніяк не марыла стаць журналістам. Куды больш яе вабіла настаўніцкая справа, і пасля заканчэння школы яна без ваганняў падае дакументы на філалагічны факультэт у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Праўда, стаць педагогам лёсам ёй было не наканавана. Да атрымання запаветнага студэнцкага білета ей не хапіла паўбала. Яна яшчэ некалькі месяцаў адпрацавала піянерважатай, а затым ізноў апынулася на ганку рэдакцыі.
Пачыналася ўсё з радыё
– На гэты раз мне давялося асвойваць для сябе радыё, – дадае Ала Уладзіміраўна. – Скажу па шчырасці, гэта было не вельмі проста, бо тут, як нідзе, мяжуецца творчы падыход з тэхнічнымі ўменнямі. Я ж пачынала працаваць на бабінным магнітафоне і практычна ўручную склейвала плёнку для перадачы. Нярэдка запіс зацягваўся да глыбокай ночы. Бо перадач было па тры альбо па дзве на тыдзень. А я яшчэ завочна вучылася на факультэце журналістыкі БДУ!
Пра тэхнічныя цяжкасці Ала Уладзіміраўна мала ўспамінае, бо ёй адкрыўся чароўны свет цікавых падарожжаў і запамінальных сустрэч. Дня не праходзіла, каб яна не была занята ў рэйдах ці іншых мерапрыемствах, не наладжвала інтэрв’ю і не пісала матэрыялы ў газету.
– Тады гэта было звычайнай практыкай і абавязкова запатрабавана рэдактарам, – успамінае Ала Уладзіміраўна, – ды і служыла мне выдатнай школай журналістыкі, бо ў мяне аднолькава ўдаваліся артыкулы пра цікавых людзей, сельскую гаспадарку, рэпартажы з мерапрыемстваў і інтэрв’ю, нарысы і замалёўкі.
Работа на радыё для журналіста – не толькі безліч тэм і самастойны выбар жанраў, але і вялікая адказнасць, бо ты адзін адбіраеш сабраны матэрыял, ставіш навіны і выбіраеш патрэбныя выказванні са шматгадзіннага інтэрв’ю. І з гэтай няпростай задачай журналіст Ала Альфер спраўлялася, бо яе перадачы па радыё былі ўпадабаны бярэзінцамі. Яна мела славу сярод калег і з цягам часу атрымала прапанову стаць намеснікам рэдактара.
– Не магу сказаць, што яна мяне ўзрадавала, – прызнаецца Ала Уладзіміраўна, – я разважала цэлы год. Разумела, што для мяне пачынаецца новая веха ў журналісцкай творчасці, якая яшчэ больш адбярэ мяне ў сям’і.
Новыя вяршыні
Развітвацца з радыё было няпроста, але зусім хутка на газетныя старонкі адзін за адным клаліся новыя рубрыкі і праекты, дзе кожны радок “страляў” трапнасцю і талентам журналіста, глыбінёй падачы і зацікаўленай пазіцыяй аўтара. Хто з бярэзінцаў не памятае праект “Бярэзінскія вандроўкі”, дзе кожная нават невялічкая вёсачка падавалася з такой любоўю і пяшчотай, а радкі аўтара надавалі ёй асаблівы каларыт. А яшчэ быў праект “Скажам дзякуй ветэранам”, дзе ўзгадваліся рэдкія факты пра франтавікоў і партызан, і яшчэ цэлы цыкл рубрык, прысвечаных дзейнасці мясцовых улад.
Ала Уладзіміраўна каля чатырох гадоў узначальвала калектыў рэдакцыі, змагалася за тыраж, шукала і навучала маладых спецыялістаў, вырашала шматлікія творчыя і вытворчыя задачы.
– З вышыні пражытых гадоў і свайго вопыту магу сцвярджаць, – гаворыць Ала Уладзіміраўна, – што журналістыка – найскладанейшая справа і патрабуе ад чалавека поўнай самааддачы і вернасці друкаванаму слову. Таму ў калектыве бярэзінскай рэдакцыі няма і ніколі не было выпадковых людзей, яна складаецца з журналістаў, якія не стамляюцца дзяліцца з чытачамі сваёй энергіяй і аптымізмам у кожным радку.
Будучы на заслужаным адпачынку, Ала Уладзіміраўна ізноў у журналісцкім страі. Яна адна з адміністратараў тэлеграм-канала “Berezino News”, і яе навіны тут цікавыя і запамінальныя, бо напісаны яе няўрымслівай душой.
– Юбілей буду святкаваць з блізкімі людзьмі, – гаворыць жанчына, – яны не толькі мой надзейны тыл, але і мая падтрымка. Ды і сярод шматлікіх віншаванняў абавязкова будуць пажаданні і размовы пра журналісцкую творчасць. У мяне ж дачка – журналіст. Прафесію выбірала сама і на цяжкасці не наракае, але заўсёды гатова са мной параіцца і нешта абмеркаваць. Ды і я не супраць, бо ведаю, журналістыка ёй па душы і прыносіць сапраўдную радасць!
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.