– Сёлета вясна была незразумелай, з-за умоў надвор’я на два тыдні прыпазнілася выспяванне кавуноў, першым пачаставаліся толькі 20 жніўня і вось на дадзены момант 6 ягад ужо сарвалі з грады, – расказвае Таццяна Фёдараўна. – Па-праўдзе, леташні год быў больш ураджайным. Аднак сёлета павінна выспець 70 кавуноў, а то нават і больш. Хоць апошнія дні жніўня і пачатак верасня надвор’е крыху прахалоднае, але спадзяюся, што цёпленька яшчэ будзе, гэта вельмі добра для ўраджаю. Кавуны дзе-нідзе па два растуць, некаторыя непрыкметныя пад лісцем.
Цікаўлюся, ці падкармліваецца нейкім чынам расада?
– Дык кароў трымаю, – тлумачыць гаспадыня. – Таму гной ідзе ў справу ў якасці ўгнаення, падкладваецца ў глебу вясною і восенню.
Дарэчы, ніводзін лапік зямлі ў Таццяны Калянковіч не пустуе, усё занята зяленівам, кусцікамі, садовымі дрэвамі розных гатункаў і пары выспявання. Таксама поўна кветак.
Растуць і персікавыя дрэўцы, сёлета ўжо можна было пачаставацца іх пладамі. Дарэчы, персікавых дрэў было пяць, але зараз засталося толькі тры. А вось груш шмат. Познія чакаюцца ў верасні. Звісаюць з галінак гронкамі грушы гатункаў “Просто Мария” і “Сокровище”, яны даўжэй захоўваюцца. Раннія ж гатункі ўжо адышлі. Вабяць вока яблынькі. У асобнай градзе выспяваюць у чаканні свайго часу дыні.
У парніках – памідоры, агуркі. Апошні збор ураджаю мяркуецца з наступленнем першых замаразкаў.
– Агуркоў сёлета шмат, – дзеліцца гаспадыня. – Сёння чатыры вядры зняла. Шчыра прызнацца, вясной адольвалі сумненні, ці з’явіцца завязь з-за халадоў, аднак усё тут нармалізавалася і добра парасло. І капуста, дзякаваць Богу, удала ўзялася. Давялося, праўда, на першых парах з вусенямі паваяваць, але справілася, цэлая плантацыя вырасла!
Уражвае і памер гарбузоў гатунку “Мускатны”. Адным гарбузом гаспадыня пахвалілася – даўжынёй амаль метр. Растуць таксама ўкроп, цыбуля. У асобных месцах красуецца прыгожы вінаград. Між іншым, цыбулю гатунку “Эксібішэн” вельмі смачна дадаваць у салаты. Сёлета самая вялікая цыбульная галоўка ўзважыла на 600 грамаў. Згадзіцеся, далёка не кожны можа пахваліцца падобным ураджаем з градак.
Адна бяда – сёлета шмат кратоў. Супраць іх маюцца спецыяльныя прылады – ветракі. Пад уздзеяннем ветру яны перадаюць вібрацыю ў глебу і адпужваюць гэтых падземных насельнікаў.
– Гародніну возім на рынак прадаваць. Вось зніму яшчэ памідоры і разам з агуркамі адвязём у Беразіно, на радасць сабе і людзям, – усміхаецца Таццяна Фёдараўна.
На просьбу раскрыць сакрэт добрага ўраджаю гаспадыня з задавальненнем дзеліцца жыццёвым вопытам:
– Сакрэт поспеху ў адным: любіць зямлю і працу на ёй. Бывае, у людзей пустазеллем падворак пабярэцца, і яны сядзяць, склаўшы рукі, чакаюць дапамогі ад дзяржавы. Трэба ж проста не ленавацца, а даглядаць зямлю, і яна аддзячыць.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.