У той дзень, калі мы сустрэліся паразмаўляць пра жыццё ўрача і мамы, Дар’я спяшалася на сямейнае свята – у старэйшага сына Вані быў дзень нараджэння, якое традыцыйна адзначаецца ў крузе сям’і разам з каханым мужам, бацькамі, бабулямі і дзядулямі.
Асаблівы падарунак для дзіцяці, канькі, якраз па ўзросце, хлопчыку споўнілася 9 гадоў.
Мая суразмоўца – малады спецыяліст. Летась закончыла Мінскі беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, потым быў яшчэ год інтэрнатуры. Сама з Беразіно. Акрамя ўсяго, Дар’я Шаўрова яшчэ і клапатлівая маці.
Вызначыцца з прафесіяй
– Да класа 9-га ў школе дакладна не магла вызначыцца, кім пасля стаць. Хоць ужо амаль вырашыла быць урачом, але мяне яшчэ цікавіла мастацтва, вучылася ў класе з ухілам у выяўленчае мастацтва. Дарэчы, спявала ў школьным хоры, а потым і ў праваслаўным царкоўным: бабуля наведвалася ў храм і ў дзяцінстве брала мяне з сабою. У СШ №3, дзе я вучылася, выдатна выкладалася біялогія, настаўніца Галіна Чульба ўмела зацікавіць сваім прадметам, прывіць да яго любоў. Мне выпадала ўдзельнічаць у алімпіядах. І ў канчатковым выніку наступіла ўсведамленне, што медыцына – гэта менавіта мая сцежка. У медыцынскі ўніверсітэт паступіла ў 2010-м годзе. Праўда, вучылася вельмі доўга, бо тры разы брала акадэмічны водпуск у сувязі з нараджэннем дзяцей.
Чаму педыятрыя
– Вучыцца медыцыне было вельмі цікава, ніколі не пашкадавала. Можна спытацца, чаму менавіта выбрала педыятрыю, а не хірургію ці псіхіятрыю? Проста люблю дзетак, неяк адразу наплыло ўсведамленне, што буду лячыць менавіта дзяцей, а не дарослых.
Успамінаецца, як падчас вучобы былі выпадкі, калі асобныя студэнты, будучыя тэрапеўты, дзяліліся меркаваннямі наконт спецыялізацыі, сцвярджалі, што дзяцей лячыць чамусьці ім не падабаецца. Мабыць, тут іграе ролю пэўны псіхалагічны фактар. Дзеткі ў параўнанні з дарослымі больш пяшчотныя, патрабуюць большай увагі, таму для іх лячэння патрабуецца асаблівае прызванне. Са мною ж усё па-іншаму ў дадзеным плане.
Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, мне з імі лягчэй. Таму я адразу адчула ў гэтым уласнае прызванне, і нават не разглядала нейкія іншыя спецыялізацыі.
Удзячнасць мужу
Дар’я з будучым мужам Аляксандрам пазнаёмілася ў царкоўным хоры. Праваслаўная хрысціянская вера і сумесныя заняткі ў хоры зблізілі і замацавалі ўзаемныя пачуцці. Сям’ю ўтварылі ў 2013 годзе. Вера, надзея і любоў у Шаўровых заўсёды на першым месцы. Сямейныя святы, дні нараджэння, Новы год, Вялікдзень, Нараджэнне Хрыстова адзначаюцца ў сямейным крузе. Гадавіны вяселля сустракаюць з падарункамі адзін другому.
– Наогул, я вельмі ўдзячная мужу, – дзеліцца Дар’я Пятроўна. – Згадзіцеся, не кожны муж адпусціць жонку на вучобу, асабліва калі нараджаецца трэцяе дзіця. А майму Сашу даводзілася і з дзецьмі сядзець, і ў садзік адводзіць, і гаспадарчыя клопаты на сябе браць, і паспяваць на рабоце.
Праўда, дапамагалі яшчэ і бацькі, ім я таксама вельмі ўдзячная. Наогул, мне пашанцавала з мужам і роднымі, менавіта дзякуючы іх падтрымцы здзейснілася мая мара вывучыцца і стаць урачом. Асаблівы клопат быў у апошнюю палову года вучобы, калі яшчэ інтэрнатуру праходзіла, даводзілася штодзень ездзіць у Мінск. Мама ўзяла дэкрэтны водпуск і таксама глядзела за маленькай дачкой.
Дораць радасць
- Я і сама са шматдзетнай сям’і. У мяне два браты і малодшая сястра, з якой 11 гадоў розніцы ва ўзросце. Таму да дзяцей заўсёды асаблівае стаўленне. Дзеткі, яны ж наша шчасце. Наш старэйшы Ваня ходзіць у 3 клас, на піяніна іграе, ужо другі год займаецца ў школе мастацтваў па класе фартэпіяна. Сярэдні Міша пайшоў у першы клас пачатковай школы, плануе наведваць гурток малявання, ён уважлівы, уседлівы, прыкмячае тонкасці навакольнага свету. Малодшай Ксюшы 4 гады, у яе таксама праяўляюцца творчыя здольнасці. Дзеці наведваюць нядзельную школу Нікольскага храма, на старэйшага ўжо можна пакідаць меншых. Дзеткі дораць нам з мужам радасць і натхненне. Лічу, што ў дзецях неабходна выхоўваць хрысціянскія каштоўнасці, і дарослым варта быць у тым прыкладам. Гэтымі перакананнямі і кіруемся!
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.