Высакародная дама каралеўскага паходжання

Date 11.10.2022 Man
Comment 475
Высакародная дама каралеўскага паходжання

Думаеце, перавяліся такія ў наш час і іх ужо не сустрэць? Памыляецеся, запэўніваю вас. З адной такой дамай асабіста я сустрэўся літаральна на мінулым тыдні. І дзе б вы думалі? Прама ў Беразіно, а дакладней, на бярэзінскім вытворчым участку ААТ “Здравушка-мілк”. Яна там працуе. Кантралёрам харчовай прадукцыі.

 

Раскрываем тайну

Сваім шляхетным тытулам Таццяна абавязана прозвішчам: як дзявоцкаму, так і па мужу. Спачатку яна была Таццянай Кароль, а затым памяняла яго на не менш прыстойнае – Благародная (па-беларуску – высакародная). І хоць наша гераіня і не паходзіць з паноў або магнатаў, у сваім характары і паводзінах яна ўсё ж мае рысы чалавека неардынарнага. І праяўляецца гэта перш за ўсё ў яе стаўленні да жыцця, да людзей, да выканання даручанай справы.

Пазітыў і аптымізм – вось тыя якасці, якія вылучаюць Таццяну Благародную. Яна заўсёды імкнецца быць запатрабаванай і ніколі марна не губляе часу, дзелячы яго паміж работай і дамашнімі справамі, якіх хапае ў мнагадзетнай маці. Так, Таццяна выхоўвае траіх дзетак.

 

Канстанцін, Ягор і Вікторыя

Як прызнаецца сама жанчына, задачу стаць мнагадзетнай матуляй яна перад сабой не ставіла, хаця муж і паходзіць з сям’і, у якой было шасцёра дзяцей.

– Мне вельмі хацелася мець дачушку, – прызнаецца Таццяна, – але на свет адзін за адным з’явіліся хлопчыкі. І толькі на трэці раз нам пашанцавала. Сёння Вікторыя – агульная любіміца ўсёй сям’і. Бачылі б вы, як абажаюць яе старэйшыя брацікі! Яны – мае надзейныя памочнікі і апора.

Старэйшаму Канстанціну ўжо 16 гадоў. Удумлівы і сур’ёзны юнак. Вялікі аматар спорту. Займаецца валейболам і футболам, рэгулярна наведвае басейн, у далейшых яго планах – паступленне ў інстытут фізічнай культуры.

Маўклівы Ягор мае іншае захапленне: авалодвае ігрой на акардэоне. А чатырохгадовая Вікторыя, якая ні мінуты не можа ўседзець на месцы (нават у час фатаграфавання ні на хвіліну не пераставала рухацца), пакуль што наведвае дзіцячы садок. На пытанне, за што яна любіць матулю, шчыра адказала: “За тое, што яна любіць усіх нас!”.

З гэтай думкай поўнасцю згодна сама маці: а як жа можна не любіць сваіх дзетак, калі яны для цябе і сэнс жыцця, і стымул, і радасць, і шчасце. Шчасце, якое ствараеш сваімі рукамі. І чым больш праходзіць часу, тым усё больш адчувальным становіцца гэтае пачуццё, калі бачыш, што твае намаганні, а іншы раз і бяссонныя ночы, даюць свой плён.

– Мацярынства – вельмі адказная місія жанчыны, яе прызначэнне. І разам з тым гэта і найвялікшае шчасце, якое ні з чым не параўнаеш, – гаворыць Таццяна Благародная. – Выгадаваць і паставіць на ногі траіх дзяцей, даць ім усё неабходнае (а гэта перш-наперш веды, выхаванне, годныя ўмовы для развіцця і самарэалізацыі) - вельмі няпроста.

Бацькі ў адказе за сваіх дзяцей. Мы разумеем гэта і прыкладаем усе намаганні, каб нашы сыны і дачушка сталі годнымі людзьмі і занялі сваё месца ў жыцці. Прывучаем іх уласным прыкладам да дысцыпліны і адказнасці, разам праводзім шмат часу, што аб’ядноўвае сям’ю, збліжае.

За 16 гадоў сумеснага жыцця ў гэтай сям’і з’явілася шмат традыцый і агульных мерапрыемстваў. Так, аддушынай для ўсіх з’яўляюцца калектыўныя выезды на дачу ў вёску Гурэшчына. Свежае паветра, актыўны адпачынак, іншы раз сустрэчы з сябрамі заўсёды праходзяць цікава і весела. Тут можна не толькі папрацаваць фізічна, але і прыгатаваць шашлыкі, пагушкацца на арэлях, папарыцца ва ўласнай лазні. Сямейныя “вылазкі” бываюць і на больш далёкія адлегласці – у Мінск. А правесці там цікава вольны час ёсць дзе.

 

Даследчыца

Вялікая адказнасць кладзецца на Таццяну Благародную і на рабоце, бо быць кантралёрам прадукцыі зусім няпроста і клопатна. У чым заключаюцца абавязкі жанчыны? Яе галоўны клопат – вызначыць якасць паступаючага на вытворчасць малака.
– Камусьці можа мая работа падацца нецікавай і манатоннай. Мне ж яна вельмі падабаецца, бо кожны раз я адчуваю сябе сапраўдным даследчыкам. А гэта захапляе.

На прадпрыемстве Таццяна ўжо пяць гадоў і добра ўлілася ў калектыў. Крыху меншы стаж мае муж. Ён з’яўляецца вадзіцелем пагрузчыка. Так што разам яны не толькі дома, а і на рабоце. Праўда, бачыцца выпадае вельмі рэдка, бо ў кожнага свае абавязкі і ўчастак. Але на работу выпраўляюцца разам на аўтамабілі.

 

І радаваць блізкіх

– За час сумеснага жыцця мы з мужам не страцілі сваіх пачуццяў. Паміж намі пануюць узаемапавага, давер, клопат адзін пра аднаго, каханне. Менавіта гэтыя якасці і з’яўляюцца падмуркам сям’і, сямейнага шчасця і ладу. Яны ж з’яўляюцца прыкладам для пераймання дзецям, – разважае жанчына.

– А напярэдадні Дня маці хачу пажадаць усім жанчынам перш за ўсё моцнага здароўя, бо калі яго не хапае, поўнасцю шчаслівым сябе адчуваць не зможаш. Жадаю, каб жылі ўсе ў міры і дастатку, няхай вас заўсёды радуюць вашы дзеці. І самі таксама не забывайце радаваць сваіх блізкіх.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Шчасце ў жыцці – дзеці Маці, бабуля і педагог »