Не шукаем лёгкіх шляхоў

Date 04.10.2022 Man
Comment 801
Не шукаем лёгкіх шляхоў

Чым заняцца чалавеку, які выйшаў на пенсію значна раней за звычайных людзей? Былы начальнік Бярэзінскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, эксперт-крыміналіст Юрый Корык вырашыў для сябе вярнуцца на грамадзянскую спецыяльнасць, якую атрымаў яшчэ да работы ў міліцыі.

– Ува мне жыве цвёрдае перакананне, у вартаўнікі падавацца варта выключна пасля 63-гадовага ўзросту і не раней. Калі ты ў сіле, трэба працаваць на карысць грамадства і росквіту краіны, – шчыра ўсміхаецца Юрый Мікалаевіч. – А таксама зарабляць грошы для сям’і, дзяцей, потым унукаў.

Сапраўды, для героя артыкула гэтыя словы не наіграны іранічны пафас. З гонарам выправіўшыся на пенсію ў 45 гадоў, пакінуўшы няпростую, але звычную працу эксперта-крыміналіста, Юрый Корык спачатку тры гады ўзначальваў раённы ДТСААФ, потым быў майстрам у Бярэзінскім участку ААТ “Белдругчормет”, а з 2021 года перайшоў у СУП “Аграмаз” на пасаду галоўнага інжынера – спецыяльнасці, якой авалодаў яшчэ падчас вучобы ў Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце.

 

У органы – па рэкамендацыі

- Наогул, калі прыгадваць, у жыцці ўсё складвалася неяк даволі паслядоўна. Пасля заканчэння ВНУ у 1994-м годзе пачаў працаваць галоўным інжынерам у калгасе “Высакагорскі”, потым перавёўся ў гаспадарку ў Міхалёва. У 90-я гады на работу ў аддзел унутраных спраў патрапіць было не так проста, як можа падацца.

Мне, як лепшаму cпецыялісту, калгас выпісаў рэкамендацыю на працу ў міліцыі. Дарэчы, пашчасціла ў тым, што калі вучыўся, была ваенная кафедра, таму ў РАУС я ўжо прыйшоў са званнем старшага лейтэнанта. Лагічнае пытанне: чаму адразу патрапіў у эксперты-крыміналісты? Была свабодная пасада і тагачасны “кадравік” Анатоль Лагун шчыра па-сяброўску, як калега, параіў. Анатоль Кандратавіч так і сказаў: “Павер мне, лепшай пасады ў жыцці няма”.

 

Непазбежныя аспекты

У прафесіі эксперта-крыміналіста непазбежны і змрочны аспект работы, які патрабуе наяўнасці моцных нерваў і ўстойлівай псіхікі. Пра гэта можа і мала пішуць, але ж з песні, вядомая справа, слоў не выкінуць.

– Выезд на першае крымінальнае здарэнне, звязанае з забойствам, ніколі не забудзецца, – уздыхае Юрый Мікалаевіч. – У Дзмітравічах унук закалоў віламі дзядулю, “выбіваў” грошы. Варта зазначыць, тую справу хутка раскрылі.

Яшчэ ніколі не выпадзе з памяці жахлівае дарожна-транспартнае здарэнне ў Паплавах, калі легкавая машына на вялікай хуткасці ўрэзалася ў “Маз” і бамперам грузавой машыны ў легкавіку зрэзала дах, загінула цэлая сям’я. У тыя моманты пачалі адольваць сумненні, а ці тую справу я для сябе выбраў? Аднак гэта было ў першыя гады, потым усё нармалізавалася, пайшло па накатанай: злачынствы, здарэнні, справаздачы…

Можна сказаць, не паспеў азірнуцца, як на службе праляцеў 21 год і ў 2016-м наступіла пара пенсіі. Дарэчы, прапаноўвалі затрымацца яшчэ на пяць гадоў, аднак я вырашыў, як кажуць, на пенсію пайсці “прыгожа”, выспеў патрэбны ўзрост і, калі ласка, дарогу маладым. І вось з сённяшняй вышыні палёту маладым параю так: не скачыце з месца на месца, дапрацуйце да 45 гадоў, бо калі ты набыў досвед у сваёй галіне, то лепш ісці па накатанай каляіне, яно правільна.

 

Абавязкі і прынцыпы

На былой рабоце Юрыя Мікалаевіча не забываюць, калегі заўсёды віншуюць са святамі, днямі нараджэння, дый проста прыязджаюць у госці праведаць былога начальніка.

– Калі ўтварыўся дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, мы адразу ўдваіх працавалі, – расказвае начальнік Бярэзінскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Міхаіл Ходас. – Пасля з’явіўся трэці супрацоўнік, эксперт-крыміналіст Андрэй Толкач. Можна сказаць, што Юрый Мікалаевіч нас усіх навучыў справе і праявіў сябе як добры настаўнік, якому мы ўдзячныя.

На сённяшні дзень у Юрыя Корыка шэраг выключна грамадзянскіх задач і рабочых абавязкаў. Галоўны інжынер у адміністратыўным апараце гаспадаркі – гэта першая асоба пасля намесніка, на плячах і ўборачная з пасяўной кампаніямі, і зімовы перыяд, і сяўба азімых, карацей, усё, чым жыве сельская гаспадарка, і што звязана з прымяненнем і выкарыстаннем тэхнікі. У падпарадкаванні ўвесь калектыў механізатараў і вадзіцеляў.

Чым заняцца чалавеку, які выйшаў на пенсію значна раней за звычайных людзей? Былы начальнік Бярэзінскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, эксперт-крыміналіст Юрый Корык вырашыў для сябе вярнуцца на грамадзянскую спецыяльнасць, якую атрымаў яшчэ да работы ў міліцыі.

Гэтаму ж цяперашні галоўны інжынер “Аграмаза” вучыць і дзяцей. Старэйшы сын Яўгеній пайшоў па слядах таты. Пасля вучобы ў Магілёўскім беларуска-расійскім універсітэце адпрацаваў майстрам у дарожнай арганізацыі, пасля служыў у арміі ва ўнутраных войсках у роце спецназа, зараз жа працуе дзяжурным у Бярэзінскім РАУС.

Сын Мікіта вучыцца ў тэхналагічным універсітэце на інжынера лясной гаспадаркі. Дачка Інга – у фізкультурным універсітэце. На памяць жа аб рабоце экспертам-крыміналістам засталася ўзнагарода “За бездакорную службу” ІІІ ступені, розныя граматы і падзячныя лісты, і вялікі досвед, якім пры неабходнасці Юрый Мікалаевіч дзеліцца з калегамі.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER